фармацыя карэнных лісцевых лясоў на пераходных і нізінных балотах, у дрэвастоі якіх пераважае бяроза пушыстая (гл.Бяроза). На Беларусі займаюць 276,4 тыс.га (4,6% агульнай пл. лясоў, 27,6% бярозавых лясоў). Вылучаюць 6 тыпаў П.л.: асакова-травяны, асаковы, балотна-папарацевы, вярбовы, асакова-сфагнавы, падвейна-сфагнавы. Пашыраны адносна раўнамерна, буйныя масівы на забалочаных нізінах — Верхнебярэзінскай, Дзісенскай, Цэнтральнабярэзінскай, Палескай. Растуць на патэнцыяльна багатых тарфяна-балотных глебах, але ў сувязі з пераўвільготненасцю і слабай аэрацыяй маюць нізкую прадукцыйнасць. Дрэвастоі чыстыя пушыстабярозавыя або з дамешкам хвоі, вольхі чорнай, елкі, дасягаюць тэхн. спеласці ў 60 гадоў. У падлеску пераважаюць вербы (попельная, чарнеючая, размарыналістая), крушына ломкая, рабіна, парэчкі чорныя, каліна, жасцёр слабіцельны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯРО́ЗАВЫЯ ЛЯСЫ́, бярэзнікі,
драбналістыя лясы, аснову дрэвастою якіх складаюць віды з роду бяроза. Пашыраны на ўмеранай паласе Паўн. паўшар’я (пераважна ў лясной і лесастэпавай зонах, горна-лясных раёнах), асн. масівы ў Еўропе, Сібіры, на Д. Усходзе, у Паўн. Амерыцы. На Беларусі 2 фармацыі: бародаўчатабярозавыя лясы з бярозы бародаўчатай, або павіслай (Betuleta pendulae), і пушыстабярозавыя лясы з бярозы пушыстай, або белай (B. pubescentis); агульная плошча Б.л. больш за 1 млн.га, з іх бародаўчатабярозавых 726 тыс. (11,9%), пушыстабярозавых 276,4 тыс. (4,6%) га; складаюць 16,5% усіх лясоў рэспублікі (2-е месца пасля хваёвых лясоў; 1994).
Пушыстабярозавыя лясы належаць да карэнных занальна абумоўленых лясоў Беларусі. Найб. пашыраныя іх тыпы: асаковы, балотна-папарацевы, асакова-сфагнавы і асакова-травяны (характэрныя фітацэнозы лясных нізінных і пераходных балот, займаюць пераўвільготненыя экатопы з адносна багатай глебай і рознай ступенню абводненасці і праточнасці). Бародаўчатабярозавыя належаць да другасных (вытворных) драбналістых лясоў, што ўзнікаюць на месцы высечаных карэнных хваёвых, яловых і дубовых лясоў або на с.-г. землях, якія не выкарыстоўваюцца. Найб. пашыраныя іх тыпы: чарнічны, кіслічны, імшысты і арляковы (займаюць экатопы з мінер. глебамі рознай урадлівасці і ўвільгатнення, пераважна беднымі сухімі ападзоленымі пясчанымі і супясчанымі). Бярозавыя лясы — крыніца сыравіны для дрэваапрацоўчай, хім., паліўнай, харч. і інш. прам-сці, база для нарыхтоўкі грыбоў і ягад, месцажыхарства розных відаў жывёл і раслін; адыгрываюць значную ролю ў лесаўзнаўленні і азеляненні, ахоўным лесаразвядзенні, паляпшэнні структуры глебы і лясоў, павелічэнні іх урадлівасці і ўстойлівасці, маюць вял. рэкрэацыйнае значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕСАТУ́НДРАВАЯ ЗО́НА,
прыродная зона сушы субарктычнага пояса Паўн. паўшар’я з перавагай тундравых і лясных ландшафтаў. Цягнецца ад тундравай зоны на Пн Еўразіі і Амерыкі ў выглядзе паласы шыр. ад 30—50 да 300—400 км. Клімат субарктычны, суровы. Цёплы перыяд каля 4 месяцаў (чэрв. — верасень). Сярэднія т-ры ліп. ад 10 да 14 °C, студз. — ад -10 да -40 °C. Начныя замаразкі і снегапады магчымы на працягу ўсяго года. Ападкаў 200—400 мм за год, іх колькасць перавышае выпаральнасць. Большую ч. года ляжыць снегавое покрыва да 1 м. Шматгадовая мерзлата амаль на ўсёй тэрыторыі, што ў спалучэнні з нязначным выпарэннем прыводзіць у многіх раёнах да ўтварэння забалочанасці з фарміраваннем сфагнавых і ўзгорыстых тарфянікаў і ўзнікнення мярзлотных форм рэльефу (тэрмакарст). Шмат балот, азёр. Асн. тыпы глеб: глеева-падзолістыя, тарфяна-глеевыя, месцамі тарфяна-балотныя, якія характарызуюцца нязначнай магутнасцю і малой колькасцю арган. рэчыва. Расліннасць Л.з. Еўропы і Азіі — комплекс з рэдкалесся (бяроза, елка, хвоя, лістоўніца, піхта), тундраў (лішайнікі, сфагнавы мох, асака, падвей, журавіны, марошка, буякі) і злакава-разнатраўных лугоў у далінах рэк; у Паўн. Амерыцы пераважаюць рэдкалессі з елкі (белай, сітхінскай, чорнай) і амер. лістоўніцы. Жывёльны свет: паўн. алень, лось, буры мядзведзь, воўк, пясец, гарнастай, расамаха, лемінг, заяц-бяляк, палёўкі; у горных раёнах — пішчуха; у Сібіры — сурок і суслік. Разнастайная фауна птушак: палярная сава, белая курапатка, глушэц, рабчык, розныя віды гусей, качак, кулікоў, вераб’іных. У далінных лугах злакавыя і злакава-разнатраўныя травастоі, якія часта выкарыстоўваюцца як сенажаці. Развіты аленегадоўля і паляўнічы промысел, зверагадоўля, месцамі здабыча карысных выкапняў (на ПнЗах. Сібіры буйныя радовішчы прыроднага газу).