Ю́РАЎСКІЯ ПЕ́СНІ,

бел. песні веснавога цыкла гадавога круга, якія выконваліся на Юр’я (23 крас. с. ст.). Паводле функцыянальнасці падзяляліся на абрадавыя песні, звязаныя з першым выганам жывёлы на пашу, і творы, скіраваныя на магічнае забеспячэнне ўрадлівасці нівы. Мелі рэгіянальныя асаблівасці. Уключалі групу жартоўных песень.

Гал. іх вобразы — Юр’я і яго маці. У песнях Юр’я заклікаюць устаць рана, сядлаць каня і ехаць у поле выпускаць расу «на ўсю вясну і густую і частую... на ўвесь свет, на кожны цвет», «на цёплае лета, на буйнае жыта». У некат. песнях «земляныя ключы» носіць з сабою Юр’ева маці, якая таксама клапоціцца пра тое, каб «зямлю адамкнулі, траву выпусцілі, статак. накармілі». Ю.п. перадаюць карціну веснавога адраджэння зямлі, радасць з выпадку надыходу вясны. Некат. Ю.п. жанчыны пачыналі спяваць за тыдзень да Юр’я, седзячы на прызбе. Моладзь спявала Ю.п. пад вечар каля рунных палёў (магчыма, гэтым імкнуліся паспрыяць іх урадлівасці). На Гродзеншчыне на Юр’я дзяўчаты абыходзілі двары і спявалі песні з пажаданнем гаспадару багатага ўраджаю. Некат. песні перадавалі атмасферу святочнага гуляння моладзі. Для Ю.п. характэрны неразгорнутая кампазіцыя, імператыўныя формы. Замест прыпеву паўтараецца слова «Юр’я» («Ніваю, Юр’я, ніваю!» — стараж. форма абрадавага заклінання).

Публ.:

Веснавыя песні / Скл. Г.​А.​Барташэвіч, Л.​М.​Салавей, В.​І.​Ялатаў. Мн., 1979.

Літ.:

Барташэвіч Г.А. Беларуская народная паэзія веснавога цыкла і славянская фальклорная традыцыя. Мн., 1985;

Калядна-абрадавая паэзія. Мн., 2001. С. 211—234.

А.​С.​Ліс.

т. 18, кн. 1, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)