ГЛІВІ́ЦЫ (Gliwice),

горад на Пд Польшчы, у Катавіцкім ваяв. Вядомы з 13 ст. 216 тыс. ж. (1992). Чыг. вузел, порт на Глівіцкім канале. Важны прамысл. цэнтр у Верхнесілезскай агламерацыі. Вугальныя шахты, чорная металургія, коксахімія, цяжкае і пад’ёмна-трансп. машынабудаванне, эл.-тэхн., хім., харч. прам-сць. Сілезскі політэхн. ін-т. Т-р аперэты. Музей. Касцёлы: гатычны (15 ст.), познагатычны (15, 16 ст.), барочны касцёл і кляштар рэфарматаў (17 ст.).

т. 5, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВА́РТНІК (ад польск. kwartnik чвэрць),

польская сярэбраная манета, роўная паўгроша, 1/96 польскай грыўні. Чаканіўся з 13 ст., у 14—16 ст. меў некалькі разнавіднасцей: сілезскі (лігатурная Maca 1,7 г, упамінаецца каля 1294 і да 1325—30), кракаўскі (маса 1,6 г, 1337—1403), львоўскі, або рускі (маса 1,6 г, 1340—79), паморскі (маса 0,46 г, чаканіўся ў Шчэціне, пазней у інш. гарадах Зах. Памор’я з 1408 і да 16 ст.). З канца 14 ст. адпавядаў 3 дэнарыям і называўся тэрнарыем, траяком.

т. 8, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮТАСЛА́ЎСКІ ((Lutosławski) Вітольд) (25.1.1913, Варшава — 7.2.1994),

польскі кампазітар, дырыжор. Чл. многіх АМ, ганаровы д-р некалькіх ун-таў. Адзін з буйнейшых польск. кампазітараў 20 ст. Скончыў Варшаўскую кансерваторыю па класе фп. (1936) і кампазіцыі (1937). У 1932—55 выступаў як піяніст, з 1935 і дырыжор з выкананнем уласных твораў. У 1940-я г. працаваў у кірунку, блізкім да неакласіцызму (1-я сімфонія, 1947), сінтэзаваў яго стылістычныя рысы з нар. ладавым мысленнем («Сілезскі трыпціх», 1951; «Канцэрт для аркестра», 1954). 3 пач. 1960-х г. выкарыстоўваў свабодна трактаваную 12-тонавую серыю («Жалобная музыка» памяці Б.​Бартака, 1960), абмежаваную, ці кантраляваную, алеаторыку («Венецыянскія гульні», 1960; «З паэмы Анры Мішо», 1963; стр. квартэт, 1964; 2-я сімфонія, 1967; «Кніга для аркестра», 1968). Музыку 1970—80-х г. вызначаюць павелічэнне эмацыянальнага дыяпазону, жанравая канкрэтнасць (Канцэрт для габоя, арфы і 11 струнных, 1980; «Дыялог для скрыпкі з аркестрам «Chain II», 1985). З 1959 віцэ-прэзідэнт Міжнар. т-ва муз. выхавання (ISME), у 1965—69 — Міжнар. т-ва сучаснай музыкі. 1-я прэміі Міжнар. трыбуны кампазітараў ЮНЕСКА 1959, 1964, 1968, 1985, прэміі Міжнар. муз. савета пры ЮНЕСКА 1983, 1985. Дзярж. прэміі Польшчы 1952, 1955, 1964, 1978.

Літ.:

Pociej B. Lutosławski a wartość muzyki. Kraków, 1976;

Kaczyński T. Rozmowy z Witoldem Lutosławskim. Wrocław, 1993.

т. 9, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВРО́ЦЛАЎ (Wrocław),

горад на ПдЗ Польшчы, на р. Одра. Адм. ц. Вроцлаўскага ваяводства. Гал. прамысл. і культ. цэнтр прыроднай вобласці Сілезія (Шлёнск). 642,3 тыс. ж. (1993). Вузел аўтадарог і 9 чыгунак. Порт на р. Одра. Аэрапорт. Машынабудаванне (эл.-тэхн., радыёэлектроннае, электравоза-, вагона-, станка- і прыладабудаванне, электронна-выліч. машыны, вырабы дакладнай механікі, судны), хім., харч., швейная, тэкст., дрэваапр., паліграф. прам-сць. Філіял АН. 8 ВНУ (у т. л. ун-т). Т-ры (у т. л. оперны). Бат. сад.

Упершыню ўпамінаецца ў 980. З 1000 цэнтр епіскапства, з 1163 рэзідэнцыя сілезскіх Пястаў, буйны гандл. цэнтр. У 1261 атрымаў магдэбургскае права. У 1264—1335 цэнтр Вроцлаўскага княства. З 1335 у складзе Чэшскага каралеўства (наз. Враціслаў), з 1526 пад уладай Габсбургаў. У 1742 захоплены Прусіяй (ням. назва Брэслаў). У 1848 Вроцлаў — адзін з цэнтраў рэв. руху. У канцы 19 — пач. 20 ст. значна германізаваны. У 2-ю сусв. вайну разбураны, каля Вроцлава фашысты зрабілі 5 філіялаў канцлагера Грос-Розен. Паводле рашэнняў Патсдамскай канферэнцыі 1945 перададзены Польшчы.

Старыя раёны горада размешчаны на берагах і астравах р. Одра (Одэр), тут знаходзяцца цэнтр. пл. Рынак, кляштар і касцёл Дзевы Марыі (12—14 ст.), касцёлы Іаана Хрысціцеля (13—15 ст.), Марыі Магдалены (14 ст., раманскі паўд. партал 12 ст.), св. Войцеха (13—15 ст.), ратуша (2-я пал. 13 ст. — 1504), жылыя дамы 14—17 ст., езуіцкі калегіум (1726—32, цяпер ун-т) і б-ка фонду імя Асалінскіх (1676—1715) у стылі барока, «Зала стагоддзя» (ням. арх. М.​Берг, 1911 – 13; цяпер «Народны дом») са смелай наватарскай канструкцыяй агромністага купала (яго жалезабетонныя рэбры апіраюцца на кальцо, якое падтрымліваюць 4 сегментныя аркі і рэбры). Адноўлены разбураныя ў 2-ю сусв. вайну арх. Помнікі, збудаваны комплекс Выстаўкі ўз’яднаных зямель (з 1948), «Школа тысячагоддзя» (1960) і інш., жылыя дамы ў раёне Гаявіцы, на пл. Грунвальда і інш. Музеі: Сілезскі і архітэктуры.

В.​У.​Адзярыха (гісторыя).

Вроцлаў. Панарама горада.
Вроцлаў. Будынкі на плошчы Рынак.

т. 4, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛЬСКАЯ МО́ВА,

адна з заходнеславянскай групы славянскіх моў, мова палякаў, дзярж. мова Польшчы. Мае 5 дыялектаў: велікапольскі, малапольскі, мазавецкі, шлёнскі, або сілезскі, кашубскі.

У фанетыцы: захаванне насавых [о], [э]; адсутнасць рэдукцыі галосных; чаргаванні ’e—’o, ’e—’a, ę—ą, ’er—’ar і інш.; палаталізаваныя зычныя p’, b’, m’, f’, v’; палатальныя n’, l’, j’, c’, dz’, s’, z’, k’, g’, ch’, якім (апрача j) адпавядаюць цвёрдыя; замена t’, d’, r’ на c’, dz’ rz’; наяўнасць альвеалярнага l (перад a, o, e, u і зычнымі) побач з цвёрдымі ł ([ł] або [u]) і мяккім l’ (у спалучэнні li); 8 шыпячых зычных; сталы націск на перадапошнім складзе. У марфалогіі: ужыванне асабовых паказчыкаў у 1-й і 2-й асобах адз. л. прошлага часу ў дзеясловах miałem — «я меў», miałeś — «ты меў», miał — «ён меў»; наяўнасць энклітык і праклітык; ужыванне дзеяслоўнай звязкі być («быць») у цяперашнім часе. П.м. флектыўная, мае 7 склонаў (з клічным), 2 лікі, 3 роды (у мн. л. — 2 з-за катэгорыі адушаўлёнасці-неадушаўлёнасці мужчынскай асобы); 3 скланенні з 5 маюць мяккую і цвёрдую разнавіднасці; дзеясловам уласцівы катэгорыі трывання, часу, стану, ладу, асобы, ліку, дзеяслоўным формам і дзеепрыметнікам на ł — катэгорыі роду і асобы-неасобы. У сінтаксісе — асаблівы парадак слоў: група дзейніка стаіць перад групай выказніка, дапасаванае азначэнне ва ўстойлівых зваротах знаходзіцца пасля азначаемага слова і інш. Узбагачэнне лексікі адбывалася за кошт запазычанняў з лац., ням., італьян., франц., рус. (асабліва пасля 2-й сусв. вайны), а таксама бел. моў (duha — «дуга», boćwina — «бацвінне», borowik — «баравік» і інш.). У бел. лексіку трапіла шмат запазычаннях з П.м. (гл. Паланізм).

Літ. мова склалася на аснове велікапольскіх, малапольскіх і, пазней, мазавецкіх гаворак. Найб. прынятая перыядызацыя літ. мовы: старапольскі (сярэдзіна 12 — пач. 16 ст.), сярэдняпольскі (пач. 16 — сярэдзіна 18 ст.), навапольскі (з сярэдзіны 18 ст. — 1945), сучасны польскі перыяды. Пісьменства з 13 ст.: рэліг. песня «Багародзіца», Свентакшыскія казанні, Фларыянскі псалтыр (14 ст.) на аснове лацінскага алфавіта.

Літ.:

Тихомирова Т.С. Курс польского языка. М., 1988;

Кіклевіч А.К., Кожынава А.А., Кур’ян І.У. Польская мова. Мн., 2000.

І.​І.​Лучыц-Федарэц.

т. 12, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)