МІСТЫЦЫ́ЗМ,
схільнасць да містычнага (гл. Містыка); рэлігійна-культавая практыка, накіраваная на дасягненне яднання са звышнатуральнымі сіламі (акультызм, спірытызм, астралогія, магія, парапсіхалогія і інш.), а таксама сукупнасць дактрын, якія асэнсоўваюць і абгрунтоўваюць гэтую практыку.
т. 10, с. 474
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАІКА́ННЕ,
функцыянальнае парушэнне мовы. Характарызуецца адвольнымі паўзамі рознай працягласці, паўторам асобных гукаў, складоў, слоў пры размове. Прычыны хваробы: генетычная схільнасць, частыя псіхатраўмы, неўратычны фон, саматычная аслабленасць. Найчасцей узнікае ў дзяцей ранняга ўзросту (2—5 гадоў). Лячэнне: псіхатэрапія, гіпноз і інш.
т. 6, с. 500
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЦЫДАФІЛІ́Я (ад лац. acidus кіслы + ...філія),
схільнасць клетачных структур афарбоўвацца кіслымі фарбавальнікамі (эазінам, кіслым фуксінам, пікрынавай кіслатой і інш.). Выбіральная адсорбцыя кіслых фарбавальнікаў вызначаецца шчолачнымі ўласцівасцямі тканкавых структур. Ацыдафілія разам з базафіліяй выкарыстоўваецца ў гісталагічнай практыцы, паталагічнай анатоміі, гематалогіі, анкалогіі і цыталогіі для адрознівання клетачных структур (напр., пры аналізе клетак крыві).
т. 2, с. 162
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАГІПНО́З (ад аўта... + гіпноз),
гіпнатычны стан (гл. Гіпноз), выкліканы самаўнушэннем, у процілегласць гетэрагіпнозу, выкліканаму ўздзеяннем інш. чалавека; адзін з прыёмаў у аўтагеннай трэніроўцы. Мэтанакіраванае ўвядзенне самога сябе ў гіпнатычны стан дасягаецца пэўнымі прыёмамі. Схільнасць да аўтагіпнозу залежыць ад фіз. і эмацыянальнага стану, асобасных асаблівасцяў, здольнасці да самакіравання фізіял. і псіхічнымі функцыямі.
т. 2, с. 109
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯТЭ́З ГЕМАРАГІ́ЧНЫ,
прыроджаныя ці набытыя хваробы крыві, асн. прыкмета якіх павышаныя крывацёк і кровазліццё. Развіццё Д.г. звязваюць з паталогіяй кампанентаў згусання крыві (плазмавых і тромбацытарных), узмацненнем фібрынолізу, наяўнасцю антыкаагулянтаў ў крыві, павышэннем пранікальнасці сасудаў ці анамаліяй іх сценак. Прыкметы: кровазліццё пад скуру, у суставы, мышачныя гематомы, крывацёкі (страўнікава-кішачныя, нырачныя, са слізістых абалонак і інш.), крывацёк з пупочнай ранкі пры нараджэнні дзіцяці, калі прарэзваюцца ці мяняюцца зубы, схільнасць да інфекц. хвароб.
М.З.Ягоўдзік.
т. 6, с. 318
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗМІ́ТРЫЕЎ (Генадзь Рыгоравіч) (н. 18.10.1943, в. Першамайка Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл.),
бел. паэт. Скончыў БДУ (1970). Працаваў на будоўлі, настаўнічаў. Друкуецца з 1960. Выдаў зб-кі «Гарады на далонях» (1974), «Азярыны» (1980), для дзяцей — «Птушка Сінязорка» (1976). У вершах адлюстравана біяграфія аўтара — праца на будоўлі, армейская служба, маральны вопыт перажытага, адчуваецца схільнасць да разваг, да інтанацыйна вольнага выказвання. Паэт умее прыкмячаць глыбінныя ўласцівасці з’яў, хараство прыроды, чалавечай душы.
А.М.Пяткевіч.
т. 6, с. 124
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРАНТАФІЛІ́Я [ад грэч. gerōn (gerontos) стары + ...філія],
палавая цяга да асоб старэчага ўзросту; своеасаблівая форма фетышызму. На схільнасць маладых людзей да герантафіліі могуць уплываць першыя сексуальныя перажыванні, звязаныя з дарослымі. У маладой жанчыны прычыну герантафіліі часцей тлумачаць яе незадаволенасцю палавымі кантактамі з маладым чалавекам; зрэдку прычынай герантафіліі могуць быць яе садамазахісцкія схільнасці. Цяга маладых мужчын да жанчын пажылога і старэчага ўзросту можа выклікацца іх няўпэўненасцю ў сваіх здольнасцях пры кантактах з маладымі жанчынамі.
т. 5, с. 168
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУЧКО́Ў (Мікалай Афанасьевіч) (6.1.1911, Масква — 13.4.1994),
расійскі кінаакцёр. Нар. арт. СССР (1965). Герой Сац. Працы (1980). З 1928 у маскоўскім ТРАМе. Вучань М.П.Хмялёва, І.Я.Судакова. Дэбютаваў у фільме «Ускраіна» (1933). Зняўся ў фільмах: «Камсамольск», «На граніцы» (абодва 1938), «Трактарысты» (1939; Дзярж. прэмія СССР 1941), «Ноч у верасні» (1939), «Хлопец з нашага горада» (1942), «У імя Радзімы» (1943), «Несмяротны гарнізон», «Сорак першы» (абодва 1956), «Суд» (1962), «Гнёзды» (1966, у пракаце «Аблудны»), «Гараджане» (1976), «Асабліва важнае заданне» (1981) і інш. Творчай манеры К. ўласцівы схільнасць да сакавітых быт. дэталяў, імкненне да раскрыцця духоўнага свету герояў, псіхалагізму.
Літ.:
Иванова Т.В., Неделин В.А. Николай Крючков. М., 1984.
т. 8, с. 490
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛАСЭ́РНАСЦЬ,
схільнасць да спагады іншым, да літасці над кім-небудзь. У паняцці «М.» спалучаюцца духоўна-эмацыянальны аспект (перажыванне чужога болю як свайго) і канкрэтна-практычны (імкненне да дапамогі). Вытокі М. як рэальнага прынцыпу ляжаць у архаічнай радавой салідарнасці, якая абавязвала цаной любых ахвяр дапамагаць родзічам. М. прапаведуюць сусв. рэлігіі, перш за ўсё будызм і хрысціянства. Будызм разумее жыццё ўвогуле як пакуты, а таму М. трактуецца як універсальны прынцып адносін да ўсяго жывога. Хрысціянства ўносіць спецыфічную матывацыю М. — асабістую любоў да Хрыста. У выпадку маёмаснай і інш. няроўнасці застаецца адзінота, старасць і інш. пакуты, якія патрабуюць грамадскіх клопатаў і індывід. М.
т. 10, с. 369
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕДАНО́ШАНАЕ ДЗІЦЯ́,
дзіця, што нарадзілася заўчасна (22—38 тыдняў цяжарнасці).
У Н.д. тонкая, у складкі скура, на твары маршчыністая, слаба развітыя пазногці, мяккія вушныя ракавіны (усяго больш за 50 прыкмет). Мае фізіял. асаблівасці — аслабленае дыханне. вяласць, санлівасць, зніжаны імунітэт, тэрмалабільнасць і інш., у выніку — схільнасць да захворванняў. У першыя гады жыцця можа адставаць у фіз. і псіх. развіцці ў залежнасці ад ступені неданошанасці. Вылучаюць групу глыбока Н.д. (500—1000), сярод якіх асабліва высокія паказчыкі захваральнасці і смяротнасці. Выходжванне Н.д. ажыццяўляецца ў мед. апаратах (кувезах) у спец. установах. Мерапрыемствы па прафілактыцы праводзяцца ў дародавы перыяд (антэнатальная ахова плода). Гл. таксама Невыношванне цяжарнасці.
І.У.Дуда.
т. 11, с. 267
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)