Засн. як заасад у 1984 у Мінску ў пойме р. Свіслач аматарамі прыроды Мінскага аўтамабільнага з-да (ініцыятар Ф.І.Рэўзін). З 1995 сучасная назва. З 1997 дзярж. прадпрыемства. Пл. 17,5 га. Працуюць секцыі: млекакормячых, птушак, паўзуноў, кармлення, вет.; гурток юннатаў. Трымае больш за 600 экз. жывёл каля 110 відаў (1999). Сярод іх: тупайя, мартышка, макака-рэзус, лама, высакародны алень, дзік, дзікабраз, шыншыла, буры мядзведзь, воўк, ліса, пясец, рысь, насуха, тхор, чаротавы кот, султанка, паўлін, асаед, беркут, пустальга, філін, удаў, браз. вуж, жаба-ваданос, квакша, экзатычныя беспазваночныя і інш.; жывёлы, занесеныя ў Чырв. кнігу МСАП: еўрап. муфлон, аліўкавы агуці, даўгахвосты сурок, караткавухі слановы скакунчык, каралеўскі і залаты фазаны, мандарынка, арлан-белахвост, цёмны тыгравы пітон і інш. Многія жывёлы размнажаюцца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСТУШКІ́, пастушковыя (Ralli, Rallidae),
сямейства птушак атр. жураўлепадобных. Вядомы з пачатку эацэну (каля 45 млн.г. назад). Па розных класіфікацыях — ад 18 да 62 родаў, ад 129 да 165 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя палярных абласцей, найб. — у тропіках і субтропіках Азіі і Афрыкі. Жывуць у зарасніках каля вады, на вільготных лугах. Многія актыўныя на змярканні і ўначы. На Беларусі 7 пералётных відаў: драч, лысуха, пагонічы (3 віды), чаротніца, пастушок вадзяны; трапляюцца пераважна на Палессі. 8 відаў і 8 падвідаў у Чырв. кнізе МСАП, пагоніч малы — у Чырв. кнізе Беларусі.
Даўж. да 65 см, маса да 1 кг і больш. Апярэнне шэра- або чырванавата-бурае, стракатае, у трапічных відаў яркае з метал. бляскам. Цела і дзюба сціснуты з бакоў. Крылы кароткія, круглявыя. Ногі дужыя, пальцы доўгія. Хутка бегаюць, добра плаваюць, ныраюць. Кормяцца раслінамі і дробнымі жывёламі. Манагамы, паўвывадкавыя птушкі. Нясуць да 18 яец, многія віды — двойчы за год. Аб’екты палявання.
Э.Р.Самусенка.
Пастушкі: 1 — вадзяны; 2 — пагоніч-крошка; 3 — султанка (а — маладая; б — дарослая); 4 — лысуха чубатая.