Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКІЯ́НСКІЯ АСТРАВЫ́,
астравы, якія ўзніклі ў межах ложа акіяна або сярэдзінна-акіянскіх хрыбтоў у выніку тэктанічных, вулканічных або арганагенных працэсаў. Гл. таксама Востраў.
т. 1, с. 197
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́КЕЛЯ ХРЫБЕ́Т,
падводны хрыбет у Паўн. Ледавітым акіяне, працяг Сярэдзінна-Атлантычнага хрыбта ў Арктычным бас. Падзяляе катлавіны Нансена і Амундсена. Даўж. больш за 1000 км; найменшая глыб. над хрыбтом 400 м. Названы ў гонар Я.Я.Гакеля.
т. 4, с. 441
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГЕНЦІ́НСКАЯ КАТЛАВІ́НА,
падводная катлавіна на ПдЗ Атлантычнага ак., паміж мацерыковым схілам Паўд. Амерыкі, Сярэдзінна-Атлантычным хрыбтом і паўн. часткай Паўд.-Антыльскага хрыбта. Пераважная глыб. 5000—5500 м, найб. — 6681 м (у вузкім жолабе на Пд). Грунт — глабігерынавы глей і чырвоная гліна.
т. 1, с. 473
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДВО́ДНЫЯ ХРЫБТЫ́, акіянічныя хрыбты,
горныя ўтварэнні на дне акіянаў і мораў. У пераходнай зоне ад мацерыкоў да акіянаў прадстаўлены пераважна астраўнымі дугамі, а таксама хрыбтамі на дне катлавін ускраінных мораў, у межах ложа акіяна пашыраны глыбавыя, скляпеніста-глыбавыя і вулканічныя хрыбты. Найб. з П.х. — сярэдзінна-акіянічныя.
т. 11, с. 491
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМА́НШ (Romanche),
глыбакаводны жолаб у экватарыяльнай зоне Атлантычнага ак. Даўж. 230 км, сярэдняя шыр. 9 км, найб. глыб. 7856 м. Уяўляе сабой упадзіну тыпу «акіянічнага трога», буйны грабен, адзін з элементаў рэльефу аднайменнай зоны разломаў, якая рассякае Сярэдзінна-Атлантычны хр. Ва ўпадзіне выяўлены выхады ультраасн. парод.
т. 13, с. 299
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕЙСМІ́ЧНАСЦЬ ЗЯМЛІ́,
схільнасць Зямлі або асобных яе тэрыторый да землетрасенняў. Характарызуецца інтэнсіўнасцю землетрасенняў, тэрытарыяльным размеркаваннем іх эпіцэнтраў і інш. Найб. сейсмічныя Ціхаакіянскі, Міжземнаморскі, Сярэдзінна-Атлантычны, Усходнеафрыканскі паясы (гл. адпаведныя арг. і карту). Паводле сукупнасці даных аб С.з. праводзіцца сейсмічнае раянаванне тэр., ствараюцца сейсмічныя карты. Вывучае сейсмалогія. Гл. таксама Сейсмічная разведка, Сейсмічная шкала і інш.
т. 14, с. 297
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎДНЁВА-АТЛАНТЫ́ЧНЫ ХРЫБЕ́Т,
частка падводнага Сярэдзінна-Атлантычнага хр. ў Атлантычным ак., на Пд ад разлому Чэйн (каля экватара). Даўж. каля 6,5 тыс. км, шыр. да 1600 км; у раёне в-ва Буве адхіляецца ў шыротным напрамку на У і мае назву Афрыканска-Антарктычны хр. Глыб. падэшвы 4000 м, найменшая глыб. над грэбенем 84 м. Падводныя вулканы, некаторыя вяршыні ўтвараюць вулканічныя а-вы: Узнясення, Св. Алены, Трыстан-да-Кунья, Гоф, Буве.
т. 12, с. 189
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКІЯ́НСКАЯ КАРА́,
зямная кара пад акіянам. У адрозненне ад кантынентальнай мае невял. магутнасць (5—8 км) і пазбаўлена гранітна-гнейсавага слоя. Паводле скорасці праходжання сейсмічных хваляў у акіянскай кары вылучаюць 3 слаі: верхні, асадкавы (магутнасць 0,3—0,7 км), сярэдні, з базальтавай лавы з тонкімі праслоямі шчыльных асадкаў (каля 0,8 км), і ніжні, акіянскі (4,1—5,8 км), які, верагодна, складаецца з габра, перыдатытаў і піраксенітаў. Акіянская кара ўтвараецца ў зонах спрэдзінгу сярэдзінна-акіянскіх хрыбтоў і характарызуецца чаргаваннем палос з рознымі палеамагнітнымі ўласцівасцямі.
Г.У.Зінавенка.
т. 1, с. 197
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ЖА АКІЯ́НА адзін з галоўных элементаў рэльефу і геал. структуры дна Сусв. акіяна. Займае самы нізкі
(акрамя акіянічных жалабоў) узровень зямной паверхні. Глыб. ад 4 тыс. м да 7 тыс. м паміж мацерыковым падножжам і сярэдзінна-акіянічнымі хрыбтамі. Пл. больш за 185 млн. км² Складаецца з зямной кары акіянічнага тыпу, адрозніваецца слабым праяўленнем вулканізму і сейсмічнасці, малымі скорасцямі верт. рухаў (гл. Таласакратон). У рэльефе пераважаюць плоскія акумулятыўныя і складанарасчлянёныя ўзгорыстыя раўніны (гл. Абісальныя раўніны),
якія падзелены падняццямі розных тыпаў (асобныя вулканічныя горы і ланцугі гор, шырокія скляпеністыя і блокавыя ўзвышэнні).
т. 9, с. 338
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)