Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯССЦЁКАВАЯ ТЭХНАЛО́ГІЯ,
тэхналагічны працэс, пры якім у навакольнае асяроддзе не паступаюць сцёкавыя воды. Ажыццяўляецца арганізацыяй водаабароту — лакальнай ачысткі забруджанай вады і яе вяртання ў тэхнал. працэс або выкарыстання ў іншых мэтах. Гл. таксама Абаротнае водазабеспячэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНАЛІЗА́ЦЫЯ,
1) комплекс інж. збудаванняў для прыёму, ачысткі і выдалення за межы населеных пунктаў сцёкавых вод; неабходны элемент упарадкаванасці населеных пунктаў, паляпшэння быт. і сан.-гігіенічных умоў. Падзяляецца на ўнутраную (К. будынкаў) і вонкавую (К. тэрыторый). Унутраная складаецца з сан. прылад — прыёмнікаў (умывальнікаў, ракавін, ваннаў і г.д.) і каналізацыйнай сеткі. Сістэмы К.: агульнасплаўныя — усе сцёкавыя воды (бытавыя, вытв., атм.) выводзяцца па адной сетцы труб; раздзельныя — адна сетка труб для гасп.-фекальных, другая для атм. вод; паўраздзельныя — функцыянуюць як агульнасплаўныя ў час невял. дажджоў і як раздзельныя пры вял. колькасці ападкаў. Калі няма цэнтралізаванай К., для будынкаў з водаправодам робяць мясцовую К., сцёкавыя воды ў ёй ачышчаюцца ў адстойніках (септыках) і на пляцоўках падземнай фільтрацыі.
2) Размеркаванне эл. энергіі паміж асобнымі спажыўцамі; кабельная К. — сістэма керамічных або бетонных труб, укладзеных пад зямлёй; служыць для пракладкі кабелю падземных ліній сувязі (тэлефон, тэлеграф і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРЭСІ́ЎНАСЦЬ ВАДЫ́,
здольнасць вады разбураць металы, бетон і інш. матэрыялы ў выніку ўздзеяння растворанымі ў ёй солямі або газамі. Асабліва высокая ў вады, якая мае солі амонію, саляную, серную і інш. кіслоты. Павышанай агрэсіўнасцю валодаюць неачышчаныя сцёкавыя воды, воды, забруджаныя змытымі з палёў хім. ўгнаеннямі, атмасферная вільгаць, насычаная злучэннямі азоту, серы і інш. кіслотаўтваральных элементаў («кіслотныя дажджы»), Высокаагрэсіўныя воды неспрыяльныя і нават згубныя для існавання многіх арганізмаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТЛАВІ́НА,
адмоўная форма рэльефу акруглай ці слаба выцягнутай формы. Можа быць замкнёнай або адкрытай у адным ці двух процілеглых кірунках. Наземныя К. маюць памеры ад некалькіх метраў да дзесяткаў і соцень кіламетраў. Паводле паходжання і геал. будовы бываюць тэктанічныя, вулканічныя, эразійныя, ледавіковыя, карставыя, дэфляцыйныя і інш.; паводле марфалогіі — пласкадонныя, чашападобныя і інш.; па рэжыме сцёку — праточныя, сцёкавыя і бяссцёкавыя. Падводныя К. ўтвараюць найб. буйныя адмоўныя формы рэльефу — ложа акіяна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНАЛІЗАЦЫ́ЙНАЯ СЕ́ТКА,
сукупнасць падземных трубаправодаў і калектараў для прыёму і выдалення з тэр. населеных пунктаў і прадпрыемстваў сцёкавых вод для іх ачысткі і абеззаражвання ў ачышчальных збудаваннях; асн.ч. сістэмы каналізацыі. Бывае ўнутраная (для выдалення быт. і прамысл. сцёкавых вод за межы будынкаў і збудаванняў) і вонкавая (дваровая, унутрыквартальная, вулічная).
Асн. элементы ўнутр. К.с.: адводныя лініі (каналізацыйныя трубы) з прыёмнікамі сцёкавых вод (умывальнікамі, ракавінамі, ваннамі, і інш.), стаякі і выпускныя (з будынка) прыстасаванні. Вонкавая К.с. — безнапорныя трубаправоды з жалезабетонных, бетонных, керамічных, чыгунных, азбестацэментных труб, пракладзеных з нахілам, а таксама калектары (трубы, якія збіраюць сцёкавыя воды з басейнаў каналізавання і адводзяць іх на ачыстку, затым у вадаём). Калі самацёчны рух немагчымы, будуюць помпавыя станцыі. Перасячэнні К.с. з рэкамі, ярамі, чыгункамі робяць з дапамогай дзюкераў, пераходаў, эстакад. Для назірання за К.с. і яе ачысткі на трасе будуюць спец.калодзежы. Гл. таксама Ачыстка сцёкавых водаў.
А.Р.Варонін.
Каналізацыйная сетка: а — унутраная (1 — вентыляцыйная труба, 2 — санітарныя прылады — прыёмнікі, 3 — выпускны трубаправод, 4—6 — назіральныя і кантрольны калодзежы); б — вонкавая (1 — сетка населенага месца, 2 — помпавыя станцыі, 3 — трубаправод, 4—5 — збудаванні, у якіх збіраюць і ачышчаюць сцёкавыя воды прамысловага прадпрыемства П, 6—7 — ачышчальныя збудаванні, 8 — трубаправод з рассейвальным прыстасаваннем).
прыўнясенне ў прыроднае асяроддзе нехарактэрных для яго або надзвычайнае павелічэнне колькасці пастаянна прысутных у ім відаў мікраарганізмаў; форма біялагічнага забруджвання. Вынік прыроднага пераносу мікраарганізмаў (паветр. плынямі, жывёламі, з насеннем і інш.), масавага іх размнажэння на антрапагенных (бытавыя адходы, сцёкавыя воды і інш.) ці змененых чалавекам прыродных субстратах і інш. Часта спадарожнічае біятычнаму (непажаданымі біягенамі, напр., угнаеннямі, выдзяленнямі арганізмаў, трупамі) і механічнаму забруджванню. Найб. небяспечнае М.з. мікробамі, патагеннымі для чалавека, жывёл і раслін або здольнымі пры пэўных умовах набываць патагенныя ўласцівасці (сінягнойная. кішэчная палачка і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІ́ ФІЛЬТРА́ЦЫІ,
зямельныя ўчасткі для натуральнай біялагічнай ачысткі сцёкавых вод шляхам прасочвання праз глебавыя гарызонты. Ствараюць у складзе ачышчальных збудаванняў на лёгкіх (пясчаных, супясчаных і сугліністых) грунтах з добрымі фільтрацыйнымі якасцямі. Складаюцца з участкаў з амаль гарыз. паверхняй (пл. 0,5—2 га). Сцёкавыя воды, папярэдне ачышчаныя ад мех. дамешкаў, тлушчу, яйцаў гельмінтаў і інш., па каналах падаюцца на П.ф. (слой вады 20—30 см). Вада прасочваецца праз глебу і па дрэнах і калектары скідваецца ў раку. П.ф. будуюцца каля нас. пунктаў з цэнтралізаванай каналізацыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТАРКТЫ́ЧНЫ АНТЫЦЫКЛО́Н,
вобласць высокага атм. ціску над Усх. Антарктыдай. Праяўляецца на працягу ўсяго года. Асабліва ўстойлівы зімой (чэрв.—жн.), калі ў час палярнай ночы мацярык моцна выхалоджваецца (т-ра ледавіковага покрыва апускаецца да -55 °C, паветра — да -89,3 °C). На перыферыі антарктычных антыцыклонаў слабыя ўсх. вятры, якія ў зоне ледавіковага схілу ператвараюцца ў сцёкавыя і ўраганныя. Найб. ціск у цэнтры антарктычнага антыцыклону на плато Савецкае (4000 м над узр. м.). Пераважае бязвоблачнае, вельмі халоднае і сухое надвор’е. Назіраецца асяданне паветра ў працэсе кампенсацыі сцёку яго з мацерыка. На вышыні антарктычны антыцыклон замяшчаецца каляпалярнай дэпрэсіяй — зонай нізкага ціску.