СУПАСТА́ЎНЫЯ ЦЭ́НЫ,

цэны, прыведзеныя па велічыні да ўмоў адпаведнага перыяду, на пэўную дату. Выкарыстоўваюцца ў разліках пры супастаўленні аб’ёмаў вытв-сці, тавараабароту, спажывання, даходаў і выдаткаў, інш. вартасных паказчыкаў у пэўныя перыяды, каб пазбегнуць скажэнняў, якія могуць узнікнуць пад уплывам інфляцыі. Напр., пры параўнанні ў грашовым выражэнні ўзроўняў спажывання тых ці інш. тавараў у розныя гады неабходна аб’ём фіз. спажывання памножыць на С.ц. Паказ прадукцыі ў С.ц. забяспечвае супастаўнасць паказчыкаў за шэраг гадоў на прадпрыемстве, у галіне, ва ўсёй эканоміцы, дазваляе ў дынаміцы ацэньваць якасць іх працы.

М.​В.​Радзіеўскі.

т. 15, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭСТРУ́КЦЫЯ (ад лац. destructio разбурэнне, парушэнне),

1) парушэнне нармальнай структуры чаго-н., напр., дэструкцыя ландшафтаў, дэструкцыя палімераў; парушэнне або разбурэнне структуры ўсталяваных эканам., вытв. сувязей у нар. гаспадарцы, устаноўленага парадку і духоўных асноў дзяржавы, іншых утварэнняў, нежыватворчы працэс у розных галінах дзейнасці і пазнання.

2) Высвятленне асноў філас. палажэнняў, адно з цэнтр. паняццяў фундаментальнай анталогіі М.Хайдэгера, якое адыграла ў ёй канструктыўную ролю. Пад Д. ён разумеў аналіз («разбор») гіст. асаблівасцей розуму і выяўленне перадумоў чалавечага існавання. Для гэтага, лічыў Хайдэгер, дастаткова ажыццявіць 3 адпаведныя аперацыі: рэдукцыю, або вяртанне ад існага да быцця агульных форм узаемадзеяння аб’ектаў; канструкцыю быцця; дэструкцыю традыцыі, якая ўвасабляе аб’ектываванае навук.-тэарэт. разуменне свету, адначасовае выкарыстанне і сціранне традыц. метафізічных паняццяў. З хайдэгераўскай Д. супастаўныя больш пазнейшыя і часткова залежныя ад яе канцэпцыі «генеалогіі» ў неаніцшэянстве, «археалогіі ведаў» у М.​П.​Фуко, дэструкцыі ў Ж.Дэрыда, «дэзабструкцыі» ў Ф.​Везена.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 6, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГУЛЬНАЯ ХАРАКТАРЫСТЫКА.

Рэльеф тэр. Беларусі, размешчанай у зах. частцы Рускай раўніны, характарызуецца перавагай плоскіх і спадзістахвалістых раўнін і нізін, рачных далін і градава-ўзгоркавых комплексаў рознага памеру і канфігурацыі. Абсалютныя вышыні вагаюцца ад 345 м (г. Дзяржынская) на Мінскім узвышшы да 80 м у даліне Нёмана каля мяжы з Літвой. Сярэдняя вышыня паверхні Беларусі 160 м над узр. мора. Большасць узвышшаў, на якія прыпадае 1/3 тэрыторыі, размешчана ў зах. і цэнтральнай частцы краіны і мае абсалютныя вышыні 200—300 м.

Глыбіня расчлянення паніжаных міжрэччаў звычайна не перавышае 5 м, на прыўзнятых раўнінных тэрыторыях павялічваецца да 5—10 м, на ўзвышшах да 10—40 м і больш. У шэрагу выпадкаў ваганні вышыні могуць быць да 50—100 м (за кошт эразійнага ўрэзу).

Густата расчлянення (даўжыня эразійнай сеткі на 1 км² тэр.) на нізінах складае 0—0,2 км/км², на больш прыўзнятых раўнінах — да 0,3—0,5 км/км², на схілах краявых град і каля буйных рачных далін 1—2, радзей 3—3,5 км/км².

Рэльефаўтваральнымі з’яўляюцца пераважна адклады чацвярцічнага перыяду (уласна ледавіковыя марэны, патокава-ледавіковыя і азёрна-ледавіковыя). Магутнасць іх вагаецца ад некалькіх метраў да 300 м і больш (у сярэднім 75—80 м). Ступень дэнудацыйнага пераўтварэння, марфалагічныя асаблівасці і ўзрост рэльефу змяняюцца ў напрамку з Пн на Пд.

У паўн. частцы пераважае ледавіковы рэльеф паазерскага зледзянення з мноствам азёр (каля 3 тыс.), бяссцёкавых катлавін, плоскіх забалочаных нізін, акаймаваных і падзеленых групамі ўзгоркаў і сістэмамі звіліста-разгалінаваных краявых град. Абсалютныя вышыні вагаюцца пераважна ад 120—170 м на нізінах і раўнінах да 250 м у межах узвышшаў і град.

У цэнтральнай частцы рэгіёна рэльеф дэнудаваны, пераважна ледавіковы сожскага ўзросту. Развіта сістэма краявых узвышшаў і платопадобных раўнін, якія з’яўляюцца часткай водападзелу басейнаў Балтыйскага і Чорнага мораў.

Абсалютныя вышыні дасягаюць 200—250 м і больш. На Пд пашыраны дэнудаваны рэльеф сожскага і дняпроўскага ўзросту, а таксама алювіяльны і азёрна-алювіяльны рэльеф паазерска-галацэнавага ўзросту. Абсалютныя вышыні 120—185 м, зрэдку перавышаюць 200 м. Найбольш нізкія ўзроўні зямной паверхні на ўсёй тэр. рэгіёна прыстасаваны да рачных далін, самыя буйныя з якіх працягваюцца на сотні кіламетраў, з’яўляюцца па сутнасці інтразанальнай катэгорыяй рэльефу. Рэкі Беларусі належаць да басейнаў Чорнага (дрэніруецца 58% тэр. краіны) і Балтыйскага мораў. У далінах буйных рэк Чарнаморскага басейна звычайна вылучаюцца 2—3-узроўневая пойма і 2 надпоймавыя тэрасы, у рэк Балтыйскага басейна — 2—3-узроўневая пойма, 2—3 цыклавыя надпоймавыя тэрасы і некалькі лакальных тэрасавых узроўняў (да 8—9 у Нёмана).

Першасны выгляд зямной паверхні на значнай частцы тэр. Беларусі відазменены, а месцамі і поўнасцю знішчаны пазнейшымі эразійна-дэнудацыйнымі працэсамі і асабліва тэхнагеннай дзейнасцю. Створаныя чалавекам формы (кар’еры, дамбы, катлаваны, адвалы і інш.) часта па сваіх памерах супастаўныя з формамі натуральнага рэльефу, а па сумарнай плошчы займаюць 4—5% усёй тэр. краіны. Інтэнсіўнае антрапагенавае ўздзеянне на зямную паверхню прыводзіць да знікнення многіх характэрных форм рэльефу (озы, камы, краявыя ледавіковыя грады і інш.), і гэта робіць вельмі актуальнай дзейнасць па абгрунтаванні і вылучэнні геамарфалагічных помнікаў прыроды, заказнікаў і запаведнікаў.

т. 18, кн. 2, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)