сябрына,

народны звычай сумеснага карыстання чымсьці.

т. 15, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«Сябрына»,

клуб аматараў беларускай народнай творчасці.

т. 15, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ЛЬЧАНКА (Таісія Васілеўна) (н. 15.10.1947, в. Маркавічы Гомельскага р-на),

бел. пісьменніца. Скончыла Гомельскі ун-т (1970). У 1971—97 настаўнічала. Друкуецца з 1963. Звяртаецца да гісторыі народа, складаных праблем сучаснасці, чарнобыльскай бяды, тэм смерці і бяссмерця, ролі паэта і паэзіі ў жыцці (паэтычныя зб-кі «Бацькоўскі дом», 1989; «Званок у верасень», 1992; «Каласы болю», 1994; «Добры знак», 1997; «Бярэста памяці», 1998). Выдала зб. перакладаў сусветнай л-ры «Сябрына» (1998). З 1988 выступае і як празаік, раскрывае маральна-этычныя і сямейныя праблемы.

І.​У.​Саламевіч.

т. 10, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРДЗІ́ЦКІ (Аляксей Кузьміч) (н. 2.5.1934, в. Пугачова, цяпер у межах г. Брэст),

бел. крытык. Скончыў Брэсцкі пед. ін-т (1956). Працаваў у дзіцячым доме, сакратаром райкома камсамола, журналістам на Брэстчыне. З 1962 у Ін-це л-ры АН Беларусі, з 1966 у Дзяржкамдруку Беларусі, з 1972 літ. кансультант Саюза бел. пісьменнікаў. Друкуецца з 1959. Аўтар кніг дыялогаў, інтэрв’ю, гутарак пра л-ру («Дыялогі», 1968; «Сустрэчы», 1972; «Вачыма сяброў», 1977; «Сябрына», 1986; «Гутаркі», 1988); літ.-знаўчых прац («Пра майстэрства дэталі», 1969, «Творчасць Івана Шамякіна», 1971). Выступае ў жанры малой прозы. Складальнік біягр. даведнікаў «Пісьменнікі Савецкай Беларусі» (1981), «Беларускія пісьменнікі (1917—1990)» (1994).

Я.​Р.​Лецка.

т. 5, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВЫ́ЧАЙ,

гістарычна ўсталяваны і агульнапрыняты ў пэўным грамадстве або сацыяльна-этнічнай групе спосаб паводзін. Узнік у глыбокай старажытнасці. У аснове З. першапачаткова ляжалі табу — розныя забароны і абмежаванні, якія ўспрымаліся з дзяцінства і ўзнаўляліся ў новых пакаленнях без абмеркавання і абгрунтавання.

Выпрацаваны вытв. і бытавым вопытам у працэсе развіцця грамадства З. рэгуляваў паводзіны асобы, вызначаў яе месца ў калектыве, садзейнічаў кансалідацыі этнічных і вытв. груп. У ролі звычаю маглі выступаць вытв. навыкі (бонда, сябрына, талака і інш.), абрады. На аснове З. фарміравалася звычаёвае права. У наш час З. захоўваецца ў сферы побыту і сям’і (радзіны, пахаванне, вяселле), маралі і грамадз. абраднасці.

т. 7, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЕ́ЙША (Казімір Вікенцьевіч) (н. 4.12.1943, в. Малыя Навікі Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл.),

бел. пісьменнік Скончыў БДУ (1970). Працаваў у раённых газетах, на Бел. радыё, з 1979 у час. «Полымя», «Вясёлка», з 1988 у час. «Маладосць». Друкуецца з 1959. Першы зб. вершаў «Восеньскія позвы» (1969). Асн. матывы творчасці — апяванне чалавека працы, дружбы, высакародства і маральнай прыгажосці сучасніка: зб-кі «Мембрана» (1972), «Нектар» (1974), «Тут мае весны прычалены» (1977), «Сябрына» (1978), «Плёс» (1982), «Галоўная вярста» (1985), «Пярэймы дня» (1988), «Кубак блакіту», (1993), «Лінія лёсу» (1996). Аўтар кніжак для дзяцей «Гаёўка» (1975), «Буслянка» (1985), «Дзятлава кузня» (1987), «Дзень добры, шафёр» (1988), «Гарцунок» (1991), «Дожджыкава лічылка» (1998). Выступае з рэцэнзіямі, артыкуламі, нарысамі. Перакладае з рус., укр., польск. моў.

Тв.:

Я з пушчы... Мн., 1995.

К.В.Камейша.

т. 7, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВІ́ЦЕБСКІ РАБО́ЧЫ»,

абласная незалежная масавая газета. Выходзіць з 29.10(11.11).1917 у Віцебску на бел. (да 29.9.1929 на рус.) мове 4 разы на тыдзень.

У розныя часы выходзіла пад рознымі назвамі: «Известия Витебского губернского и городского Советов крестьянских, рабочих, солдатских н батрацкіх депутатов» (1918, № 15—81), «Известия Витебского угоркома КП(б) Белоруссии и угорисполкома» (1924, № 106—182), «Заря Запада» (1924, № 219 — 1929, № 225) і інш. З крас. 1937 — «Віцебскі рабочы». У Вял. Айч. вайну выдавалася з 7.6.1942 спачатку на акупіраванай тэр. Беларусі, потым у прыфрантавой паласе. У пасляваен. час орган Віцебскага бел. і гар. к-таў КПБ. Са жн. 1991 незалежная. Інфармуе аб падзеях грамадска-паліт., эканам. і духоўнага жыцця Віцебшчыны. У рэгулярным дадатку «Сябрына» змяшчае матэрыялы па гісторыі Беларусі, краязнаўстве, культуры, этнаграфіі, тапаніміцы і г.д.

т. 4, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВО́НАК (Алесь) (Пётр Барысавіч; 14.2.1907, Мінск — 2.2.1996),

бел. паэт. Скончыў БДУ (1931). Узначальваў Полацкую філію «Маладняка». Працаваў на Бел. радыё, у АН Беларусі, рэдакцыі газ. «Літаратура і мастацтва». У 1936 беспадстаўна арыштаваны, асуджаны на 10 гадоў. Пакаранне адбываў у Магаданскай вобл. Рэабілітаваны ў 1954. Друкаваўся з 1925. Раннія зб-кі паэзіі «Буры ў граніце» (1929), «На лініі агню!» (1932), «Мая Радзіма» (1935), паэмы «Каршун» (1930) і «Загай» (1931) вызначаюцца рамантычнай узнёсласцю, квяцістасцю стылю, імкненнем да абагульненага паказу рэчаіснасці. Асн. матывы кніг «Табе адной» (1957), «Запаветнае» (1961), «Россып» (1967), «Прадчуванне» (1974), «Санеты» (1982), «Ружовая чайка» (1985), «Святлацені» (1992, Дзярж. прэмія Беларусі 1992) — паэтызацыя працы і прыроды, філас. роздум пра жыццё, час, каханне і смерць. Выступаў у галіне крытыкі, драматургіі тэатра і кіно. Аўтар кн. артыкулаў і ўспамінаў «Неспакойныя сэрцы» (1973), п’есы «Навальніца будзе» (паводле трылогіі Я.​Коласа «На ростанях», пастаўлена Бел. т-рам імя Я.​Коласа, 1959), сцэнарыяў навук.-папулярных фільмаў «Якуб Колас» (1962), «Вобразы і думы» (1965). Пераклаў на бел. мову «Дуэль. Іоныч» А.​Чэхава (1931), «Апошні з Удэге» А.​Фадзеева (з Хведаровічам, 1935), «Віцязь у тыгравай шкуры» Ш.​Руставелі (з Хведаровічам, 1966) і інш.

Тв.:

Выбр. тв. Т. 1—2. Мн., 1977;

Сябрына: Выбр. тв. Мн., 1987.

А.Звонак.

т. 7, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІЯ КУЛЬТУ́РНЫЯ ЗГУРТАВА́ННІ,

грамадскія аб’яднанні беларусаў, што жывуць па-за межамі Беларусі. Створаны ў канцы 1980-х г. у Казахстане, Карэліі, Прыбалтыцы, Расіі, на Украіне. Вядуць культ.-асв. дзейнасць, накіраваную на захаванне нац. свядомасці і гіст. спадчыны, духоўных скарбаў бел. народа: арганізуюць вывучэнне бел. мовы і гісторыі, вядуць краязнаўча-даследчую работу ў цэнтрах, паяднаных гіст. сувязямі з Беларуссю, і інш. У Літве працуюць 11 (1996) нац. згуртаванняў бел. культуры (Вільнюс, Каўнас, Клайпеда). Бел. клуб «Сябрына» (Вільнюс) і Т-ва бел. культуры даследуюць малавядомыя факты бел. гісторыі і культуры, звязаныя з імёнамі Ф.​Скарыны, К.​Каліноўскага, І.​Луцкевіча, Цёткі, Я.​Купалы. Т-ва выпускае бел. старонку «Пагоня» ў газ. «Lietuvos rytas» («Раніца Літвы»), на літоўскім радыё і тэлебачанні рыхтуе перадачы для беларусаў. У Вільнюскім пед. ун-це адкрыта аддзяленне бел. філалогіі. У Латвіі створана 7 суполак. Т-ва бел. культуры ў Рызе выпускае бел. газету «Прамень», разам з фондам культуры Латвіі вядзе прапаганду бел. культуры і гісторыі сярод беларусаў і латышоў, падтрымлівае сувязі з землякамі, што жывуць у Латгаліі. Т-вы ў Таліне і Йыхві (усіх у Эстоніі 5) арганізавалі вывучэнне бел. мовы, традыцый, песень, збіраюць б-кі нац. л-ры. Працуюць т-вы бел. культуры ў С.-Пецярбургу (у т. л. суполка мастакоў-беларусаў) і Маскве (у т. л. суполкі студэнтаў і вайскоўцаў-беларусаў, філія «Бацькаўшчына», Маскоўскае т-ва бел. культуры імя Ф.​Скарыны, суполка БНФ, т-ва «Расія — Беларусь»). Згуртаванні беларусаў дзейнічаюць у Арэнбургу, Калінінградзе, Мурманску, Новасібірску, Ніжнім Ноўгарадзе, Петразаводску, Цверы, у Саснагорску (Рэспубліка Комі), у Якуцку [Рэспубліка Саха (Якуція)]. На Украіне створана 10 нац. згуртаванняў бел. культуры (Кіеў, Львоў, Чарнаўцы, Палтава, Ялта і інш.). Т-ва бел. культуры ў Сімферопалі апякуе магілу М.​Багдановіча, займаецца пошукамі этнагр. экспанатаў для бел. экспазіцыі ў Сімферопальскім абл. краязнаўчым музеі. Згуртаванні беларусаў дзейнічаюць таксама ў Малдове (2) і па аднаму ў Казахстане, Узбекістане, Кыргызстане, Татарстане.

А.​Я.​Емяльянава.

т. 2, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХОДНЕБЕЛАРУ́СКІ ДРУ́К Развіваўся ў 1920—30-я г. ў Заходняй Беларусі, якая знаходзілася пад уладай Польшчы. Розныя партыі і рухі выпускалі свае перыяд. (легальныя і нелегальныя) выданні, а таксама звароты, пракламацыі і інш. Перыяд. выданні падзяляліся на літ.-грамадскія, канфесійныя, сатырычныя і інш.; прызначаліся для сялян, рабочых, вучняў, студэнтаў, салдат, жанчын; выходзілі на бел., рус., польск., літ., яўр. мовах. У сувязі з цэнзурным уціскам газеты і часопісы часта мянялі назву, часам выходзілі як аднадзёнкі. Легальная перыёдыка, як правіла, друкавалася ў прыватных друкарнях, нелегальная — у падпольных, якія былі створаны ў многіх гарадах Зах. Беларусі і Польшчы (Беластоку, Брэсце, Вільні, Гродне, Варшаве), у 1930-я г. — Берліне і інш. месцах. Выдавецкая дзейнасць пачалася выданнямі Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі (1922—23); газеты «Вольны сцяг» (выходзіла пад рознымі назвамі), «Змаганне» і інш. адстойвалі сац. і нац. інтарэсы бел. народа, заклікалі да барацьбы за вызваленне і ўз’яднанне з БССР. Беларускі пасольскі клуб (1922—28 і 1928—30) выдаваў газеты «Голас беларуса», «Сын беларуса», «Сялянская праўда», «Беларуская доля», «Іскра», «Бюлетэнь пасольскага клуба Беларускай сялянска-работніцкай грамады» і інш. Партыя «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (1917—40) выдавала газеты «Беларуская крыніца» «Хрысціянская думка», Бел. нацыяналіст. сябрына«Беларусь працы». Выдавецкая дзейнасць актывізавалася ў 2-й пал. 1920—1-й пал. 1930-х г. Масавая Беларуская сялянска-работніцкая грамада (1925—27) выдавала газеты «Жыццё беларуса», «Беларуская ніва», «Беларуская справа», «Народная справа», «Наша справа», «Наш голас», «Наша воля», «Наша праўда», «Народны звон», сатыр. час. «Маланка». Выданні рэв.-дэмакр. і нац.вызв. арг-цыі «Змаганне» (1928—30) — «Свет», «Світанне», «Да працы», «На варце», «Наша газета» і інш. неаднаразова былі канфіскаваны. У змаганні за сац. вызваленне працоўных Зах. Беларусі значную ролю адыгралі выданні Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (1923—38): нелегальныя газ. «Чырвоны сцяг» і час. «Бальшавік». У розны час КПЗБ і Камуністычны саюз моладзі Заходняй Беларусі выдавалі газеты «Пад сцягам камунізму», «До валькі», «Беларуская газета», «Жанчына на барыкадах», «Партыйнік», «Наперад да барацьбы». «Турмы клічуць да барацьбы», «Kujmy broń» («Куйце зброю»), «Zołnierze, do walki» («Салдаты, да барацьбы»), «Barikada» («Барыкада»), «Голас салдата», «Барацьба» (Берлін), «Ройтэ фон» («Чырвоны сцяг»), «Весткі з СССР», «Бюлетэнь ЦК КПЗБ» (1927—36), «Biułetyn informacyiny КС KPZB» («Інфармацыйны бюлетэнь ЦК КПЗБ»), «Информационный бюллетень представительства КПЗБ при представительстве КПП в ИККИ», «Антивоенный бюллетень», «Бюлетэнь цэнтра нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі».

У 1930-я г. выдавецкай дзейнасцю займаліся акр. і некат. раённыя к-ты КПЗБ: Беластоцкі выдаваў газ. «Włókniarz Białostocki» («Беластоцкі тэкстыльшчык»), «Robotnik leśny w strajku» («Лясны работнік у забастоўцы»), «Лясны работнік»; Віленскі — «На барикады»; Навагрудскі — «На акупанта!»; Любчанскі — «Змаганне Навагрудчыны»; Белавежскі — «Чырвоная Гайнаўка», «Лесаруб у барацьбе»; Воўчынскі — «Наперад». Сярод камсамольскіх і выданняў для юнацтва вылучаліся газеты «Малады камуніст» (асобныя нумары на польск. і яўр. мовах), «Малады змагар», «Маладая гвардыя», «Сцяг піянера», «Голас акцябронка», часопісы «Пралом», «Часопіс для ўсіх», «Камсамолец» (Беласток), Міжнар. арг-цыя дапамогі рэвалюцыянерам (МАДР) выдавала газеты «Палітычны вязень», «Чырвоная дапамога». Культурна-асв. дзейнасцю займалася Таварыства беларускай школы. Яго выданні («Весткі», газеты «Наш палетак», «Шлях», час. «Беларускі летапіс», а таксама «Інфармацыйны бюлетэнь ТБШ», «Бюлетэнь ТБШ» і інш.) выступалі за развіццё бел. мовы, культуры, мастацтва, арганізацыю школ на роднай мове.

У 2-й пал. 1920-х — пач. 1930-х г. у Зах. Беларусі было створана шмат новых партый і арг-цый, якія актыўна займаліся выдавецкай дзейнасцю: Беларускі сялянскі саюз выдаваў газ. «Сялянская ніва», Беларуская сялянская партыя — газ. «Народ»; Цэнтральны саюз культурных і гаспадарчых арганізацый (Цэнтрасаюз) — газеты «Наперад», «Беларускі звон», «Народны звон», час. «Саха»; Т-ва бел. асветы — газ. «Родны край»\ Часовая бел. рада (Бел. нац. рада) — газ. «Беларускае слова»; левая фракцыя Бел. сацыяліст. грамады — газ. «Грамадзянін»; група Бел. фронту — газ. «Беларускі фронт»; бел. нацыянал-сацыялісты — газ. «Голас праўды», час. «Новы шлях». Канфесійныя выданні: часопісы «Праваслаўны беларус», «Беларуская зарніца», «Светач Беларусі», «Голас праваслаўнага беларуса», «Царква і народ», «Светач хрыстовае навукі»; уніяцкая царква выдавала час. «Do złuczenia» («Да злучэння»). Выходзілі часопісы сатыр. «Авадзень», «Асва»; літ.«Родныя гоні», «Неман»; студэнцкія — «Маладое жыццё», «Наш шлях», «Студэнцкая думка», «Золак», «Наш золак», «Шлях моладзі», газеты «25 сакавіка», «Шлях беларускага студэнта»; вучнёўскія і дзіцячыя выданні — часопісы «Пралескі», «Маладая Беларусь». Кааператыўныя арг-цыі выдавалі час. «Беларуская борць», Бел. аб’яднанне жанчын імя Цёткі — час. «Жаноцкая справа»; Бел. ін-т гаспадаркі і культуры — час. «Калоссе». Усе гэтыя выданні імкнуліся данесці да чытачоў праграмныя і тактычныя ўстаноўкі партый і рухаў, адмяжоўваліся ад іншадумных і вялі з імі палеміку.

У 2-й пал. 1930-х г. у Зах. Беларусі адзначалася кансалідацыя працоўных у змаганні супраць пагрозы фашызму і вайны. Польскімі ўладамі былі забаронены амаль усе формы дэмакр. работы. Спынілі сваю дзейнасць КПЗБ і КСМЗБ. Легальныя дэмакр. выданні «Беларуская газета», «Наша воля», час. «Літаратурная старонка», а таксама выданні віленскіх арг-цый. «Фронт», «Карта», «Папросту» заклікалі да згуртаванасці і рашучага адпору фашызму. Дзякуючы дэмакр. зах.-бел. перыёдыцы стварылася прафес. маст. л-ра (М.​Васілёк, М.​Танк, В.​Таўлай, П.​Пестрак, Л.​Родзевіч, А.​Салагуб, М.​Машара, К.​Сваяк, М.​Засім, І.​Дварчанін, Г.​Леўчык, А.​Іверс, С.​Новік-Пяюн, Н.​Арсеннева, Хв.Ільяшэвіч, Я.​Чабор, П.​Граніт, С.​Крывец, А.​Мілюць, Н.​Тарас і інш.). За 1921—39 зах.-бел. друк налічваў каля 270 перыяд. выданняў, у т. л. каля 70 газет-аднадзёнак.

Літ.:

Говін С.В. Друк Заходняй Беларусі (1921—1939 іт.). Мн., 1974;

Зелинский П.И., Ракевич Н.А. Печать КПЗБ в борьбе за свободу. Мн., 1977.

С.​В.​Говін.

Да арт. Заходнебеларускі друк. Падпольныя перыядычныя выданні КПЗБ.

т. 7, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)