ЛУЧЫ́ЗМ, прамянізм,
кірунак у рус. авангардным жывапісе пач. 20 ст. Узнік у 1909 пасля экспазіцыі на выстаўцы Маскоўскага т-ва свабоднай эстэтыкі карціны М.Ларыёнава «Шкло». У 1910—14 да метаду Л. далучыліся Д.Бурлюк, У.Бурлюк, Н.Ганчарова, К.Зданевіч і інш. Сутнасць Л. выкладзена ў 1911 у аднайм. маніфесце Ларыёнава (апубл. ў 1913). Мастакі ставілі за мэту вывесці карціну па-за прастору і час у «чацвёртае вымярэнне» і сцерці межы паміж карціннай плоскасцю і натурай. У творах лучыстаў выяўляўся не сам прадмет, а адбітыя ад яго паверхні светлавыя промні, якія ўмоўна перадаваліся на плоскасці карціны каляровымі лініямі. Іх танальнасць і інтэнсіўнасць павінны былі надаваць сэнс новым формам.
Літ.:
Ларионов М. Лучизм. М., 1913;
Неизвестный русский авангард в музеях и частных собраниях. М., 1992.
М.Каранеўская.
т. 9, с. 379
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)