Англа-савецкае пагадненне 1941 пра сумесныя дзеянні супраць фашысцкай Германіі 3/223; 4/279

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

МАНЕ́ЎР (франц. manoeuvre),

1) арганізаванае і хуткае перамяшчэнне войскаў або флоту з мэтай стварэння найб. выгаднай групоўкі сваіх сіл і сродкаў для выканання баявой задачы. Буйныя тактычныя вучэнні войск або флоту (часам сумесныя) ва ўмовах, блізкіх да баявых, наз. манеўры.

2) Пераноснае — хітрасць, выкрутас, удалы прыём.

3) Перамяшчэнне лакаматываў і вагонаў па станцыйных пуцях для састаўлення цягнікоў, сарціроўкі вагонаў і г.д. 4) Змена напрамку руху (курса, арбіты) судна, самалёта, касм. лятальнага апарата.

т. 10, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫПЛАМАТЫ́ЧНЫ КО́РПУС,

кіраўнікі дыпламатычных прадстаўніцтваў, акрэдытаваных у краіне. Д.к. у шырокім сэнсе — усе дыпламаты, што працуюць у дыпламат. прадстаўніцтвах у дадзенай краіне, а таксама з пэўнымі абмежаваннямі і члены іх сем’яў: жонка (муж) дыпламата і непаўналетнія дзеці, паводле міжнар. звычаю і дарослыя незамужнія дочкі дыпламата, што пражываюць сумесна з ім і знаходзяцца на яго ўтрыманні. Узначальвае корпус дуаен. Д.к. не з’яўляецца юрыд. асобай ці паліт. утварэннем. Ніякія сумесныя паліт. выступленні з боку Д.к. недапушчальныя: ад яго імя могуць рабіцца калект. заявы выключна па пратакольных, пераважна цырыманіяльных, пытаннях.

Ю.​П.​Броўка.

т. 6, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРМА́НА-ФРАНЦУ́ЗСКІ ДАГАВО́Р 1963, Елісейскі дагавор. Падпісаны 22 студз. ў Елісейскім палацы (Парыж) федэральным канцлерам ФРГ К.​Адэнаўэрам і прэзідэнтам Францыі Ш. дэ Голем. Старыў новую дагаворную аснову для германа-франц. супрацоўніцтва пасля 2-й сусв. вайны. Для практычнай рэалізацыі дагавора было дамоўлена кожныя паўгода праводзіць сустрэчы кіраўнікоў урадаў і міністраў замежных спраў, абароны, а таксама па пытаннях выхавання і моладзі. У развіццё дагавора ўтвораны сумесныя органы на ўзроўні ўрадаў: германа-франц. Савет па бяспецы і абароне, фін.-эканам. Савет; у 1989 — Савет па ахове навакольнага асяроддзя.

т. 5, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРСЬЕ́ ((Percier) Шарль) (22.8.1764, Парыж — 5.9.1838),

французскі архітэктар, прадстаўнік стылю ампір. Вучыўся ў Парыжы, у 1786—92 вывучаў ант. дойлідства ў Рыме. У 1794—1814 працаваў пераважна ў Парыжы з П.Ф.Л.Фантэнам; яны былі заканадаўцамі густу ў перыяд імперыі Напалеона I. Сумесныя іх творы (трыумфальная арка на пл. Карузель, 1806; праекты мэблі, дэкар. ўбрання інтэр’ераў, афармленне свят) адраджалі матывы стараж.-рым. архітэктуры, адметныя манументальнасцю, урачыстасцю, імкненнем да сінтэзу архітэктуры і дэкар. мастацтва. Часткова перабудаваў палацы Луўр, у г. Фантэнбло і інш., афармляў інтэр’еры палацаў, у т. л. Версаля.

т. 12, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЕНСКАЕ ПЕРАМІ́Р’Е 1656,

пагадненне паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай пра спыненне ваен. дзеянняў і сумесную барацьбу супраць шведскай агрэсіі; падпісана 3.11.1656 у маёнтку Немежы пад Вільняй. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 на землі Літвы і Польшчы ўварваліся (1655) Шведскія войскі Карла Х Густава. Баючыся ўмацавання Швецыі, рас. ўрад пачаў захады для прымірэння з Рэччу Паспалітай. На перагаворы прыбыла рас. дэлегацыя на чале з кн. М.​І.​Адоеўскім; дэлегацыю Рэчы Паспалітай узначальваў ваявода полацкі Я.​Красінскі; пасрэднікам быў аўстр. дыпламат Алегрэці. Не дамовіўшыся пра ўмовы міру, дэлегацыі заключылі перамір’е і вырашылі пачаць сумесныя ваен. дзеянні супраць Швецыі.

П.​Р.​Казлоўскі.

т. 4, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́РКАЧ (Warkotsch) Мікалай, дыпламат Свяшчэннай Рымскай імперыі 16 ст. Родам венгр, пляменнік караля польскага і вял. князя ВКЛ Стафана Баторыя. Як пасол імператара Рудольфа II у 1589, 1593 і 1594 наведаў Маскву, дзе вёў перагаворы пра сумесныя дзеянні адносна Рэчы Паспалітай і Турцыі. Пакінуў дзённікі 1-га і 3-га падарожжаў (ненадрукаваныя). Дзённік пасольства 1593 вёў Стафан Гейс, які даў звесткі пра гарады і мястэчкі Беларусі, праз якія ехала пасольства (Гародна, Вільня, Маладзечна, Лагойск, Барысаў, Орша, Дуброўна), кароткае апісанне гар. замкаў. Дзённік упершыню апублікаваны ў 1820 на ням. мове.

Тв.:

Описание путешествия в Москву Николая Варкоча, посла римского императора, в 1593 году // Проезжая по Московии. М., 1991.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 4, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЯВЫ́Я ДРУЖЫ́НЫ,

узброеныя атрады рабочых, студэнтаў, мяшчан пры арг-цыях бальшавікоў, меншавікоў, эсэраў, Бунда і інш. партый у рэвалюцыю 1905—07 у Расіі. Упершыню з’явіліся як арг-цыі самаабароны ў Пецярбургу пасля Дзевятага студзеня 1905. Дзейнічалі больш як у 300 гарадах і населеных пунктах, налічвалі каля 75 тыс. чал. Мелі свае статуты; дружыннікі вывучалі ваен. справу, тактыку вулічнага бою. У перыяд узбр. выступленняў мелі месца сумесныя дзеянні дружын розных партый. На Беларусі баявыя дружыны існавалі ў Мінску, Гомелі, Віцебску, Бабруйску і інш., патрулявалі вуліцы, ахоўвалі дэманстрацыі, мітынгі і інш.; эсэраўскія баявыя дружыны займаліся арганізацыяй і правядзеннем тэрарыст. актаў. Вопыт арганізацыі і дзейнасці баявых дружын выкарыстаны бальшавікамі ў 1917 пры стварэнні Чырвонай гвардыі.

т. 2, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫТВО́РЧАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ (ВА),

звяно арганізацыйна-вытв. структуры гаспадаркі; вытворча-гасп. комплекс. У склад яго ўваходзяць з-ды, ф-кі, асобныя цэхі і інш. вытв. адзінкі, а таксама н.-д. і канструктарскія ўстановы. У аснове фарміравання вытворчага аб’яднання — тэхнал. агульнасць працэсаў і аднароднасць прадукцыі, устойлівыя сувязі па каапераванні вытв-сці, камбінаванне вытв-сці і комплексная перапрацоўка сыравіны.

Да пач. 1990-х г. у прам-сці Беларусі было 220 вытв. і навук.-вытв. аб’яднанняў, тут працавала каля 64% усіх занятых у прам-сці і выпускалася больш як ​2/3 агульнага аб’ёму прамысл. прадукцыі. З фарміраваннем рыначнай эканомікі многія вытворчыя аб’яднанні распаліся, на іх месцы ўзніклі арэндныя, калектыўныя і сумесныя прадпрыемствы, некаторыя ўвайшлі ў акц. т-вы, канцэрны, асацыяцыі, карпарацыі і інш. ўнутрырэсп. і міждзярж. (транснацыянальныя) структурныя фарміраванні.

т. 4, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРЫ́ЛЬСКАЯ ДЭСА́НТНАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1945,

сумесныя баявыя дзеянні войск 2-га Далёкаўсх. фронту (камандуючы ген. арміі М.​А.​Пуркаеў) і сіл Ціхаакіянскага флоту (адм. І.​С.​Юмашаў) па авалоданні Курыльскімі астравамі 18 жн. — 1 вер. ў савецка-японскую вайну 1945. На Курыльскіх а-вах японцы мелі больш за 80 тыс. вайскоўцаў, да 600 самалётаў і іншую баявую тэхніку. 18 жн. пры падтрымцы авіяцыі, берагавой і карабельнай артылерыі пачалася высадка на в-аў Шумшу сав. дэсанта (каля 9 тыс. чал., 205 гармат і мінамётаў, 60 караблёў і суднаў), які пасля ўпартых баёў 23 жн. заняў востраў. Да канца жн. вызвалена паўн. частка Курыльскіх а-воў. 1 вер. сілы Ціхаакіянскага флоту авалодалі астатнімі астравамі на Пд ад Урупа. У час аперацыі вызначыліся афіцэры — ураджэнцы Беларусі В.А.Кот і Ц.Л.Пачтароў.

Літ.:

Славинский Б.Н. Советская оккупация Курильских островов (август—сентябрь 1945 г.): Док. исслед. М., 1993.

т. 9, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)