МАРЫНЕ́НКА (Таццяна Савельеўна) (25.1.1920, в. Сухі Бор Полацкага р-на Віцебскай вобл. — 2.8.1942),

Герой Сав. Саюза (1965). Скончыла Полацкае педвучылішча (1939), працавала настаўніцай. У Вял. Айч. вайну сувязная і разведчыца партыз. брыгады «Няўлоўныя» НКДБ СССР: здабывала планы карных аперацый, звесткі пра дыслакацыю войск праціўніка. Арыштавана фаш. ўладамі і пасля катаванняў расстраляна разам з 14-гадовым братам Лаўрэнам. У Полацку М. пастаўлены 2 помнікі.

Т.С.Марыненка.

т. 10, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСЦЮЧЭ́НКА (Надзея Лявонаўна) (8.11.1922, в. Лугава Ушацкага р-на Віцебскай вобл. — 8.6.1943),

удзельніца партыз. руху ў Віцебскай вобл. З вер. 1941 сувязная партыз. групы, з мая 1942 у партыз. атрадзе Дубава (Ф.​Ф.​Дуброўскага), з жн. 1942 кулямётчыца партыз. брыгады Чашніцкай («Дубава»). 8.6.1943 у баі каля в. Пышна Лепельскага р-на, калі танк і больш за 50 фашыстаў прарваліся ў партыз. абарону, К. са звязкай гранат кінулася пад машыну, падарвала яе і загінула сама.

т. 8, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛКА́НСКІ (Ненка Дзімітраў) (20.8.1907, г. Казанлык, Балгарыя — 19.9.1977),

балгарскі жывапісец. Нар. мастак Балгарыі (1966). Скончыў АМ у Сафіі (1930), вучыўся ў Парыжы і Мюнхене (1939—40). Выкладаў у АМ у Сафіі (з 1948, з 1950 прафесар). Адзін з першых прадстаўнікоў пралетарскага мастацтва ў Балгарыі 1930-х г.; член «Таварыства новых мастакоў». Асн. творы: «Рабочая сям’я» (1936), «Партызанская сувязная» (1945), «Хатняя гаспадыня» (1957), «Аўтапартрэт» (1967) і інш.

Літ.:

Божков А. Н.​Балкански. София, 1977.

Я.​Ф.​Шунейка.

Н.Балканскі. Аўтапартрэт. 1967.

т. 2, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАМАВІ́ЦКІ БОЙ 1942,

бой партызан злучэння Мінскай і Палескай абл. па разгроме апорнага пункта ням.-фаш. захопнікаў у в. Ламавічы Акцябрскага р-на 25 ліст. ў Вял. Айч. вайну. План аперацыі распрацаваў штаб партыз. злучэння. Атрады М.П. Бумажкова і «Чырвоны Кастрычнік» арганізавалі засады на пад’язных дарогах да вёскі; атрады А.І. Далідовіча, М.М. Розава, Дз.Ц. Гуляева, імя М.Ф. Гастэлы, узброеныя 3 гарматамі, штурмам авалодалі апорным пунктам. У ходзе бою падаўлена 12 дзотаў праціўніка. У баі была смяротна паранена сувязная Р.І.Шаршнёва.

т. 9, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́РТЫЯ ў музыцы,

1) адна з састаўных частак фактуры муз. твораў, прызначаная для выканання асобным голасам ці на асобным муз. інструменце. Да паяўлення партытуры сучаснага тыпу шматгалосыя творы запісвалі ў выглядзе асобных П. Найб. значныя сучасныя творы выдаюць і як партытуры, і ў выглядзе П. У опернай музыцы вак. П. салістаў пазначаюцца паводле тыпу голасу (П. сапрана, П. барытона і інш.) і па імю героя оперы (напр., партыя Алесі ў аднайм. оперы Я.​Цікоцкага). У аркестры па адной П. іграюць 2 выканаўцы на стр. інструментах.

2) У шматгалосай поліфанічнай музыцы — тое, што голас.

3) Пашыраная ў Германіі 17 ст. назва партыты (атаясамлівалася з сюітай).

4) Раздзел экспазіцыі і рэпрызы санатнай формы (гал., сувязная, пабочная і заключная П.).

т. 12, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́БНАЎ (Генадзь Фёдаравіч) (н. 9.5.1945, в. Цяляткава Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл.),

рускі паэт, перакладчык, крытык, публіцыст. Скончыў Магілёўскі Маскоўскі ун-т (1972). Працаваў на Бел. радыё. З 1975 у час. «Неман» (з 1984 нам. гал. рэдактара). Друкуецца з 1965. Побыт вёскі, унутр. свет вяскоўца, яго думкі і імкненні, роздум над жыццём, узаемадачыненнямі чалавека і прыроды, грамадства, гісторыі — гал. тэмы паэт. зб-каў «Сувязная нітка» (1975), «Жытнёвы поўдзень» (1978), «Вяшчун-камень» (1987). Лірыка-філас. паэма-фантазія «Вяшчун-камень» перадае пачуцці любові аўтара да роднай зямлі, яднання з мінулым і сучаснасцю. Аўтар эсэ, крытычных і публіцыстычных артыкулаў. Пераклаў на рус. мову раманы «Янка Купала» (1982) і «Францыск Скарына» (1989) А.​Лойкі, «Першую кнігу» (1984) І.​Мележа, паасобныя творы Я.​Купалы, Р.​Барадуліна, А.​Вялюгіна, В.​Зуёнка, К.​Камейшы, Ю.​Свіркі, І.​Шамякіна і інш.

І.​У.​Саламевіч.

т. 3, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну,

сістэма кіруючых органаў, арганізацый, груп і асобных патрыётаў, якія ў 1941—44 вялі барацьбу супраць ням. фашыстаў на акупіраванай імі тэр. Беларусі. Фарміравалася ва ўмовах акупацыйнага рэжыму 2 шляхамі: «знізу» — па ініцыятыве патрыётаў-антыфашыстаў; «зверху» — вынік арганізац. дзейнасці к-таў КП(б)Б і ЛКСМБ. Ядром і кіруючай сілай з’яўлялася партыйнае (патрыят.) падполле, састаўнымі часткамі якога былі камсам.-маладзёжнае падполле і антыфашысцкія арганізацыі. У 1941—42 П.п. фарміравалася пераважна «знізу», таму што большасць кіруючых органаў, створаных к-тамі КП(б)Б і ЛКСМБ загадзя (абкомы, міжрайкомы, райкомы, гаркомы), па розных прычынах не змаглі разгарнуць сваю дзейнасць адразу пасля акупацыі. З пачатку свайго існавання падполле спалучала сваю дзейнасць з партызанскім рухам на Беларусі. Асн. кірункамі яго дзейнасці ў 1941—42 былі: агітац.-прапагандысцкая работа сярод насельніцтва, супрацоўнікаў акупац. улад, у ваен. падраздзяленнях ворага, дыверсійна-баявыя дзеянні, стварэнне і папаўненне партыз. атрадаў людзьмі, забеспячэнне іх зброяй, боепрыпасамі, медыкаментамі, адзеннем, харчаваннем, разведвальная і сувязная работа для партызан. У першы год свайго існавання падполле з-за адсутнасці падрыхтаваных кадраў і вопыту. барацьбы несла вял. страты. У 1941—42 з буйней шых арг-цый пачалі дзейнасць П.п.: Аршанскае, Асвейскае, Асіповіцкае, Бабруйскае, Барысаўскае, Брагінскае, Браслаўскае, Брэсцкае, Бягомльскае, Бялыніцкае, Васілевіцкае, Велікастахаўскае, Вілейска-Куранецкае, Віцебскае, Гомельскае, Гродзенскае, Грэскае, Дзяржынскае, Добрушскае, Ельскае, Жлобінскае, Жыткавіцкае, Калінкавіцкае, Кармянскае, Краснапольскае, Круглянскае, Крычаўскае, Лідскае, Магілёўскае, Мазырскае, Мінскае, Петрыкаўскае, Пінскае, Полацкае, Прапойскае, Рагачоўскае, Расонскае, Рудзенскае, Рэчыцкае, Слуцкае, Смалявіцкае, Смалянскае, Старадарожскае, Тарасава-Ратамскае, Уздзенскае, Ушацкае, Хойніцкае, Чашніцкае; камсам.-маладзёжныя: Асінторфскае, Брэсцкае, Гомельскае, Дзятлаўскае, Калінінскае, Клімавіцкае, Мар’інагорскае, Мікалаевіцкае, Мірскае, Мотальскае, Нізянскае, Обальскае, Плешчаніцкае, Прошкаўскае, Скідзельскае, Тураўскае, Турнаеўскае, Хідраўскае, Шаркаўшчынскае, Шчадрынскае (пра кожнае гл. асобны арт.). З пачатку 1943 П.п. фарміравалася ў асноўным «зверху». Вялікі ўплыў на гэты працэс мелі рашэнні Пленума ЦК КП(б)Б «Аб абстаноўцы і задачах работы партыйных органаў і партыйных арганізацый у акупіраваных раёнах Беларусі» (люты 1943) і пісьмо ЦК КП(б)Б «Аб ваенна-палітычных задачах работы ў заходніх абласцях БССР», накіраванае ў чэрв. 1943 у падп. парт. арг-цыі. У 2-й пал. 1943—1-й пал. 1944 структуры П.п. дзейнічалі практычна ва ўсіх акупіраваных раёнах. З жн. 1943 актыўна дзейнічала Баранавіцкае гарадское патрыятычнае падполле. Асн. кірункі дзейнасці падполля з 1943: шматлікія дыверсіі, якія парушалі работу аператыўнага тылу ворага, зрыў мерапрыемстваў акупац. улад, забеспячэнне партызан акупац. дакументамі, друкарскім абсталяваннем, распаўсюджванне зводак Саўінфармбюро, падрыхтоўка матэрыялаў для друку падпольнага, збор разведданых партызанам для правядзення баявых аперацый, дзейсная сувязь з партызанамі, выратаванне насельніцтва, асабліва дзяцей, ад знішчэння і вывазу ў Германію. Паводле пасляваенных падлікаў дакументальна ўлічаная колькасць удзельнікаў падполля склала больш за 70 тыс. чал., сярод іх грамадзяне ўсіх рэспублік СССР, антыфашысты інш. краін; з маладзёжнага падполля дзейнічала амаль 3 тыс. пярвічных арг-цый, 335 антыфаш. маладзёжных арг-цый (амаль 100 тыс. чал.). Некалькі тысяч удзельнікаў падполля ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі; званне Героя Сав. Саюза атрымалі падпольшчыкі У.С.Амельянюк. Ц.С.Барадзін, А.Х.Валынец, Е.С.Зянькова, А.Л.Ісачанка, Х.К.Кабушкін, Р.П.Казінец, М.А.Кедышка, Я.У.Клумаў, Ф.А.Крыловіч, А.Р.Мазанік, П.М.Машэраў, М.Б.Осіпава, У.А.Парахневіч, З.М.Партнова, У.А.Хамчаноўскі, В.З.Харужая.

Літ.:

Подпольные партийные органы Компартии Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (1941—1944): Краткие сведения об орг., структуре и составе. Мн., 1975;

Подпольные комсомольские органы Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (1941—1944): Краткие сведения об орг., структуре и составе. Мн., 1976;

Тозик А.А. В дни суровых испытаний: Укрепление рядов КП(б)Б в условиях подполья в годы Великой Отечественной войны (1941—1944). Мн., 1981;

Всенародная борьба в Белоруссии против немецко-фашистских захватчиков в годы Великой Отечественной войны. Т. 1—3. Мн., 1983—85.

А.А.Тозік.

т. 12, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)