СІВУ́ШНАЕ МА́СЛА,

адходы вытв-сці этылавага спірту метадам браджэння. Масляністая вадкасць ад светла-жоўтага да чырвона-бурага колеру з непрыемным пахам. Паводле хім. саставу — сумесь ізаамілавага (гл. Амілавыя спірты), ізабутылавага і інш. аднаатамных спіртоў: з альдэгідамі, к-тамі і інш. арган. злучэннямі. Выкарыстоўваюць для атрымання асобных спіртоў. С.м. атрутнае, раздражняе слізістыя абалонкі дыхальных шляхоў.

т. 14, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭНАТУРАВА́НЫ СПІРТ, дэнатурат,

этылавы спірт-сырэц з дабаўкамі фарбавальніку, які надае яму сіне-фіялетавы колер, а таксама спец. рэчываў (пераважна пірыдзінавых асноў) з непрыемным пахам і смакам. Мае сівушнае масла, метанол і інш. шкодныя для арганізма прымесі, якія нельга вылучыць перагонкай, вымарожваннем і інш. найпрасцейшымі фізіка-хім. метадамі. Выкарыстоўваюць як растваральнік лакаў і палітур. Таксічны.

т. 6, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)