СТЭ́ПАВЫЯ СПО́ДКІ, западзіны,
акруглыя, амаль плоскія паніжэнні рэльефу ў стэпавай і лесастэпавай зонах. Дыяметр дзесяткі, радзей сотні метраў, глыб. да некалькіх метраў. Трапляюцца на раўнінных водападзелах і верхніх рачных тэрасах, па адным і групамі. Паводле паходжання вылучаюць С.с. дэфляцыйныя і карстава-суфазійныя. Расліннасць лугавая ці балотная, па краях травяністыя бярозавыя згуртаванні, на дне часам утвараюцца вадаёмы ці балоты.
т. 15, с. 233
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТЭ́ПАВЫЯ ЗО́НЫ,
прыродныя геагр. зоны ўмераных і субтрапічных паясоў Паўн. і Паўд. паўшар’яў з пераважаннем у ландшафтах стэпаў. Размешчаны ў Еўразіі, Паўн. і Паўд. Амерыцы, Аўстраліі. Натуральныя ландшафты С.з., дзе пераважала стэпавая травяністая расліннасць, амаль зніклі (б.ч. тэрыторыі С.з. ўмеранага пояса разарана, у субтрапічным поясе пашыраны арашальнае земляробства і пашавая жывёлагадоўля). Клімат засушлівы (выпаральнасць на 300—500 мм перавышае гадавую суму ападкаў), з няўстойлівым увільгатненнем, з перапынкам (ва ўмераным поясе) або запавольваннем (у субтрапічным поясе) вегетацыі раслін зімой. Лета гарачае (т-ра паветра 20—25 °C), моцныя вятры, засухі. Ва ўмераным поясе зімой сярэднія т-ры паветра адмоўныя (месцамі ніжэй за -20 °C), утвараецца ўстойлівае снегавое покрыва; у субтрапічным поясе зіма мяккая, бясснежная, з дадатнымі т-рамі (вышэй за 5 °C). Ападкаў 200—450 мм за год, да 600 мм у субтрапічным поясе. Велічыня сонечнай радыяцыі на паверхні 500—580 кДж/см² (120—140 ккал/см²) за год, да 790 кДж/см² (140—180 ккал/см²) у субтрапічным поясе. Паверхневы сцёк нязначны, рэкі малаводныя, часта перасыхаюць. Захавана натуральная расліннасць — засуха- і марозаўстойлівыя травяністыя расліны з пераважаннем дзернавінных злакаў, участкі кусцікавых, па далінах рэк галерэйныя лясы. Глебы пладародныя (чарназёмы, цёмна-каштанавыя і каштанавыя ва ўмераным поясе, карычневыя і шэра-карычневыя, месцамі засоленыя — у субтрапічным). На разараных тэрыторыях пашырана эрозія глеб. У гарах няпоўны аналаг С.з. — стэпавыя вышынныя паясы. Прыродныя ўмовы і клімат спрыяльныя для жыцця людзей. У сельскай гаспадарцы С.з. пераважае вырошчванне збожжавых і тэхн. культур; развіта жывёлагадоўля. Пра расл. і жывёльны свет гл. ў арт. Стэп.
В.С.Аношка.
т. 15, с. 233
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАФО́БЫ [ад гідра... + ...фоб(ы)],
арганізмы, якія пазбягаюць блізкасці або лішку вады (напр., кактусавыя, некат. стэпавыя, пустынныя і паўпустынныя злакавыя, саранча, скарпіёны і інш.).
т. 5, с. 237
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЗІФІ́ЛЬНЫЯ АРГАНІ́ЗМЫ (ад грэч. basis аснова + phileō люблю),
арганізмы, якія нармальна развіваюцца на шчолачным субстраце. Напрыклад, урабактэрыі, з вышэйшых раслін — пераважна стэпавыя і пустынныя віды, а таксама белая акацыя, скумпія, лістоўніца еўрапейская, вятроўнік шасціпялёсткавы, ветраніца лясная і інш.
т. 2, с. 221
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАРЭЛЬЕ́Ф (ад мікра... + рэльеф),
дробныя формы рэльефу, памеры якіх не перавышаюць некалькіх метраў. Утвораны пераважна экзагеннымі працэсамі, часта служаць дэталямі больш буйных форм рэльефу (напр., западзіны, прырэчышчавыя валы, невял. варонкі, стэпавыя сподкі); зрэдку ўзнікаюць у выніку антрапагеннай дзейнасці.
т. 10, с. 361
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАНГЕЗУ́РСКІ ХРЫБЕ́Т,
горны хрыбет у Армянскім нагор’і, на мяжы Арменіі і Нахічэванскай аўтаномнай рэспублікі. Працягваецца мерыдыянальна ад верх. цячэння рэк Тэртэр і Арпа да р. Аракс. Даўж. каля 130 км. Выш. да 3904 м (г. Капутджух). Складзены пераважна з гранітаў і гранадыярытаў. На зах. схілах стэпавыя і паўпустынныя ландшафты, на ўсх. — часткова шыракалістыя лясы і субальпійскія лугі. Радовішчы медных руд.
т. 6, с. 526
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАЛА́СКАЯ ДАЛІ́НА,
міжгорная катлавіна ў Кіргізіі, на Пн Цянь-Шаня, паміж хрыбтамі Кіргізскі Алатау і Таласкі Алатау. Даўж. каля 250 км, пераважаюць выш. 600—2000 м. Цячэ р. Талас. Складзена са сланцаў, пясчанікаў, вапнякоў; ёсць інтрузіі граніту. Пераважаюць паўпустынныя, сухастэпавыя і стэпавыя ландшафты, каля рэк аазісныя землі. У ніжнім цячэнні р. Талас пабудавана плаціна і вадасховішча для арашэння прылеглых зямель. У Т.д. — г. Талас.
т. 15, с. 398
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАДНІ́ПРУ (Zadnipru) Пётр Іонавіч (13.1.1927, с. Саука, Малдова — 23.9.1976),
малдаўскі паэт. Скончыў Кішынёўскі ун-т (1952). Дэбютаваў у 1952 паэт. зб-камі «Святло палёў» і «Стэпавыя агні». У кнігах «Людзі, дарагія людзі...» (1962), «Смак хлеба» (1964), «Сыны вы мае, сыны!..» (1977) апаэтызаваў жыццё малд. вёскі, яе праблемы і клопаты. Пераклаў на малд. мову асобныя творы Я.Купалы. На бел. мову творы З. пераклалі М.Лужанін, С.Панізнік, Г.Шупенька.
т. 6, с. 498
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУФО́ЗІЯ (ад лац. suffossio падкопванне, падрыванне),
вышчалочванне і вынас дробных мінеральных часцінак грунтавымі водамі, якія фільтруюцца ў тоўшчы горных парод. Можа праяўляцца адначасова з карстам. Выклікае ўтварэнне падземных пустот і прасадку асадкавых тоўшчаў. На паверхні фарміруюцца замкнёныя паніжэнні (варонкі, стэпавыя сподкі). С. спрыяе залажэнню паверхневага часовага, а потым і пастаяннага сцёку з развіццём яроў або рачных далін. На Беларусі С. праяўляецца ў раёнах пашырэння лёсападобных парод, пераважна на Аршанска-Магілёўскай раўніне.
т. 15, с. 292
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)