Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Другая сігнальная сістэма 3/213
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Першая сігнальная сістэма 3/213
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУГА́Я СІГНА́ЛЬНАЯ СІСТЭ́МА,
якасна адметная, уласцівая толькі чалавеку форма вышэйшай нервовай дзейнасці — сістэма моўных сігналаў. Паняцце ўвёў І.П.Паўлаў (1932). З’яўляецца ў працэсе эвалюцыі ў цеснай сувязі з сац.-прац. фактарам як істотны дадатак да першай сігнальнай сістэмы, якая базіруецца на непасрэдным успрыняцці навакольнага асяроддзя (раздражняльнікаў) праз органы пачуццяў. Словы, што вымаўляюцца, чуюцца і бачацца, з’яўляюцца адцягненым, апасродкаваным вобразам канкрэтных прадметаў і з’яў рэальнага свету, сігналы першасных сігналаў. Яны надзяляюць чалавека здольнасцю да абстрагавання, абагульнення, мышлення, да навук. творчасці. Д.с.с. развіваецца ў ходзе антагенезу, паступова займае дамінуючае становішча. Нейрафізіял. структура мовы ўключае стадыю аферэнтнага сінтэзу, на аснове якой складаецца рашэнне выказаць якую-н. думку. Разам з гэтым фарміруецца і акцэптар выніку дзеяння — апарат, які праграміруе мэту і кантралюе яе рэалізацыю шляхам пастаяннай карэкцыі слоў, што выключае магчымыя памылкі ў выказванні думкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫКЛАДНА́Я МУ́ЗЫКА, функцыянальная музыка,
разнавіднасць муз. культуры, якая выконвае акрэсленыя жыццёвыя, практычныя, не ўласна маст. функцыі. У стараж. культурах музыка суправаджала грамадз. і культавыя абрады і рытуалы, працоўныя і быт. працэсы. Адзін з яе стараж. відаў — сігнальная музыка (пастухоўскія, паляўнічыя, апавяшчальныя і інш. сігналы). У еўрап.традыц. культуры адбылася дыферэнцыяцыя П.м. на вытв., цырыманіяльную, ваен. і інш. З 19 ст. ў гар. культуры дамінавалі забаўляльныя жанры, звязаныя з масавай муз. культурай (салонная, танцавальная музыка, шлягер, «жорсткі» раманс і інш.). Сучасная П.м. шматлікая і разнастайная; забаўляльная танцавальная музыка, сігнальная музыка (пазыўныя радыё- і тэлестанцый, прывітальныя сігналы нар. свят і міжнар. цырыманіялу, спарт. і інш.), асобныя віды музыкі ў драм. тэатры і кінамузыка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕПТО́Д [ад грэч. hepta сем + (электр)од],
электравакуумная прылада, якая мае 7 электродаў: катод, анод і 5 сетак (кіравальная, сігнальная, 2 экранавальныя, антыдынатронная). У рэжыме змяшэння прыняты сігнал падаецца на сігнальную сетку, а сігнал ад дапаможнага генератара (гетэрадзіна) — на кіравальную. У рэжыме пераўтварэння гептод спалучае функцыі змяшальніка і лямпы гетэрадзіна. Выкарыстоўваецца ў змяшальніках і пераўтваральніках частаты супергетэрадзінных радыёпрыёмнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІКАНАСКО́П (ад грэч. eikōn выява, відарыс + скоп),
пераўтваральнік светлавога сігналу ў электрычны (відэасігнал); адна з першых перадавальных тэлевізійных трубак з назапашваннем эл. зарадаў. Заменены на больш дасканалыя пераўтваральнікі — відыкон, суперартыкон, ПЗС-матрыцы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНЭ́ЛЬ (ад ням. Paneel),
1) плоскі буйнапамерны элемент (канструкцыя) заводскага вырабу. Шырока выкарыстоўваецца пры буд-ве будынкаў і збудаванняў (напр., П. перакрыцця, сценавая).
2) Драўляная абшыўка, дэкаратыўная аддзелка (пластыкам, масленай фарбай і інш.) ніжняй часткі сцяны ў памяшканні.
3) Пешаходная дарожка па баках вуліцы, тратуар.
4) Частка эл. шчыта, пульта кіравання, радыётэхн. прыстасавання, трансп. сродкаў і інш., дзе размяшчаецца сігнальная, кантрольная, вымяральная апаратура.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЧТА (ад галанд. mast),
1) збудаванне, якое складаецца з вертыкальнага, абапёртага на фундамент ствала (металічнага, жалезабетоннага, драўлянага) і адцяжак (звычайна метал.канатаў), замацаваных у анкерных прыстасаваннях. Пашыраны метал. крацістыя М. з трубчастых або вугалковых профіляў. Выкарыстоўваюцца ў антэнных збудаваннях (вышыня да 350 м), падымальных кранах і інш. 2) М. суднавая — метал. або драўляная, устанаўліваецца ў падоўжнай плоскасці сіметрыі судна.
Да яе мацуюць грузавыя стрэлы і антэны, назіральныя пляцоўкі і навігацыйныя агні (на ваен. караблях — баявыя, дальнамерныя, пражэктарныя, радыёлакацыйныя і інш, пасты). На ветразевых суднах М. служаць для пастаноўкі ветразяў і з’яўляюцца асновай рангоўта (насавая М. наз. фок-М., наступная — грот-М., кармавая — бізань-М.).
Да арт.Мачта: а — мачта-антэна (1 — адцяжка, 2 — ізалятар, 3 — мачта з высоўным стрыжнем для настройкі, 4 — узгадняльнае прыстасаванне), б — сігнальная суднавая мачта (1 — ванты, 2 — тапенанты, 3 — антэнны і сігнальны рэй).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗБРО́Я (юрыд.),
устройствы і прадметы, канструктыўна прызначаныя для паражэння жывой ці інш. цэлі, а таксама для падачы сігналаў. У адпаведнасці з нац. заканадаўствам Рэспублікі Беларусь у залежнасці ад мэты выкарыстання адрозніваюць З. грамадзянскую, службовую і баявую. Да грамадзянскай З. належыць: З. самаабароны [агнястрэльная гладкаствольная і бясствольная, святлогукавога дзеяння, газавая З. (газавыя пісталеты і рэвальверы, мех. распыляльнікі, аэразольныя і інш. ўстройствы), электрашокавыя ўстройствы і іскравыя разраднікі]; спартыўная З. (агнястрэльная з наразным ствалом і гладкаствольная, халодная клінковая, кідальная, пнеўматычная); паляўнічная З. (агнястрэльная розных тыпаў, халодная клінковая і інш.); сігнальная З. (трасіруючыя кулі і снарады, дымавыя снарады і інш.); халодная З., прызначаная для нашэння з нац. касцюмам, казацкай і інш. формай. Службовая З. ўключае агнястрэльную гладкаствольную, наразную караткаствольную і інш. У паняцце баявая З. ўваходзяць усе яе віды, прызначаныя для вырашэння баявых і аператыўна-службовых задач, прынятыя на ўзбраенне рознымі органамі дзяржавы і іх супрацоўнікамі ў адпаведнасці з заканадаўствам. У шэрагу краін права легальна набываць, трымаць і выкарыстоўваць З. маюць усе або асобныя грамадзяне (у ЗША больш за 200 млн., у Расіі каля 4 млн., у Рэспубліцы Беларусь каля 200 тыс. адзінак такой З.). У Рэспубліцы Беларусь З. можа знаходзіцца ў насельніцтва толькі пры наяўнасці спец. дазволу праваахоўных органаў. Ваеннаслужачыя, звольненыя ў запас або ў адстаўку, маюць права трымаць корцік ці інш. халодную З. Крымін. заканадаўства Беларусі ўстанаўлівае адказнасць за незаконнае нашэнне, захоўванне, набыццё, выраб, збыт і крадзеж З., боепрыпасаў, выбуховых рэчываў.