Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Салаўёу-Сядой В. П. 1/387; 7/307; 9/115, 328
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Салаўёў В. П., гл. Салаўёў-Сядой В. П.
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУСЬФІ́ЛЬМ»,
кінастудыя Беларусі. Створана ў 1928 кінаарганізацыяй Белдзяржкіно пад назвай «Савецкая Беларусь» (напачатку ў Ленінградзе, з 1939 у Мінску), з 1946 сучасная назва. Выпускае фільмы маст. і тэлевізійныя ігравыя, хранікальна-дакумент. і навук.-папулярныя, анімацыйныя. У даваенны час на студыі створаны маст. фільмы: «Кастусь Каліноўскі» (1928), «Да заўтра» (1929), «Атэль «Савой» і «У агні народжаная» (1930), «Жанчына» (1932), «Першы ўзвод» (1933), «Двойчы народжаны» (1934), «Паручнік Кіжэ» (1934), «Палескія рабінзоны» (1935), «Дзяўчына спяшаецца на спатканне» і «Шукальнікі шчасця» (1936), «Дачка Радзімы» і «Балтыйцы» (1937), «Адзінаццатага ліпеня»; кінанавелы «Мядзведзь», «Маска» і «Мянтуз» (усе 1938), «Чалавек у футарале» (1939) і інш.
Сярод пачынальнікаў студыі рэжысёры Ю.Тарыч, У.Гардзін, аператары А.Кальцаты, М.Казлоўскі, Н.Навумаў-Страж, Д.Шлюглейт, мастак М.Літвак. У 1920—30-я г. на студыі здымаліся акцёры бел. т-раў У.Крыловіч, Л.Мазалеўская, П.Малчанаў, Б.Платонаў, В.Пола, У.Уладамірскі і інш., а таксама Л.Кміт, Б.Бабачкін, М.Сіманаў, М.Чаркасаў. На пачатку тут працавалі многія вядомыя майстры кіно: рэжысёры М.Данской, Р.Рашаль; кампазітары І.Дунаеўскі, В.Салаўёў-Сядой, А.Туранкоў; у 1930-я г. — сцэнарысты Б.Брадзянскі, А.Вольны, Р.Кобец, М.Таўбэ; рэжысёры М.Авербах, Э.Аршанскі, І.Аненскі, Я.Дзіган, У.Корш-Саблін, С.Сплашноў, А.Файнцымер; аператары А.Булінскі, С.Бяляеў, С.Іваноў, Б.Рабаў, А.Рагоўскі; мастакі С.Мандэль, У.Пакроўскі, Р.Фэдор.
У Вял.Айч. вайну аператары кінахронікі (І.Вейняровіч, М.Бераў, У.Цяслюк і інш.) працавалі ў франтавых кінагрупах, частка работнікаў — на студыях Алма-Аты і Масквы, дзе створаны кіназборнік «Беларускія навелы» (1942), фільм-канцэрт «Жыві, родная Беларусь» (1944), дакумент, фільм «Вызваленне Савецкай Беларусі» (1944). Першыя пасляваен. маст. фільмы здымаліся на студыях Кіева, Адэсы і Ленінграда, у Мінску ствараліся пераважна кіначасопісы і кінанарысы. З 1950-х г.маст. фільмы здымаліся ў Мінску. У 1954 створаны першы бел. каляровы маст. фільм «Дзеці партызана». У 1971 зняты першы бел. шырокафарматны фільм «Крушэнне імперыі». Студыя ажыццявіла сумесныя пастаноўкі з кінастудыямі Чэхаславакіі («Пушчык едзе ў Прагу», 1966; «Маленькі сяржант», 1977; «Заўтра будзе позна», 1972) і Балгарыі («Братушка», 1976).
Многія творы студыі атрымалі шырокае прызнанне і адзначаны прэміямі на міжнар. і ўсесаюзных кінафестывалях. Сярод іх: «Канстанцін Заслонаў», «Чырвонае лісце», «Гадзіннік спыніўся апоўначы», «Масква—Генуя», «Альпійская балада», «Дзяўчынка шукае бацьку», «Анюціна дарога», «Іван Макаравіч», «Паланэз Агінскага», «Руіны страляюць...» (тэлевізійны), «Вянок санетаў», «Горад майстроў», «Праз могілкі», «Вазьму твой боль», «Дзікае паляванне караля Стаха», «Людзі на балоце», «Хам», «Наш браняпоезд» і інш.; дакументальныя «Генерал Пушча», «Праз дзесяць гадоў, або Надзеі і трывогі 10 «А», «Боль мой — Хатынь», «А зязюля кукавала...», «Палескія калядкі», цыкл «У вайны не жаночы твор», «Паляванне на золата» і інш.
У 1940—50-я г. на студыі працавалі рэжысёры П.Васілеўскі, Л.Голуб, М.Фігуроўскі; аператары У.Акуліч, А.Аўдзееў, І.Пікман, Г.Удавянкоў; мастакі У.Белавусаў, Ю.Булычаў, Е.Ганкін; у 1960-я г. — рэжысёры У.Бычкоў, Р.Віктараў, В.Вінаградаў, І.Дабралюбаў, М.Калінін, Б.Сцяпанаў, В.Тураў, В.Чацверыкоў; аператары А.Забалоцкі, Ю.Марухін, І.Рамішэўскі; мастакі Ю.Альбіцкі, У.Дзяменцьеў, Я.Ігнацьеў; у 1970 — пач. 90-х г. — рэжысёры А.Карпаў. Л.Мартынюк, В.Нікіфараў, М.Пташук, В.Рыбараў, В.Рубінчык; аператары П.Аліфер, Дз.Зайцаў, Т.Логінава, Р.Масальскі, С.Пятроўскі, Ю.Ялхоў; мастак А.Чартовіч і інш.; стваральнікі дакумент. фільмаў В.Дашук, Ю.Лысятаў, М.Жданоўскі, С.Лук’янчыкаў, Дз.Міхлееў, В.Сукманаў, Ю.Цвяткоў, Р.Ясінскі; мультыплікатары А.Белавусаў, І.Волчак, А.Піткевіч і інш. У складзе «Беларусьфільма» працуюць творчыя аб’яднанні «Летапіс», «Тэлефільм», майстэрня анімацыйных фільмаў (з 1975). Пры «Беларусьфільме» працуе Тэатр-студыя кінаакцёра. Гл. таксама нарыс Кіно ў арт.Беларусь.
Л.І.Паўловіч.
Да арт.«Беларусьфільм». Кадр з кінафільма «Чырвонае лісце». 1958.Да арт.«Беларусьфільм». Кадр з кінафільма «Масква—Генуя». 1964.Да арт.«Беларусьфільм». Кадр з кінафільма «Іван Макаравіч».Да арт.«Беларусьфільм». Кадр з кінафільма «Палескія калядкі».Да арт.«Беларусьфільм». Кадр з кінафільма «Наш браняпоезд».
адзін з відаў муз. тэатра, у якім спалучаюцца вакальная і інструментальная музыка, танец, балет, элементы эстраднага мастацтва; твор для гэтага тэатра.
У 17 — 1-й пал. 19 ст. — невял., звычайна камічная опера з размоўнымі дыялогамі. На Беларусі гэта былі «Апалон-заканадаўца, або Рэфармаваны Парнас» Р.Вардоцкага на лібр. М.Цяцерскага (паст. 1789) і «Агатка, або Прыезд пана» Я.Д.Голанда на лібр. М.Радзівіла (паст. 1784), якія вызначаліся дэмакр. характарам, адлюстроўвалі перадавыя ідэі свайго часу. У сярэдзіне 19 ст. тэрмінам «аперэта» часта вызначаў свае п’есы В.І.Дунін-Марцінкевіч, задумваючы іх як лібрэта невял. опер. У супрацоўніцтве з ім С.Манюшка стварыў свае аперэты «Рэкруцкі набор» (1841), «Спаборніцтва музыкаў», «Чарадзейная вада», «Ідылія» (1852). У 1861 паст. аперэта «Канкурэнты» Ф.Міладоўскага (лібр. М.Лапіцкага і У.Сыракомлі).
Сучасная аперэта — від тэатра, які займае прамежкавае становішча паміж операй і драмай. Аснову муз. драматургіі складаюць звычайна куплетная песня і танец, а таксама традыц. оперныя формы (арыя, ансамбль, хор, уверцюра), якія часцей маюць песенна-танц. характар і больш простыя, чым у оперы. У адрозненне ад вадэвіля і інш. відаў муз. камедыі з развітым драм. тэкстам, музыка ў аперэце нясе асн. сэнсавую нагрузку.
Як самаст. від муз. тэатра аперэта сфарміравалася ў 1850-я г. ў Францыі. Яе вытокі — камічная опера, франц. вадэвіль, аўстрыйскія і ням. зінгшпілі і інш. Вылучаюць некалькі нац.-гіст. разнавіднасцяў аперэты з устойлівымі жанрава-стылявымі прыкметамі: парыжская (1850—70-я г., заснавальнік — Ж.Афенбах; Ф.Эрвэ, Ш.Лекок, Р.Планкет), венская (Ф.Зупэ, К.Мілёкер, І.Штраус-сын, К.Цэлер), неавенская (1900—1920-я г., Ф.Легар, І.Кальман). У пач. 1920-х г. у ЗША зацвердзіўся новы від муз.т-ра — мюзікл, які ў некат. сваіх разнавіднасцях набліжаецца да аперэты (творы Ф.Лоу, Дж.Гершвіна, Р.Роджэрса, Л.Бернстайна і інш.). У Расіі пачатак аперэты пакладзены ў 1920-я г. І.Дунаеўскім і М.Стрэльнікавым, сярод майстроў Ю.Мілюцін, Б.Аляксандраў, К.Лістоў, В.Салаўёў-Сядой, А.Фельцман, В.Баснер і інш.
На Беларусі з 1-й пал. 20 ст. развіваліся блізкія да аперэты формы муз.-камедыйнага тэатра («Каваль-ваявода» Е.Міровіча з муз. У.Тэраўскага і Л.Маркевіча, 1925; «Простыя сэрцы» С.Заяіцкага, С.Розанава і М.Міцкевіча з муз. В.Сакалова-Фядотава, 1929; «Кок-сагыз» М.Чуркіна, 1939; «Цудоўная дудка» В.Вольскага з муз. М.Шчаглова, 1939), а таксама «Кухня святасці» («Мільён Антоніяў») Я.Цікоцкага (1931) і «Зарэчны барок» С-.Палонскага і М.Іванова (1940), якія вызначаліся сучаснікамі як «першыя сав. аперэты». У 1970-я г. з’явіліся творы, найб. адпаведныя жанру аперэты: «Паўлінка» Ю.Семянякі са шматпланавай муз. драматургіяй, скразнымі муз. тэмамі, разгорнутымі сольнымі нумарамі, ансамблямі, харамі і «Несцерка» Р.Суруса, якія дзякуючы зместу, народнасці муз. мовы і ўдалым масавым сцэнам сталі сапраўднымі аперэтамі буйной формы. Шэраг бел. твораў, блізкіх да жанру аперэты, класіфікуюць як «гераічная муз. камедыя» («Дзяніс Давыдаў» А.Мдывані, 1985), «муз. камедыя» («Мільянерка» Я.Глебава, 1987), мюзікл («Джулія», 1991, і «Шклянка вады», 1994, У.Кандрусевіча).
Сярод артыстаў аперэты: Г.Шнайдэр (Францыя), А.Жырардзі (Аўстрыя), Г.Марышка і Х.Хонці (Венгрыя), Р.Ярон, Т.Шмыга (Расія), М.Вадзяной (Украіна); у бел. т-ры Н.Гайда, В.Мазур, Р.Харык, А.Ранцанц, З.Вяржбіцкая, Г.Казлоў і інш.
Літ.:
Владимирская А. Звездные часы оперетты. 2 изд. Л., 1991;
Трауберг Л. Жак Оффенбах и другие. М., 1987;
Музычны тэатр Беларусі, 1917—1959. Мн., 1993.
Б.С.Смольскі, Н.А.Юўчанка.
Да арт.Аперэта. Сцэна са спектакля «Паўлінка» Ю.Семянякі Дзярж. тэатра муз. камедыі Беларусі. 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІНАМУ́ЗЫКА,
спецыфічны род муз. мастацтва, адзін з кампанентаў кіна-, тэле- або відэатвора. Можа быць арыгінальнай, напісанай спецыяльна для фільма, ці складацца з муз. цытат, мець ілюстрацыйны характар, набліжацца да прыкладной музыкі або выконваць адну з асн. функцый у раскрыцці ідэйна-маст. канцэпцыі фільма, быць фактарам драматургіі.
У дагукавым кіно фільмы суправаджаліся ігрой піяніста-ілюстратара або ансамбля. Музыку да першых замежных гукавых фільмаў пісалі Л.Анегер, Ж.Арык, Ж.Ібер, Д.Міё, А.Бліс, Р.Воан-Уільямс, Б.Брытэн, Дж.К.Меноці, А.Копленд, Дж.Антэйл, Г.Эйслер, П.Хіндэміт, В.Этк, В.Фортнер і інш. У сав. кінематографе з самага пачатку існаваў прыярытэт аўтарскай арыгінальнай кампазіцыі, якая стваралася ў цесным кантакце з рэжысёрам і была паўнапраўным кампанентам сістэмы выразных сродкаў фільма (музыка Дз.Шастаковіча да фільма «Новы Вавілон», 1929, і інш.). У 1930—40-я г. фільмы будаваліся на музыцы за кадрам ці ўнутрыкадравай, што садзейнічала ўзнікненню муз. драматургіі і падпарадкоўвала зрокавы рад раскрыццю музычнага. Найб. пашыраны прынцып — вынас муз. характарыстыкі героя за кадр (напр., песні ў яго выкананні ці яе апрацоўкі ў выглядзе разгорнутых інстр. фрагментаў). Замацаваўся спачатку ў муз. кінакамедыі, заснаванай на масавай песні («Вясёлыя рабяты», 1934; «Цырк», 1936; «Волга-Волга», 1938; «Кубанскія казакі», 1949; з муз. І.Дунаеўскага). У фільмах інш. жанраў гэтую традыцыю прадоўжылі М.Багаслоўскі, В.Баснер, А.Пахмутава, А.Пятроў, М.Фрадкін, Ц.Хрэннікаў, А.Эшпай і інш. Прынцып К., калі на кадравую сітуацыю праецыруюцца сімфанічна-абагульненыя муз. вобразы, што адлюстроўваюць глыбінны падтэкст канкрэтнага паказу, увасобілі Шастаковіч, С.Пракоф’еў, Ю.Шапорын, А.Хачатуран, Дз.Кабалеўскі, К.Караеў, Г.Свірыдаў. Да гэтай традыцыі прымыкае кіна- і тэлемузыка Э.Дзянісава, Р.Шчадрына, М.Карэтнікава, А.Шнітке, С.Губайдулінай і інш.
Пачатак бел. К. — фільм «Першы ўзвод» (1933), дзе дэбютаваў Дунаеўскі. Музыку да бел. фільмаў студыі «Белдзяржкіно» напачатку пісалі рас. кампазітары (Пракоф’еў, В.Салаўёў-Сядой, У.Шчарбачоў). Нац. каларытам, зваротам да бел. фальклору вылучалася музыка А.Туранкова да фільма «Вогненныя гады» (1939). Асн. форма К. 1930—40-х г. — муз. драматургія канфліктнага тыпу ў якасці муз. ілюстрацыі да сюжэта, заснаваная на масава-быт. жанрах як сімвалах сац. асяроддзя («жорсткі» раманс або танга характарызавалі мяшчанства, марш або гімн — новы, сацыяліст. лад жыцця). Вяршыня жанравай іерархіі — «песня-ідэя», якая канцэнтравала сац.-ідэалаг. змест фільма. У 1940—50-я г. «песенная» драматургія К. ўзбагацілася інстр. эпізодамі драм. плана. У галіне К. працавалі А.Багатыроў («Канстанцін Заслонаў», 1949), Я.Цікоцкі («Паўлінка», 1952, з Ю.Бяльзацкім), Дз.Камінскі («Хто смяецца апошнім», 1954), Дз.Лукас («Несцерка», 1956), У.Алоўнікаў («Міколка-паравоз», 1957; «Дзяўчынка шукае бацьку», 1959; абодва з Бяльзацкім), І.Любан («Гадзіннік спыніўся апоўначы», 1958), Ю.Семяняка («Каханнем трэба даражыць», 1960). З пач. 1960-х г. пачаліся адыход ад канонаў драматургіі фільма, пошукі індывід. канцэпцый, калі музыка і адлюстраванне неаддзельныя адно ад аднаго.
Змянілася жанравая аснова К., песня стала больш камернай, аддаецца перавага інстр. музыцы як больш інтэлектуальнай і шматзначнай, павялічваецца ўплыў «дакументальнага» кірунку, калі ў фанаграму ўключаюцца гукі і музыка паўсядзённага побыту, часам запісаныя знарок неразборліва. У абнаўленне жанрава-стылявых канонаў К. значны ўклад зрабіў Я.Глебаў («Я родам з дзяцінства», 1967; «Вянок санетаў», 1976; «Дзікае паляванне караля Стаха», 1979; тэлефільм «Апошняе лета дзяцінства», 1974). Уяўленне пра К. як састаўную частку гукавой палітры фільма рэалізавалася ў творчасці А.Янчанкі («Людзі на балоце», 1982; «Ідзі і глядзі», 1985; «Знак бяды», 1986). Менавіта ў іх работах адлюстраваны шлях развіцця сучаснай К. — ад функцыянальнай муз. драматургіі да адзінай гукавой партытуры, дзе раўнапраўна існуюць гаворка, музыка і шумы. У 1960—80-я г. ў галіне К. працавалі таксама Г.Вагнер (бел. тэлеопера «Ранак», 1967), С.Картэс («Вазьму твой боль», Дзярж. прэмія Беларусі 1982), П.Альхімовіч, А.Залётнеў, Л.Захлеўны, В.Іваноў, У.Кандрусевіч, І.Лучанок, У.Солтан і інш. З 1990-х г. у сувязі з панаваннем масавых відовішчных кінажанраў адбываецца вяртанне да традыц. форм муз. вырашэння фільма, узбагачаных пошукамі новых гучанняў, новай муз. стылістыкай, у т. л. электроннай (працы С.Бельцюкова, В.Капыцько, Л.Сімаковіч, А.Хадоскі). У неігравым кіно (дакумент., навук.-папулярным) пераважае прынцып кампіляцыі, падбору муз. фрагментаў. У анімацыйным кіно вядуцца жанрава-стылявыя эксперыменты (працы У.Будніка, А.Елісеенкава, Э.Зарыцкага, Я.Паплаўскай і інш.). Асобную групу ўтвараюць музычныя фільмы, дзе музыка — аснова драматургіі.
Літ.:
Лисса З. Эстетика киномузыки: Пер. с нем. М., 1970;
Шилова И.М. Фильм и его музыка. М., 1973;
Кац Б. Простые истины киномузыки. Л., 1988;
Карпилова А.А. Киномузыка // Белорусская музыка 1960—1980 гг.Мн., 1997.