род кветкавых раслін сям. сітнікавых. Больш за 250 відаў. Пашыраны ва ўмерана цёплых і халодных абласцях, некат. — у высакагор’ях тропікаў і субтропікаў. На Беларусі 19 відаў. Найб. вядомыя С.: ніткападобны (J. filiformis), разгалісты (J. effusus), рапухавы (J. bufonius), скучаны (J. conglomeratus), сплюшчаны (J. compressus), членісты (J. articulatus). Трапляюцца на балотах, па берагах вадаёмаў.
Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны выш. ад 2—3 да 80—90 см. Сцёблы шматлікія, цыліндрычныя. Ніжняе лісце лускападобнае, сцябловае — з цыліндрычнай голай пласцінкай, часам усё лісце лускападобнае. Кветкі бураватыя ці зеленаватыя, адзінкавыя або сабраныя ў пучкі. Плод — каробачка. Сцёблы некат. відаў выкарыстоўваюць для пляцення вырабаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМА́ШЫЦЫ,
балота на ПдЗ Пінскага р-на Брэсцкай вобл., у вадазборы р. Піна. Нізіннага тыпу. Пл. 5,9 тыс.га, у межах прамысл. пакладу 3,9 тыс.га. Глыб. торфу да 3,8 м, сярэдняя 1,6 м. Паўн.ч. балота асушана, выкарыстоўваецца пад ворыва і сенажаць. Паўд.ч. ў натуральным стане. Растуць вярба, сітнік, асокі; часткова выкарыстоўваецца пад сенажаць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУК,
балота ў цэнтр.ч. Пінскага р-на Брэсцкай вобл., у пойме р. Ясельда. Нізіннага тыпу. Пл. 6,6 тыс.га, у межах прамысл. пакладу 3,6 тыс.га. Глыб. торфу да 4 м, сярэдняя 1,1 м. Большая ч. балота асушана, пад ворывам і сенажаццю. На неасвоеных участках хмызняк з вольхі і бярозы, асака, сітнік, трыснёг і чарот.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЛУ́ДАЧКІ ГАЛАЎНО́ГА МО́ЗГА,
поласці ўнутры галаўнога мозга, дзе размешчаны сасудзістыя спляценні, што выпрацоўваюць цэрэбраспінальную вадкасць. Яна запаўняе Ж.г.м., потым па ліквораправодных шляхах выходзіць на аснову мозга і распаўсюджваецца па вонкавай паверхні галаўнога і спіннога мозга. Усяго Ж.г.м. — 4, поласці іх сазлучаныя. Пры паталогіі (вентрыкуліты, менінгаэнцэфаліты, кровазліцці, пухліны і інш.) парушаецца цыркуляцыя цэрэбраспінальнай вадкасці з частковай ці поўнай аклюзіяй ліквораправоднай сістэмы. Прыкметы: моцны галаўны боль, моташнасць, ірвота, галавакружэнне, павышаны артэрыяльны ціск і тэмпература цела, вокарухальныя і вестыбулярныя парушэнні. У цяжкіх выпадках — сімптомы ўшчымлення ствала галаўнога мозга, прыступы дэцэрэбрацыйнай рыгіднасці і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́ДНІ МОЗГ,
аддзел цэнтральнай нервовай сістэмы паміж сярэднім і прадаўгаватым мозгам, які складаецца з вароліева моста і мазжачка.
У вароліевым мосце мноства папярочных і падоўжных нерв. валокнаў, сканцэнтраваны рухальныя і адчувальныя шляхі ц. н. с., размешчаны сеткападобная рэтыкулярная фармацыя (каардынуе дзейнасць сістэм, што рэгулююць вегетатыўна-вісцэральныя і сенса-маторныя функцыі арганізма), ядры некаторых чэрапна-мазгавых нерваў, цэнтры, што рэгулююць слінацячэнне, міганне, голасаўтварэнне. Мазжачок размешчаны ў задняй чарапной ямцы пад патылічнымі долямі паўшар’яў вял. мозга; вытворнае задняга мазгавога пузыра. Інтэгруе інфармацыю ад мышачных рэцэптараў, вестыбулярнай сістэмы, маторных цэнтраў; каардынуе работу мышцаў; рэгулюе мышачны тонус.