Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ РАЁН,
на У Віцебскай вобл. Беларусі. Утвораны 17.7.1924. Пл. 2,8 тыс.км². Нас. 47,1 тыс.чал. (1996), гарадскога 5%. Сярэдняя шчыльн. 18 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г.Віцебск, гар. пасёлкі Сураж і Янавічы, 386 сельскіх населеных пунктаў. Падзяляецца на 14 сельсаветаў: Акцябрскі, Бабініцкі, Варонаўскі, Вымнянскі, Задуброўскі, Замастоцкі, Запольскі, Заронаўскі, Курынскі, Лятчанскі, Мазалаўскі, Ноўкінскі, Тулаўскі, Шапечынскі.
Цэнтральную і ўсх. часткі раёна займае Віцебскае ўзвышша, на З частка Полацкай нізіны, на ПнУ — Суражская нізіна. Паверхня ўзгорыста-раўнінная, пераважаюць выш. 180—200 м, найвышэйшы пункт 266,8 м (каля в. Хамутоўка). Карысныя выкапні: даламіты, торф, гліны, пясчана-жвіровы матэрыял, мінер. вада. Сярэдняя т-растудз. -7,8 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 620 мм за год. Вегетац. перыяд 184 сут. Рака Зах. Дзвіна з прытокамі Усвяча, Лужасянка, Шэвінка, Каспля, Віцьба, Лучоса. Найб. азёры Вымна, Заронава, Янавіцкае, Сосна, Скрыдлева, Гародна, Княжно, Кастаўе. Пашыраны дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы. Лясы займаюць 43% тэр. раёна, пераважаюць хваёвыя, бярозавыя, яловыя. Біял. заказнікі Запольскі, Мошна, Чысцік.
Агульная плошча с.-г. угоддзяў 124,6 тыс.га, з іх асушана 8,4 тыс.га. На 1.1.1996 у раёне 20 калгасаў і 10 саўгасаў, акц.т-ва. Асн. галіны сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля, агародніцтва, бульбаводства. Птушкагадоўля. Ільнаводства. Пашыраны пасевы збожжавых. Прадпрыемствы буд. матэрыялаў (вытв-сць цэглы), паліўнай (торф), харч. прам-сці; вытв-сць біяпрэпаратаў. Віцебскі і Суражскі лясгасы. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі і аўтадарогі Полацк—Віцебск—Смаленск, Невель—Віцебск—Орша, шаша Лепель—Віцебск. У раёне 22 сярэднія, 6 базавых і 9 пач. школ, саўгас-тэхнікум, СПТВ № 176, 2 муз. школы, 33 дашкольныя ўстановы, 40 клубаў, 65 б-к, 9 бальніц, 32 фельч.-ак. пункты, 2 санаторыі, 3 санаторыі-прафілакторыі, дзіцячы санаторый «Лукі». Помнікі архітэктуры: паштовая станцыя (1843) у в. Бараўляны, земляробчая школа 2-й пал. 19 ст. і Пакроўская царква канца 19 ст. ў в. Лужасна. Выдаецца газ. «Жыццё Прыдзвіння».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТЫЗА́НСКАЯ ЗО́НАў Вялікую Айчынную вайну,
тэрыторыя, якую кантралявалі партызаны. На тэр. Беларусі ўвосень 1941 утварыліся першыя П.з. — Акцябрска-Любанская і Клічаўская, у 1942 — Суражская, Івянецка-Налібоцкая, Расонска-Асвейская, Сенненска-Аршанская, Полацка-Лепельская, у пач. 1943 — Барысаўска-Бягомльская. Паводле звестак БШПР, на канец 1943 партызаны кантралявалі 108 тыс.км² (58,4% акупіраванай тэрыторыі), у т. л. 37,8 тыс.км² было ачышчана ад захопнікаў поўнасцю. Сумеснымі намаганнямі бел., рус., укр., латышскіх, літоўскіх партызан былі створаны П.з. ў раёнах Беларусі і сумежных з ёю рэспублік. У выніку аб’яднання некаторых з іх утварыліся партыз. краі: у чатырохвугольніку Алеўск—Оўруч (Украіна)—Мазыр—Тураў Гомельскай вобл. (14 раёнаў, больш за 200 тыс.чал.); на стыку БССР, РСФСР і Латвіі (пл. 10 тыс.км²); у міжрэччы Дняпра, Прыпяці, Дзясны; пры зліцці Акцябрска-Любанскай, Ленінскай, Слуцка-Капыльскай П.з. (больш за 18 раёнаў, пл. каля 8 тыс.км²). У П.з. часта перасяляліся цэлымі вёскамі жыхары з занятай ням. фашыстамі тэрыторыі. Дзейнасцю і абаронай насельніцтва на тэр. зон кіравалі падп. абкомы, міжрайкомы, райкомы партыі, якія тут і дыслацыраваліся, і абапіраліся на ўзбр. сілы партызанскіх злучэнняў. У многіх раёнах дзейнічалі выканкомы Саветаў дэп. працоўных. Ролю органаў сав. улады выконвалі найчасцей партыз. атрады, спец. створаныя імі камендатуры, якія падтрымлівалі парадак у нас. пунктах, вырашалі гасп. пытанні, арганізоўвалі групы самаабароны. Насельніцтва дапамагала партызанам у баявой дзейнасці, зборы і рамонце зброі, арганізацыі побыту, даглядала параненых і хворых. З дапамогай байцоў жыхары сеялі, убіралі, хавалі збожжа ад ворага. На тэр. П.з. партызаны прымалі самалёты з Вял. зямлі, рыхтавалі рэзервы, адзначалі сав. святы, праводзілі мітынгі і сходы, наладжвалі канцэрты маст. самадзейнасці, прагляды кінафільмаў, прысланых з сав. тылу; у некат. зонах працавалі сав. школы. Партызаны пастаянна вялі баі з карнікамі. У перыяд вызвалення Беларусі існаванне П.з. перашкаджала праціўніку арганізаваць трывалую абарону, што спрыяла наступленню Чырв. Арміі.
Літ.:
Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл.Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДО́ЦКІ РАЁН,
на ПнУ Віцебскай вобл. Утвораны 17.7.1924. Пл. 3,1 тыс.км². Нас. 36,5 тыс.чал. (1996), гарадскога 46,2%. Сярэдняя шчыльн. 11,8 чал на 1 км². Цэнтр раёна — г.п.Гарадок; г.п.Езярышча; 384 сельскія населеныя пункты. Падзяляецца на 18 сельсаветаў: Бычыхінскі, Вайханскі, Віраўлянскі, Вярэцкі, Газьбенскі, Гуркінскі, Даўгапольскі, Зайкаўскі, Марчанскі, Мяжанскі, Пальмінскі, Першамайскі, Пралетарскі, Прудніцкі, Руднянскі, Стадалішчанскі, Халамерскі, Хмяльніцкі.
Большая ч.тэр. раёна ў межах Гарадоцкага ўзвышша, на ПдУ — Суражская нізіна, на З — ускраіна Полацкай нізіны. Паверхня ўзгорыста-марэнная, пераважаюць выш. 170—180 м, найвыш. пункт 259 м (каля в. Загараны). Карысныя выкапні: торф, пясчана-жвіровы матэрыял, радовішчы гліны і пяску. Сярэдняя т-растудз. -7,9 °C, ліп. 17,6 °C. Ападкаў 625 мм за год. Вегетац. перыяд 183 сут. Найб. рэкі Обаль з прытокамі Чарнуйка, Чарняўка і Усыса; Аўсянка і Лужасянка; Ловаць (бас. Нявы). 92 возеры, найб. — Езярышча, Лосвіда, Вымна, Цёста, Кашо, Сясіта, Вял. Свіно, Чарнова, Бярнова, Чарняста. Пашыраны дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы. Лясы займаюць 32,5% тэр. раёна; пераважаюць хваёвыя, бярозавыя і яловыя; трапляюцца чорная вольха, асіна, ясень. Балоты займаюць 28,3 тыс.га; вял. балотныя масівы: Чырвоны Мох, Абрамнае, Лукашэўскі Мох, Вялікае і інш. На тэр. раёна Езярышчанскі арніталагічны заказнік, гідралагічны заказнік Карыценскі Мох.
Агульная плошча с.-г. угоддзяў 101,4 тыс.га, з іх асушана 21,7 тыс.га. На 1.1.1996 у раёне 18 калгасаў, 16 саўгасаў. Асн. галіны сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля і льнаводства. Пасевы збожжавых і кармавых культур, бульбы. Прадпрыемствы буд. матэрыялаў, лёгкай паліўнай і харч. прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгунка і аўтадарога Віцебск—Гарадок—Невель (Расія), аўтадарогі Руба—Невель, Обаль—Гарадок—Полава. У раёне 16 сярэдніх, 11 базавых, 9 пач. школ, муз. і дзіцяча-юнацкая спарт. школы, школа-інтэрнат, 29 дашкольных устаноў, 44 клубы, 42 б-кі, 8 бальнічных устаноў. На воз. Лосвіда турбаза «Віцебская». Помнікі архітэктуры: паштовая станцыя 1-й пал. 19 ст. ў в. Кузьміно, касцёл (1896) у в. Рамні. Выдаецца газ. «Гарадоцкі веснік».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ПААЗЕ́Р’Е,
фізіка-геаграфічная акруга Беларуска-Валдайскай правінцыі. Уключае частку правінцыі Усх. Прыбалтыка. Займае Віцебскую і невял. часткі ПнУ Гродзенскай і Пн Мінскай абласцей. Мяжуе на Пд з акругай Беларуская града. Працягнулася з З на У на 300 км, з Пн на Пд на 150—200 км; пл. 44,6 тыс.км². Падзяляецца на фіз.-геагр. раёны: Браслаўскія грады, Латгальскае ўзвышша, Нешчардаўскае ўзвышша, Полацкая нізіна, Свянцянскія грады, Ушацка-Лепельскае ўзвышша, Чашніцкая раўніна, Гарадоцкае ўзвышша, Віцебскае ўзвышша, Суражская нізіна, Лучоская нізіна, Верхнебярэзінская нізіна, Нарачана-Вілейская нізіна (гл. карту да арт.Фізіка-геаграфічнае раянаванне Беларусі).
Крышталічны фундамент залягае на глыб. ад -300 да -500 м (на паўн. схіле Бел. антэклізы, на Латвійскай седлавіне) да -1500 м (у Аршанскай упадзіне). У платформавым чахле найб. пашыраны палеазойскія адклады (дэвон, на ПдЗ ардовік, сілур), усюды іх перакрываюць кайназойскія пароды, пераважна антрапагенавай сістэмы (магутнасць 40—270 м), у якіх вылучаюцца ўтварэнні ўсіх зледзяненняў і міжледавікоўяў плейстацэну і адклады галацэну. Формы рэльефу ўтварыліся ў час дэградацыі паазерскага зледзянення, складзены з марэнных суглінкаў, водна-ледавіковых пяскоў і пяскоў са жвірам, азёрна-ледавіковых глін і суглінкаў. Рэльеф фарміраваўся ў час некалькіх стадыялаў, з якіх найб. выразныя аршанскі стадыял і браслаўскі стадыял.
Рэльеф Беларускага Паазер’я самы малады на тэр. Беларусі (узнік 14—18 тыс. гадоў назад). Паверхня мае катлавінападобную форму (у цэнтры абс. адзнакі 120—160 м), павышаныя ўскраіны створаны краявымі ўзвышшамі і градамі, якія маюць значныя абс. вышыні: Віцебскае да 296 м, Гарадоцкае да 259 м, Свянцянскія грады ў межах Беларусі 229 м. Канцова-марэнны рэльеф (градавы, дробна-, сярэдне- і буйнаўзгорыста-азёрны) узвышаецца над суседнімі нізінамі да 80—100 м, на ім развіты камы, озы і друмліны, шматлікія глыбокія (да 40—70 м) азёрныя катлавіны, тэрмакарставыя западзіны, ледавіковыя лагчыны і лагчыны сцёку талых ледавіковых водаў. Марэнныя раўніны маюць плоскі і спадзістахвалісты рэльеф (з адноснымі перавышэннямі 5—7 м), азёрныя катлавіны, шматлікія тэрмакарставыя западзіны, камы і озы, на водна- і азёрна-ледавіковых нізінах рэльеф плоскі і плоскахвалісты, з азёрамі, якія зарастаюць. Рачныя даліны на б.ч.тэр. Беларускага Паазер’я слаба выпрацаваныя, а на ўзвышшах урэзаныя на 30—40 м, маюць надпоймавыя тэрасы, скразныя ўчасткі, у рэчышчах трапляюцца парогі. Карысныя выкапні: даламіты, легкаплаўкія гліны, пясок, жвір, торф, сапрапель. Пра клімат гл. ў арт.Беларуска-Валдайская правінцыя.
Рэкі належаць да бас. Балтыйскага мора — Зах. Дзвіна з прытокамі Обаль, Палата, Дрыса (справа), Лучоса, Ула, Ушача, Дзісна (злева), на З Вілія, на ПнУ Ловаць — і да бас. Чорнага мора — Бярэзіна з прытокамі. У Беларускім Паазер’і каля 4 тыс. азёраў (наз. азёрным краем). Многія азёры злучаны пратокамі і рэкамі і ўтвараюць групы (Нарачанская група азёраў, Браслаўская група азёраў, Ушацкая група азёраў і інш.). У асобных раёнах азёры займаюць да 10% тэрыторыі. Тут самае вялікае ў Беларусі воз. Нарач (пл. 79,6 км²) і самае глыбокае воз. Доўгае (глыб. 53,7 м). Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя, на ўзвышшах і раўнінах сугліністыя і супескавыя, часткова завалуненыя і змытыя, на нізінах пясчаныя. Да нізін прымеркаваны дзярнова-падзолістыя залішне ўвільготненыя і глеяватыя глебы, у стараж. азёрных катлавінах, у паніжэннях рэльефу і рачных далінах — дзярнова-балотныя і тарфяныя глебы, на поймах — алювіяльныя. Банітэт глебаў с.-г. угоддзяў 45—60 балаў. Лясы займаюць на нізінах 50%, на ўзвышшах менш за 30% тэрыторыі, належаць да Заходнядзвінскай геабат. акругі падзоны дубова-цемнахвойных лясоў. Нізіны занятыя лясамі з хвоі, узвышшы — яловымі і шыракаліста-яловымі лясамі; пашыраны драбналістыя лясы. Балоты на 8% тэрыторыі, пераважна вярховыя (найб.Жураўлёўскае балота, Габы, Ельня, Сэрвач і інш.). Пад ворывам каля 30% тэрыторыі. Ахоўныя тэрыторыі: нац. парк «Браслаўскія азёры», Бярэзінскі біясферны запаведнік; заказнікі ландшафтныя Сялява, Сіньша, гідралагічныя Белае, Вял. Мох, Вял. Астравіта, Глыбокае Чарбамысла, Доўгае, Крывое, Ельня, Карыценскі Мох, Сосна, Верхневілейскі, Сэрвач, Швакшты, Галубіцкая пушча, Сарачанскія азёры, біялагічныя Вял. Балота, Забалоцце, Запольскі, Лонна, Мошна, Фаміно, Чысцік, Юхавіцкі і інш. Сярод помнікаў прыроды рэсп. значэння — самы вял. ў Беларусі валун «Вялікі камень». Курорты Нарач, Ушачы, Лётцы, Верхнядзвінскі.
Літ.:
Якушко О.Ф. Белорусское Поозерье: История развития и современное состояние озер Северной Белоруссии. Мн., 1971;