ПІСТАЛЕ́Т-КУЛЯМЁТ,

індывідуальная аўтаматычная зброя высокай скарастрэльнасці, прызначаная для паражэння жывой сілы ў блізкім баі. Спалучае партатыўнасць пісталета і бесперапыннасць кулямётнага агню. Калібр 7,62—11,43 мм. Сілкаванне ад магазінаў скрыначнага (25—35 патронаў) або барабаннага (71 патрон) тыпу; тэмп стральбы 450—1000 стрэлаў/мін.

Створаны італьянцам А.​Рэвелі (1915), у Расіі — У.Р.Фёдаравым (1916), у СССР — Ф.В.Токаравым (1927). На ўзбраенні Чырв. Арміі П.-к. канструктараў В.А.Дзегцярова (ПКД-40), Г.С.Шпагіна (ПКШ-41), А.І.Судаева (ПКС-43) і інш.; у герм. арміі — МР-38-40, амер. — МЗ, брыт. «Стэн», фінл. «Суомі». Шырока выкарыстоўваліся ў 2-ю сусв. вайну; звычайна наз. аўтаматамі.

На ўзбраенні сучасных армій шэрагу краін амер. «Інгрэм», італьян. «Берэта», аўстр. «Штэер», ізраільскі «Узі» і інш. У арміях краін СНД больш пашыраны аўтаматы сістэмы М.Ц.Калашнікава і інш., якія выкарыстоўваюцца замест П.-к.

Літ.:

Гл. пры арт. Зброя.

Пісталеты-кулямёты: 1 — ПКС (Расія); 2 — «Берэта» (Італія); 3 — «Хеклер і Кох» (Германія).

т. 12, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСТАЯ́ННАГА ТО́КУ МАШЫ́НА,

электрычная машына для ўзаемнага пераўтварэння мех. энергіі вярчэння і эл. энергіі пастаяннага току, а таксама для пераўтварэння адной формы эл. энергіі ў другую. Можа працаваць у рэжыме электрычнага генератара, электрычнага рухавіка, пераўтваральніка электрычнага. Усе П.т.м. — калектарныя машыны.

Складаецца з нерухомай (індуктара) і рухомай (якара) частак, раздзеленых зазорам. У пазы якара ўкладваецца абмотка з паслядоўна злучаных секцый, якія электрычна злучаны з пласцінамі калектара. На індуктары замацоўваюцца полюсы з абмоткай узбуджэння, што стварае нязменны магн. паток. Пры вярчэнні якара ў адпаведнасці з законам электрамагнітнай індукцыі ў секцыі абмоткі якара індуктуецца пераменная эрс і калектарам з шчоткамі пераўтвараецца ў пульсоўную эрс. У вонкавым ланцугу, падключаным да шчотак, ток цячэ ў адным кірунку — ад дадатнай шчоткі да адмоўнай (адбываецца выпрамленне пераменнага току). Каб згладзіць пульсацыі выпрамленага току і атрымаць пастаянную эрс, абмотка якара збіраецца з вял. колькасці секцый, кожная з якіх далучаецца да адпаведнай калектарнай пласціны. Генератары пастаяннага току робяцца з незалежным узбуджэннем (сілкаванне абмоткі ўзбуджэння ад незалежнай крыніцы) ці з самаўзбуджэннем (ток паступае з якара генератара). Адпаведна спосабу злучэння абмоткі ўзбуджэння з абмоткаю якара адрозніваюць генератары паралельнага, паслядоўнага і змешанага ўзбуджэння. Рухавікі пастаяннага току, як і генератары, робяцца таксама з незалежным, паралельным, паслядоўным і змешаным узбуджэннем. Магутнасць П.т.м. ад доляў вата да дзесяткаў тысяч кілават, ккдз да 0,96. Выкарыстоўваюцца ў прам-сці (у пракатных станах, экскаватарах, станках, шахтавых пад’ёмніках, зварачных апаратах), на транспарце (электрапрывод суднаў, электравозаў, тралейбусаў, трамваяў) і інш.

Б.​І.​Фірага.

Пастаяннага току машына: а — прынцыповая схема (1 — пласціна калектара, 2 — шчотка, 3 — віток проваду на якары, 4 — нагрузка); б — калектарны генератар (1 — ротар, або якар; 2 — калектар; 3 — шчотка; 4 — статар; 5 — вентылятар).

т. 12, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)