ЗАРЭ́ЦКАЯ ВІНАКУ́РНА-ДРО́ЖДЖАВАЯ ФА́БРЫКА.

Дзейнічала ў 1884—1914 у маёнтку Зарэчча Сенненскага пав. (цяпер вёска ў Талачынскім р-не Віцебскай вобл.). Вырабляла прасаваныя сухія дрожджы, хлебны спірт-сырэц. У 1895—1913 была паравая машына (17 к.с.) і 3 паравыя катлы. У 1906 працавалі 84 чал.

т. 6, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭНАТУРАВА́НЫ СПІРТ, дэнатурат,

этылавы спірт-сырэц з дабаўкамі фарбавальніку, які надае яму сіне-фіялетавы колер, а таксама спец. рэчываў (пераважна пірыдзінавых асноў) з непрыемным пахам і смакам. Мае сівушнае масла, метанол і інш. шкодныя для арганізма прымесі, якія нельга вылучыць перагонкай, вымарожваннем і інш. найпрасцейшымі фізіка-хім. метадамі. Выкарыстоўваюць як растваральнік лакаў і палітур. Таксічны.

т. 6, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖА́БІНКАЎСКІ ЦУКРО́ВЫ ЗАВО́Д.

Пабудаваны ў 1963 у г. Жабінка. З 1996 адкрытае акцыянернае таварыства. З 1992 праводзіцца рэканструкцыя. У 1997 пабудаваны будынак ТЭЦ. Буйнейшае прадпрыемства на Беларусі па вытв-сці цукру з цукр. буракоў і імпартнай сыравіны (цукар-сырэц з Бразіліі і Кубы). Асн. прадукцыя (1997): цукар-пясок, патака-мелес, бурачныя жамерыны.

т. 6, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫБАПРАМЫСЛО́ВЫЯ СУ́ДНЫ,

марскія, рачныя або азёрныя судны для здабычы (лоўлі), апрацоўкі і транспартавання рыбы. Да рыбалоўных Р.с. адносяцца траўлеры, сейнеры, рыбалоўныя боты і інш.; да рыбаапрацоўчых — плывучыя базы, кансервавыя з-ды і вытв. рэфрыжэратары (прымаюць рыбу-сырэц ад здабыўных суднаў і перапрацоўваюць яе ў паўфабрыкат ці гатовую прадукцыю); да транспартных — быстраходныя трансп. рэфрыжэратары. Гл. таксама Рыбная прамысловасць.

Рыбапрамысловае судна: транспартны рэфрыжэратар.

т. 13, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРШЧЭ́ЎШЧЫНСКІ ВІНАКУ́РНЫ ЗАВО́Д.

Дзейнічаў на Беларусі ў 1887—1914 у маёнтку Гаршчэўшчына Аршанскага пав. (цяпер вёска ў Талачынскім р-не Віцебскай вобл.). З жыта, ячменю і бульбы вырабляў і ачышчаў спірт-сырэц, з якога гатавалася гарэлка. Меў паравую машыну (з 1890), у 1895 — паравы кацёл. У 1910 і 1913 працавала па 55 рабочых. У 1900 і 1910 выпускалася па 61—65 тыс. вёдзер гарэлкі.

т. 5, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДЗЕ́ЙСКІ ЦУКРО́ВЫ КАМБІНА́Т.

Створаны ў г.п. Гарадзея Нясвіжскага р-на Мінскай вобл. ў 1959 як цукр. з-д. З 1976 камбінат. У 1975—85 у складзе камбіната дзейнічаў з-д каліброўкі насення цукр. буракоў, у 1976—85 — саўгас «Буракаводчы». Мае цэхі па перапрацоўцы цукр. буракоў і жамерынасушыльны. Працуе на мясц. сыравіне (цукр. буракі), часткова на прывазной (цукар-сырэц з Кубы і Бразіліі). Асн. прадукцыя (1996): цукар-пясок, жамерыны, патака.

т. 5, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУНТАМАТЭРЫЯ́ЛЫ,

будаўнічыя матэрыялы, якія вырабляюць з гліністых грунтоў (глін, суглінкаў, супескаў) без абпальвання з выкарыстаннем вяжучых рэчываў. Падзяляюцца на грунтабетоны (умацоўваюцца цэментам, вапнай, гіпсам) і грунтасілікатныя матэрыялы (умацоўваюцца грунтацэментам — сумессю алюмасілікатных рэчываў са злучэннямі шчолачных металаў), сырцовыя (робяцца з гліны без прымесей, напр. цэгла-сырэц) і саманныя (з гліны і валакністых запаўняльнікаў, напр. саломы, кастрыцы). Грунтабетоны, сырцовыя і саманныя грунтаматэрыялы воданяўстойлівыя, грунтасілікатныя — вода- і марозаўстойлівыя. Грунтаматэрыялы выкарыстоўваюць у дарожным, гідратэхн., аэрадромным, сельскім буд-ве.

П.​М.​Багаслаўчык.

т. 5, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́ЧЫЦКІ ДО́СЛЕДНА-ПРАМЫСЛО́ВЫ ГІДРО́ЛІЗНЫ ЗАВО́Д Уведзены ў эксплуатацыю і даў першую прадукцыю ў 1931 у г. Рэчыца Гомельскай вобл. як Бел. дубільна-экстрактавы з-д. У Вял. Айч. вайну каштоўнае абсталяванне эвакуіравана на Шумерлінскі з-д «Дубіцель» (Чувашыя). У 1943—46 выпуск прадукцыі адноўлены, у 1953 рэканструяваны. З 1957 — з-д дубільных экстрактаў, з 1963 — гідролізна-дражджавы з-д. У 1965—71 пабудавана гідролізна-дражджавая вытв-сць. З 1983 — сучасная назва. У 1986—90 гідролізна-дражджавая вытв-сць пераабсталявана. З 1992 выпускае тэхн. фурфурол. Асн. прадукцыя (2001): дрожджы кармавыя, тэхн. фурфурол і фурфурол-сырэц, экстракт дубовы дубільны, тавары нар. ўжытку (паркет, дошкі для падлогі і інш.).

т. 14, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІ́ТКА тэкстыльная,

тонкі, гнуткі, трывалы выраб вял. даўжыні з тэкст. валокнаў прыродных ці валокнаў хімічных. Адрозніваюць Н. зыходныя, што не падзяляюцца ў падоўжным напрамку без парушэння (напр., элементарныя натуральныя Н., у т. л. шоўк-сырэц, монанітка), першасныя (пража і комплексныя, якія складаюцца з некалькіх элементарных Н.) і другасныя (кручаныя; звычайна атрымліваюць скручваннем некалькіх першасных Н.). Другасныя Н. вырабляюць тэкстураванымі (высокааб’ёмнымі) і фасоннымі (з петлямі, патаўшчэннямі і інш. перыяд. змяненнямі структуры Н.). Скручваннем пражы і комплексных Н. атрымліваюць Н. камбінаваныя. Паводле саставу падзяляюць на аднародныя — з валокнаў аднаго віду (напр., баваўняныя, шарсцяныя, віскозныя) і змяшаныя — з валокнаў розных відаў (напр., ільнолаўсанавыя). Выкарыстоўваюць для вырабу тканіны, трыкатажу, нятканых матэрыялаў, штучнага футра, швейных Н. і інш.

т. 11, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАДЗІ́ЛЬНЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,

с.-г. расліны, якія вырошчваюць для атрымання валокнаў. Належаць да розных сям., вырошчваюць ва ўмераных, субтрапічных і трапічных зонах. Валокны ўтвараюцца ў сцёблах (лён, каноплі і інш. лубяныя культуры), у лісці (тэкст. агава — сізаль, тэкст. банан — абака), на насенні (бавоўнік), у пладах (какосавая пальма). Колькасць валакна ў П.к.: лён-даўгунец 20—28%, каноплі да 25%, джут 20—25%, бавоўна-сырэц 25—40%. Валокны П.к. — сыравіна для тэкст. і інш. прам-сці, з іх вырабляюць тканіны, трыкатаж, дываны, ніткі, вату, канаты, вяроўкі і інш. Выкарыстоўваюцца пабочныя прадукты вытв-сці валокнаў (алей, макуха, кастрыца і інш.). П.к. вырошчваюць ва ўсіх земляробчых раёнах свету, найб. плошчу займаюць бавоўнік, джут, каноплі, лён. На Беларусі культывуюць лён-даўгунец (у 2000 пасяўная плошча 78,8 тыс. га).

П.​М.​Сяргееў.

т. 12, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)