АГО́ГІКА (ад грэч. agoge адвод, аднясенне),

у музычным выкананні невялікія, часам не пазначаныя ў нотным тэксце адхіленні ад тэмпу і метра. У вак. музыцы садзейнічае гнуткасці, выразнасці выканання, падкрэслівае матыўнае чляненне, гарманічную структуру твора, сэнсавы змест.

т. 1, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛЬМІНА́ЦЫЯ (ад лац. culmen вяршыня),

1) у літаратурным творы — найбольш напружаны момант у развіцці дзеяння, вырашальны, пераломны момант ва ўзаемаадносінах, сутыкненнях герояў або паміж героем і абставінамі. У К. раскрываецца вастрыня канфлікту, што рэалізуецца ў сюжэце твора. К. найлепш выяўляецца ў творах эпічных і драм. жанраў. Напр., у апавяданні Я.Коласа «Малады дубок» К. — сцэна прызнання Андрэя Плеха ляснічаму аб пакражы ў панскім лесе. У навеле К. звычайна перанесена бліжэй да фіналу, уяўляе сабой кантрастную сітуацыю ў адносінах да нечаканай развязкі; у рамане ці драме развязка пасля К. адбываецца паступова. У творах вял. формы кожная сюжэтная лінія мае сваю К.

2) У музыцы — момант найвышэйшага напружання ў муз. творы ці якой-н. адносна завершанай яго частцы. Прысутнічае ва ўсіх узроўнях формы музычнай (свае К. ўзнікаюць у фразе, сказе, перыядзе і інш.), і таму форма твора — сістэма кульмінацый. К. мелодыі ці ўсяго твора звычайна знаходзіцца паблізу ад пункта залатога сячэння (напр., гук ці група гукаў, якія ўтвараюць рэгістравую вяршыню ў 2-й пал. меладычнай пабудовы; працяглая кульмінацыйная зона ў санатнай форме на мяжы распрацоўкі і рэпрызы). Гал. (генеральная) К. ўтварае сэнсавы цэнтр твора перад прынцыповым завяршэннем формы. У арганізацыі К. могуць удзельнічаць усе муз.-выразныя сродкі: гукавышыннасць. гучнасная дынаміка, метрычныя акцэнты, ладавая няўстойлівасць, фактура, аркестроўка і інш. К. музычна-сцэн. твора фарміруецца ў адпаведнасці з агульнымі законамі драмы (гл. Драматургія музычная).

Літ.:

Яскевіч А. У свеце мастацкага твора. Мн., 1977.

т. 9, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАБРО́ І ЗЛО,

нарматыўна-ацэначныя катэгорыі, якія ўвасабляюць адну з найб. фундаментальных праблем філасофіі, этыкі і рэлігіі — раздзяленне і супрацьпастаўленне маральна-пазітыўнага і этычна-адмоўнага ва ўчынках і матывах дзейнасці людзей, у з’явах сац. рэчаіснасці. Умоўна вылучаюць: канвенцыянальны тып дабра і зла, паводле якога прынцыпы добразычлівасці і ліхадзейства залежаць ад канкрэтнага жыццёвага, сац. і канфесійнага вопыту і ад умоў сац.-прыроднага асяроддзя, цывілізавана-культ. развіцця чалавека і грамадства; анталагічны, які зыходзіць з таго, што дабро і зло ўкаранёны ў самой структуры рэчаіснасці ці нараджаюцца абсалютным пачаткам сусвету; інтуітыўна-апрыёрны, паводле якога дабро і зло ёсць фундаментальныя інтуіцыі альбо прыроджаныя ідэі індывід. свядомасці і ў такой сваёй якасці не падлягаюць рацыянальнай рэфлексіі і канцэптуальна-тэарэт. абгрунтаванню.

Філас. асэнсаванне праблем дабра і зла пачалося ў стараж. Індыі, Кітаі, Грэцыі. Сакрат лічыў асн. сродкам супраць зла веды, Платон сцвярджаў, што дабро належыць да свету вечных ідэй, а зло — да ўсяго зменлівага, Арыстоцель надаваў дабру і злу статус найважнейшых этычных катэгорый. Гэтыя ідэі развіты ў творах Б.Спінозы, Вальтэра, Д.Дзідро, Г.Гегеля, А.Шапенгаўэра, Ф.Ніцшэ і інш. філосафаў 17—18 ст. Найб. значны ўклад у распрацоўку гэтай праблематыкі зрабіў І.Кант, які сцвярджаў магчымасць перамогі дабра над злом. Філас.-этычную праблематыку дабра і зла распрацоўвалі бел. мысліцелі М.Гусоўскі, М.Цішкевіч, Ф.Скарына, А.Волан, С.Будны, С.Лован, С.Зізаній, М.Сматрыцкі, Сімяон Полацкі, К.Нарбут, Г.Каніскі, К.Каліноўскі, Я.Лучына, Я.Купала, Я.Колас, М.Багдановіч і інш.

Рэліг. варыянт асэнсавання дабра і зла зыходзіць з першаснасці боскага дабра, з наперадустаноўленай гармоніі сусветных і чалавечых першаасноў, разбураных грэхападзеннем. У хрысціянстве чалавек традыцыйна прадстае як носьбіт двух першаасноў: плоць імкнецца да зла, дух — да дабра. Выбар у карысць дабра сведчыць аб адзінстве з хрысц. супольнасцю праведных і пачатак індывід. выратавання, што і ўвасабляе сабой кардынальны сэнсавы матыў гіст. працэсу развіцця асобы і грамадства.

Я.М.Бабосаў.

т. 5, с. 559

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЮРМО́РТ (франц. nature morte літар. мёртвая прырода),

1) жанр выяўленчага мастацтва (пераважна станковага жывапісу і графікі), прысвечаны адлюстраванню неадушаўлёных прадметаў, размешчаных у адзіным асяроддзі і арганізаваных праз пэўныя эстэт. і сэнсавыя сувязі ў групу. Можа адлюстроўваць і аб’екты жывой прыроды, ізаляваныя ад іх натуральных сувязей і ператвораныя ў рэч (рыба на стале, кветкі ў букеце і інш.), або якія дапаўняюць асн. матыў Н. (выявы птушкі, звера, чалавека).

2) Твор гэтага Жанру. Н. найчасцей складаецца спецыяльна для таго, каб быць адлюстраваным. Гэта абумоўлівае спецыфіку яго кампазіцыі, якая набывае выразна дэманстратыўны характар і з’яўляецца асноваўтваральнай уласцівасцю жанру. Адлюстраванне рэчаў у Н. можа мець самаст. значэнне, падпарадкоўвацца рашэнню дэкар. задач, ствараць складаны сэнсавы падтэкст, што адлюстроўвае сац. становішча, асаблівасці і характар жыцця гаспадара рэчаў, светапогляд мастака і яго адносіны да рэчаіснасці, пэўны сімвалічны змест, асацыяцыі і маст. паралелі і інш. Спецыфіка жанру вызначае павышаную ўвагу да праблем выразнасці маст. формы: архітэктонікі кампазіцыі, структуры і дэталяў аб’ёму, фактуры, характару арганізацыі прасторы ці плоскасці. Вял. ролю ў Н. адыгрываюць традыцыі жанру.

Вытокі Н. ў дэкар., сімвалічным і рытуальным адлюстраванні рэчаў у стараж. мастацтве (фрэскі і рэльефы Егіпта, Грэцыі, Рыма), сярэдневяковым рэліг. мастацтве Еўропы, класічным мастацтве Кітая і Японіі 11—18 ст. Як самаст. жанр склаўся ў эпоху Адраджэння ў Італіі (першы вядомы Н. — «Курапатка са стралой і пальчаткамі» Якопа дэ Барбары, 1504). Н. італьян., ісп. і нідэрл. мастакоў таго часу вызначаліся асаблівай увагай да матэрыяльнага свету рэчаў, ілюзіяністычна дакладнага іх адлюстравання (т. зв. Н.-падманкі).

Пераважна адлюстроўвалі інтэр’еры кухняў і корчмаў (т.зв. бадэгон, у якім аднолькавая ўвага аддавалася і рэчаваму асяроддзю, і персанажам), накрытыя сталы, т.зв. ванітас (тып Н., дзе прадметы, якія сімвалізуюць багацце прыроды і дзейнасці чалавека, супрацьпастаўляюцца элементам, што нагадваюць пра смерць). Станаўленне і росквіт Н. прыпадае на 17 ст., што звязана з ростам цікавасці да побыту, прыватнага жыцця чалавека, пашырэннем метаду маст. асваення свету, развіццём нац. школ жывапісу. У гэты перыяд вызначаліся ўсе асн. разнавіднасці, тэматычныя і іканаграфічныя варыянты Н. («сняданкі», «дэсерты», «рыбы», «кветкі і садавіна», «трафеі палявання», «кладоўкі», «бітая дзічына», «рынкі» і інш.). Стылістычныя асаблівасці італьян. і ісп. Н. у вял. ступені вызначылі маст. рэформы М.Караваджа (творы П.П.Бонцы, М.Кампідольё, Дж.Рэка, Дж.Б.Руапола, Э.Баскеніса, Італія; Х.Санчэса Котана, Ф.Сурбарана, А.Перэды, Іспанія). У кампазіцыях галандскіх мастакоў Н. набыў камерны характар, дэмакратызм і паэтычнасць вобразаў у спалучэнні з дакладнай жывапіснай распрацоўкай прасторы і фактуры рэчаў, пластыкай форм (творы А.Беерэна, Я.Венікса, П. ван дэр Віліге, В.Калфа, П.Класа, В.Хеды, Я.Д. дэ Хема, М.Хондэкутэра і інш). У флам. мастацтве вызначаўся жыццесцвярджальным характарам, манументальнасцю і веліччу гучання, складанасцю і дынамізмам кампазіцый, дэкаратыўнасцю (творы П. дэ Воса, Д.Сегерса, Ф.Снейдэрса, Я.Фейта). Развіваўся таксама ў ням. (Г.Флегель) і франц. (Л.Бажэн, А.Ф.Дэпорт, Ж.Б.Мануае, Ж.Б.Удры) мастацтве. У 18 ст. адной з асн. маст. мэт жанру стала дакладнае ілюзіяністычнае адлюстраванне рэчаў. Н., прызначаныя пераважна для аздаблення інтэр’ераў, набылі дэкар. характар, у іх кампазіцыі пераважалі кветкі і садавіна. Дэмакратызмам і глыбінёй зместу, багаццем кампазіцыйных і каларыстычных вырашэнняў вызначаліся Н. франц. мастака Ж.Б.С.Шардэна. У сярэдзіне 18 ст. ўзнік тэрмін «nature morte», які перадаваў непаважлівыя адносіны да Н. з боку акад. мастацтва, якое аддавала перавагу «жывой натуры» і жанрам, звязаным з яе адлюстраваннем. Рус. нацюрморт 18 ст. вызначаўся натуралістычна-дакладнай перадачай рэчавага асяроддзя (П.Багамолаў, Р.Цяплоў і інш.). У пач. 19 ст. Н. існаваў пераважна ў якасці акад. вывучэння натуры. Пэўны ўздым жанру быў уласцівы асобным творам мастакоў бідэрмеера і рус. мастакоў (Ф.П.Талстой, школа А.Венецыянава). З кампазіцыі Н. знікаюць рукатворныя рэчы, пераважаюць матывы кветак, напісаныя па кампазіцыйных схемах флам. дэкар. Н. 17 ст. У жанры Н. спецыялізаваліся А.Фантэн-Латур (Францыя), У.Харнет, Ч.У.Піль (ЗША), звярталіся да яго Ф.Гоя (Іспанія), Э.Дэлакруа, Г.Курбэ (Фрапцыя) і інш. У 2-й пал. 19 ст. пераважалі крыху мадэрнізаваныя традыц. акад. схемы, франтальныя цэнтрычныя кампазіцыі, Н. эцюднага характару. Супраць уяўлення Н. як замкнёнай кампазіцыі са статычных аб’ектаў выступалі імпрэсіяністы, што часта прадстаўлялі яго ў інтэр’еры або пейзажы як часткі прыроды. Рус. перасоўнікаў быт. рэчы як тэма асобнага твора не цікавілі, лічыліся ўвасабленнем банальнасці жыцця і яго фальшывага бляску. Сярод эцюдаў Н. перасоўнікаў пераважалі «букеты» (І.Крамской, І.Рэпін, В.Сурыкаў, В.Паленаў). У канцы 19 — пач. 20 ст. адбыўся ўздым Н., вырасла яго роля як самаст. жанру. Праз яго мастакі-постімпрэсіяністы рэалізоўвалі новыя шляхі ў мастацтве (П.Сезан у Францыі, В.ван Гог у Галандыі). У 20 ст. да Н., у якім адкрыліся бязмежныя магчымасці распрацоўкі ўласнай стылістыкі, эксперыментаў з формай і раскрыцця ўнутр. сутнасці прадметаў, адлюстравання светаўспрымання канкрэтнага чалавека пачалі звяртацца прадстаўнікі ўсіх маст. кірункаў. У жанры Н. стваралі кампазіцыі Ж.Абей, Э.Афрэ, Ж.Брак, Ф.Геры-Кала, Х.Грыс, Ж.Гузі, А.Дэрэн, П.Дзюкардо, К.Івель, К.Лепап, Р.Магрыт, А.Матыс, Ж.Міро, П.Пікасо (Францыя), Ю.Гес, А.Канальт (Германія), Р.Гутуза, Ф.Казараці, Дж.Марандзі, Дж.Северыні (Італія), Ф.Эліяс (Іспанія), І.Альберт, Дж.Энсар (Бельгія), Б.Кубіша, Э.Філа (Чэхія), Дж.Біл, У.Бэйлі, Э.Уает, Дж.Фіш (ЗША), Жэнь Банянь, Цы Байшы (Кітай), А.Акапян, М.Сар’ян (Арменія), Л.Свемп, Л.Эндзеліна (Латвія), А.Асмёркін, А.Галавін, Н.Ганчарова, І.Грабар, П.Канчалоўскі, К.Каровін, П.Кузняцоў, А.Купрын, М.Ларыёнаў, А.Лянтулаў, І.Машкоў, І.Пуні, К.Пятроў-Водкін, В.Раждзественскі, М.Сапуноў, С.Судзейкін, Р.Фальк, А.Экстэр (Расія) і інш.

На Беларусі Н. вядомы з 16 ст. ў кніжнай графіцы: гравюра «Взор стола на немже бе хлеб посвященный» у кнізе Ф.Скарыны «Зыход», алегарычную ролю адыгрывае прадметнае асяроддзе ў партрэце да яго «Бібліі». Элементы Н. трапляюцца ў ілюстрацыях да «Хронікі ўсяго свету» М.Бельскага (16 ст.), паліванай кафлі 16—17 ст., іканапісе («Нараджэнне Марыі» П.Яўсеевіча з Галынца, 1649; «Тройца», 18 ст., і інш.), сармацкіх партрэтах 16—18 ст. (атрыбуты ўлады, зброя і інш.). У 19 ст. выдатным майстрам Н. быў І.Хруцкі, які праз адлюстраванне рэчаў перадаваў асабістае адчуванне радасці быцця. У 1-й пал. 20 ст. лірычныя Н. стваралі І.Ахрэмчык, В.Волкаў, Я.Красоўскі, Д.Парахня, М.Станюта, М.Тарасікаў і інш. У 2-й пал. 20 ст. бел. Н. узбагаціўся новымі матывамі і вобразна-пластычнымі якасцямі. Пашырыліся тэмы Вял. Айч. вайны, дзе праз свет рэчаў раскрываюцца памяць і смутак народа пра тых, хто загінуў, нац. культурнай спадчыны, т.зв. сялянскі Н. і інш. У 1990-я г. вял. ўвагу ў Н. аддавалі асацыяцыям, сімвалам, знакавай сутнасці рэчаў, фармальным элементам кампазіцыі. У жанры Н. працавалі і працуюць Дз.Алейнік, Б.Аракчэеў, Я.Батальёнак, Э.Балагураў, Г.Бржазоўскі, Н.Варвановіч, Г.Вашчанка, Н.Воранаў, А.Гугель, Ф.Гумен, М.Данцыг, Л.Дударэнка, В.Жолтак, Г.Ізергіна, А.Замай, М.Ісаёнак, Б.Казакоў, А.Карпан, Р.Кудрэвіч, С.Лі, А.Малішэўскі, Б.Малкін, А.Марачкін, В.Маркавец, А.Марыкс, У.Мінейка, Н.Паплаўская, А.Паслядовіч, А.Пашкевіч, Я.Радзялоўская, В.Сахненка, В.Свентахоўская, У.Сулкоўскі, В.Сумараў, У.Тоўсцік, У.Хадаровіч, Я.Харытоненка, А.Шаўчэнка, Л.Шчамялёў, Н.Шчасная, В.Цвірка і інш. Н. ў дэкар.-прыкладным мастацтве стварылі В.Грыдзіна, В.Крывашэева (габелены), М.Байрачны, А.Паддубны, В.Прыешкін, Т.Сакалова, У.Угрыновіч (кераміка) і інш.

Літ.:

Кузнецов Ю.И. Западноевропейский натюрморт. Л.;

М., 1966;

Ракова М.М. Русский натюрморт конца XIX — начала XX в. М., 1970;

Пружан И.Н., Пушкарев В.А Натюрморт в русской и советской живописи. Л., 1971;

Герчук Ю.Я. Живые вещи. М., 1977;

Герасімовіч П.М. Нацюрморт: Тв. бел. мастакоў. Мн., 1982;

Натюрморт в европейской живописи XVI — начала XX в.: Кат. М., 1984.

М.Л.Цыбульскі.

Да арт. Нацюрморт. М.Караваджа. Кошык з садавінай. 1596.
Да арт. Нацюрморт. І.Хруцкі. Садавіна і свечка. 1840-я г.
Да арт. Нацюрморт. Х.Грыс. Нацюрморт. 1917.
Да арт. Нацюрморт. В.Маркавец. Нацюрморт з кларнетам. 1975.
Да арт. Нацюрморт. А.Замай. Водар лесу. 1986.
Да арт. Нацюрморт. У.Хадаровіч. На Каляды. 1990.

т. 11, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)