Сіманава І. А. 12/662

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАБІ́Н (франц. carabine ад араб. караб — зброя),

1) укарочаная і аблегчаная вінтоўка. З’явілася ў 15 ст., выкарыстоўвалася асабовым складам кавалерыі і артылерыі. Бываюць гладкаствольныя і наразныя, магазінныя і аўтаматычныя. У Сав. Арміі выкарыстоўваўся К. узору 1938 і 1944, а таксама самазарадны К. сістэмы С.​Г.​Сіманава ўзору 1945 (з магазінам на 10 патронаў, прыцэльная далёкасць стральбы 1 км, скарастрэльнасць 35—40 стрэлаў за мінуту). К. наз. таксама паляўнічую вінтоўку, з якой палююць на буйнога звера.

2) Кручок (зашчапка) з спружыновай часткай, якая адкрываецца ў сярэдзіну. Выкарыстоўваецца для падвешвання (замацавання) вяровак, такелажных рамянёў, у дарожных сумках, ланцужках, павадках і інш.

Карабіны: 1 — з калясцовым замком (Германія, 1540); 2 — карабін Генры (ЗША, 1892); 3 — самазарадны С.​Г.​Сіманава (СССР, 1945).

т. 8, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЛО́Ў (Дзмітрый Мікалаевіч) (20.5.1892, г. Спаск-Разанскі, Расія — 19.12.1955),

рускі акцёр. Нар. арт. Расіі (1943). Скончыў тэатр. школу П.​І.​Ільіна (1918, Харкаў). У 1922—44 у Маскоўскім т-ры Рэвалюцыі, з 1944 у МХАТ. Вострахарактарны акцёр. Яго мастацтва адметнае шчырасцю, мяккім гумарам і гратэскавай сатырычнасцю. Сярод роляў: Юсаў («Даходнае месца» А.​Астроўскага), Глоба («Рускія людзі» К.​Сіманава), Трыстан («Сабака на сене» Лопэ дэ Вэгі). Дзярж. прэмія СССР 1947.

т. 1, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЕ́РМЕН ((Clurman) Харалд) (18.9.1901, Нью-Йорк — 1980),

амерыканскі рэжысёр і тэатр. крытык. Вучыўся ў Амер. лабараторным т-ры ў Нью-Йорку. У 1924 у т-ры «Грынуіч вілідж плейхаўс», у 1925—31 у «Гілд-тыэтр». Адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў незалежнага тэатра «Груп» (1931—41). Ставіў п’есы К.​Одэтса («Прачніся і спявай», 1935, і інш.), У.​Сараяна, спектаклі ў т-рах на Брадвеі («Рускія людзі» К.​Сіманава, 1945, і інш.). У 1963—64 кансультант Лінкальнаўскага цэнтра мастацтваў. Аўтар крытычных артыкулаў па праблемах тэатра.

т. 8, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРУ́ЙСКІ АБЛАСНЫ́ ДРАМАТЫ́ЧНЫ ТЭА́ТР.

Існаваў у 1941, 1944—47 у Бабруйску. Маст. кіраўнікі: К.​Стэцкі, М.​Кавязін (з 1945). У рэпертуары былі: «Надзвычайны закон» бр. Тур і Л.​Шэйніна, «Жыццё вучыць» В.​Галаўчынера, «Лодачніца» М.​Пагодзіна, «Праўда добра, а шчасце лепш» А.​Астроўскага, «Дама-невідзімка» П.​Кальдэрона, «Лісічкі» Л.​Хелман, «Каварства і каханне» Ф.​Шылера, «Рускае пытанне» К.​Сіманава і інш. У 1947 пераведзены ў Гродна (гл. Гродзенскі абласны драматычны тэатр).

Літ.:

Нефед В.И. Николай Ковязин: Жизнь и творчество: Исслед. Свидетельства. Воспоминания. Мн., 1990. С. 36—54.

т. 2, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСКАНЯ́Н (Арус Тыгранаўна) (10.5.1899, г. Стамбул, Турцыя — 20.7.1943),

армянская актрыса. Нар. арт. Арменіі (1935). Сцэн. дзейнасць пачала ў 1908 у Стамбуле. З 1910 выступала ў т-рах Баку, Тбілісі, з 1921 адна з вядучых актрыс Першага Дзярж. т-ра Арменіі ў Ерэване (цяпер Т-р імя Г.​Сундукяна). Яе майстэрства адметнае сцэн. культурай, тонкай распрацоўкай дэталей, дакладнасцю сцэн. формы. Сярод роляў: Сона, Сусан («Злы дух», «Намус» А.​Шырванзадэ), Антыгона (аднайм. п’еса Сафокла), лэдзі Макбет («Макбет» У.​Шэкспіра), Кацярына, Кручыніна («Навальніца», «Без віны вінаватыя» А.​Астроўскага), Марыя Мікалаеўна («Рускія людзі» К.​Сіманава).

т. 4, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІ ДРАМАТЫ́ЧНЫ ТЭА́ТР.

Працаваў у Магілёве ў 1946—49. Створаны на базе пераведзенага Гомельскага драм. т-ра. Маст. кіраўнік М.​Нікіцін, з 1947 А.​Данаці. Ставіліся п’есы бел. і рус. драматургаў, замежная класіка: «Канстанцін Заслонаў» А.​Маўзона, «Жаніцьба Бальзамінава», «Позняе каханне» А.​Астроўскага, «Апошнія» М.​Горкага, «Даўным-даўно» А.​Гладкова, «Рускае пытанне» К.​Сіманава, «Гаспадыня гасцініцы» К.​Гальдоні і інш. У т-ры працавалі рэж. С.​Астравумаў (таксама і акцёр), В.​Меяроўскі, М.​Рэхельс, акцёры М.​Абрамаў, Л.​Весніна, В.​Казакова, Г.​Качаткова, Я.​Палосін.

Дз.​У.​Стэльмах.

т. 9, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБО́ЙМА,

1) прыстасаванне для размяшчэння некалькіх патронаў. Прызначана для больш спрошчанага і паскоранага зараджання (падрыхтоўкі магазінаў стралк. зброі — вінтовак, карабінаў, аўтаматаў, некаторых пісталетаў, кулямётаў і малакаліберных гармат). Абойма — метал. рамка, якая ўстаўляецца ў магазінную каробку агнястрэльнай зброі. У некаторых відаў зброі выкарыстоўваецца як дэталь, што ўтрымлівае і накіроўвае патроны пры іх дасылцы з магазіна ў патроннік.

2) Дэталь, прыстасаванне ў выглядзе скабы, абруча з паласавога жалеза, якія служаць для змацавання частак машын, збудаванняў і інш.

Абоймы: 1 — да вінтоўкі ўзору 1891/30; 2 — да самазараднага карабіна Сіманава; 3 — да вінтоўкі з пачкавым набіваннем; 4 — да аўтаматычнай пушкі.

т. 1, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫ́БАЎ (Аляксей Мікалаевіч) (31.1.1902, Масква — 26.11.1977),

рускі акцёр. Нар. арт. СССР (1948). Герой Сац. Працы (1972). З 1924 у МХАТ. Ствараў драм. і камедыйныя вобразы, псіхалагічна распрацаваныя, натуральныя, сцэнічна выразныя: Сабакевіч («Мёртвыя душы» паводле М.​Гогаля), Чабутыкін, Фірс («Тры сястры», «Вішнёвы сад» А.​Чэхава), Фама Апіскін («Сяло Сцяпанчыкава і яго жыхары» паводле Ф.​Дастаеўскага), Лука («На дне» М.​Горкага), Глоба («Рускія людзі» К.​Сіманава), Няпрахін («Залатая карэта» Л.​Лявонава). З 1935 здымаўся ў кіно: «Вяселле», «Без віны вінаватыя», «Верныя сябры», «Паласаты рэйс», «За ўсё ў адказе» і інш. Дзярж. прэміі СССР 1942, 1946, 1951, 1952 і Расіі 1974 за тэатр. работы.

т. 5, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАНЯВЫ́ (Леанід Сяргеевіч) (н. 17.12.1928, Кіеў),

рускі акцёр. Нар. арт. СССР (1987). Скончыў Ташкенцкі ін-т тэатр. мастацтва (1950), Школу-студыю МХАТ (1955). На сцэне з 1950. З 1961 у Маскоўскім драм. т-ры на Малой Броннай, з 1988 у т-ры «Ленком». Акцёр шырокага творчага дыяпазону. Сярод роляў: Лыняеў («Ваўкі і авечкі» А.​Астроўскага), Блахін («Казкі старога Арбата» А.​Арбузава), Сярпілін («Салдатамі не нараджаюцца» паводле К.​Сіманава). З 1965 здымаецца ў кіна- і тэлефільмах: «Семнаццаць імгненняў вясны» (Дзярж. прэмія Расіі імя бр. Васільевых, 1976), «Выконваючы абавязкі», «Узброены і вельмі небяспечны», «Той самы Мюнхаўзен», «Пакроўскія вароты», «Нябёсы запаветныя» і інш.

т. 3, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)