КАНЦЫЛЯРЫ́ЗМ,
слова, выраз і сінтаксічны зварот, характэрны для афіцыйна-дзелавога стылю. Напр., «пражываць» замест «жыць», «набываць» — «купляць», «ажыццяўляць кіраўніцтва» — «кіраваць». Ужыванне К. па-за рамкамі афіц.-дзелавога стылю разглядаецца як парушэнне стылістычных норм або як сродак характарыстыкі персанажа ў маст. л-ры, як стылістычны прыём.
т. 8, с. 12
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПЕ́РБАЛА (ад грэч. hyperbolē перабольшанне),
мастацкі прыём, заснаваны на рэзкім перабольшанні асобных рыс чалавечага характару, уласцівасцей прадмета ці з’явы з мэтай завастрыць на іх увагу чытача. Пашырана ў фальклоры, асабліва ў казках і легендах. Гіпербалу часта выкарыстоўваюць у творах рамантычнай л-ры з мэтай стварэння незвычайных характараў і падзей, узмацнення іх маст. выразнасці. Процілеглы гіпербале стылістычны прыём — літота.
т. 5, с. 255
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХА́ІЗМ (ад грэч. archaios старадаўні, старажытны),
устарэлая назва сучаснай рэаліі, што абазначаецца новым словам: напр., «раць» — войска, «рамёны» — плечы. Архаічнымі могуць быць і формы слоў. Адрозніваюцца архаізмы: уласна-лексічныя («каморнік» — землямер), лексіка-семантычныя («жывот» — жыццё), лексіка-фанетычныя («кроніка» — хроніка), лексіка-акцэнталагічныя («рапо́рт» — ра́парт), лексікасловаўтваральныя («лгар» — лгун), лексіка-марфалагічныя («паэта» — паэт). Выкарыстоўваюцца ў мове як стылістычны сродак.
І.Л.Бурак.
т. 1, с. 516
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАМБУ́Р (франц. calembour),
гульня слоў, стылістычны зварот у вершы, мове, жарце, пабудаваны на камічным абыгрыванні аднолькавых ці блізкіх па гучанні слоў або словазлучэнняў пры іх розным значэнні. Звычайна ўтвараюцца пры дапамозе амонімаў, амафонаў, паронімаў. Напр., К. з верша Р.Барадуліна «Тры прыступкі»:
У суседзяў стрэхі саламелі —
Мелі хлеб тут і да сала мелі,
Тут багата чулася Літва.
Ды пчалою сэрца Саламеі
Рвалася з зацішнага лятва.
т. 7, с. 448
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФУ́РТВЕНГЛЕР (Furtwängler) Іаган Адольф Міхаэль (30.6.1853, г. Фрайбургім-Брайсгаў, Германія — 11.10.1907),
нямецкі археолаг і гісторык ант. мастацтва. З 1884 праф. Берлінскага, з 1894 Мюнхенскага ун-таў. У 1878—79 вёў раскопкі ў Алімпіі, у 1901—07 у Эгіне, Амікле і Архамене. Выкарыстаўшы дакладны стылістычны аналіз і звесткі ант. аўтараў, вызначыў значную колькасць майстроў твораў стараж.-грэч. мастацтва («Шэдэўры грэчаскай скульптуры», 1893; «Эгіна», 1906, і інш.).
т. 16, с. 506
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРО́ГАНАЎСКАЯ ШКО́ЛА,
стылістычны кірунак у рус. іканапісе канца 16 — пач. 17 ст. Назва ад прозвішча купцоў Строганавых, для якіх былі напісаны шматлікія абразы. Абразы С.ш. вылучаюцца невял. памерамі, мініяцюрнасцю, філіграннасцю пісьма, складанасцю кампазіцыі, фантастычнасцю пейзажных фонаў, грацыёзнай вытанчанасцю поз і жэстаў, сакавітай, шчыльнай колеравай гамай, узмоцненай актыўным выкарыстаннем золата і серабра. Большасць іх стваралася маскоўскімі царскімі іканапісцамі. Сярод майстроў П.Чырын, Е.Масквіцін, Істома, Назарый і Нікіфар Савіны.
т. 15, с. 205
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІГУ́РА (ад лац. figura вобраз, форма),
1) знешнія абрысы, выгляд, форма прадмета.
2) Абрысы чалавечага цела.
3) Становішча, пазіцыя, якую займае хто-н. пры выкананні пэўных рухаў (у танцы, фехтаванні і інш.).
4) Скульптурнае, жывапіснае, графічнае адлюстраванне постаці чалавека або жывёлы.
5) Моўны зварот, стылістычны прыём, які надае мове асаблівую выразнасць.
6) Меладычны або рытмічны элемент, які ўскладняе і ўпрыгожвае муз. твор.
7) Ігральная фішка (напр., шахматная Ф.). 8) У пераносным значэнні Ф. наз. важную значную асобу, таксама носьбіта якіх.-н. уласцівасцей, якасцей.
т. 16, с. 369
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЬЦО́,
стылістычны кампазіцыйны прыём у паэзіі і прозе. У паэзіі — паўтор у пачатку і ў канцы асобных вершаваных радкоў, строф або цэлага твора аднолькавых гукаспалучэнняў, слоў ці выразаў. Найб. пашыраныя віды паэт. К.: гукавое, лексічнае, страфічнае (эпістрафа), архітэктанічнае. У прозе — паўтарэнне ў канцы або ў сярэдзіне твора маст. элементаў, якія ўжываліся на яго пачатку, што спрыяе больш поўнаму выяўленню ідэі твора. У бел. л-ры трапляецца ў паэт. спадчыне Я.Купалы, М.Багдановіча, П.Панчанкі, апавяданнях М.Зарэцкага, К.Чорнага, М.Стральцова і інш.
В.П.Рагойша, Я.І.Клімуць.
т. 7, с. 493
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАНАМА́ЗІЯ (ад грэч. пара...+ onoma называю),
стылістычны прыём гукавога збліжэння этымалагічна і семантычна розных слоў у сказе ці суседніх сказах. Выкарыстоўваецца для стварэння гукавых эфектаў у паэт. творах («Сінявокі прашчур // Сяброўку юную гукаў //I рэха, быццам камень з прашчы, // У Нёмнаў падала рукаў» — Р.Барадулін), скорагаворках («Патап пакаваў пакупнікам пакупкі ў пакункі»). З’яву П. часта выкарыстоўваюць для большай выразнасці выказвання, стварэння каламбураў, камічных эфектаў: «Людзі трымаюць ордэр так, як трымаюць ордэн» (А.Вярцінскі. «Гнёзды»). Паводле прынцыпу П. нярэдка фармулююцца загалоўкі публіцыстычных артыкулаў і сатыр. твораў: «Фермы і фірмы», «Камбінатар з камбіната».
І.К.Германовіч.
т. 12, с. 89
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЫГРАНЯ́Н Армен Тыгранавіч (26.12.1879, г. Гюмры, Арменія — 10.2.1950),
армянскі і грузінскі кампазітар, харавы дырыжор. Засл. дз. маст. Арменіі (1935). Засл. дз. маст. Грузіі (1936). Скончыў Тбіліскае муз. вучылішча (1902). У 1902 арганізаваў у Александропалі нар. хары, з якімі вёў канцэртную дзейнасць. З 1913 у Тбілісі. Аўтар першай арм. нар.-быт. оперы «Ануш» (паст. 1912), якая адкрыла новы стылістычны кірунак у арм. муз. т-ры. Сярод інш. твораў: опера «Давід-бек» (паст. 1950), песенная драма «Лейлі і Меджнун» (паст. 1918), кантаты, у т. л. «Крывавая ноч» (1936), танц. сюіта для арк. (1946), маршы для духавога арк., п’есы для фп., песні, музыка да драм. спектакляў і інш.
т. 16, с. 72
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)