Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАКА́ТАР,
прылада для вымярэння лінейных памераў калібраў і дэталей машын адносным кантактным спосабам — параўнаннем з мерай. Асн. механізм — скручаная стужачная спружына, якая пераўтварае лінейныя перамяшчэнні вымяральнага стрыжня (у ніжняй ч. прылады) у вуглавыя адхіленні стрэлкі. Межы вымярэнняў ±(4—300) мкм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАГІ́МНІЯ (Hypogimnia),
род лішайнікаў сям. гіпагімніевых. Каля 60 відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары, за выключэннем стэпавых і пустынных зон пераважна ва Усх. Азіі. На Беларусі трапляюцца 4 віды: найчасцей гіпагімнія ўздутая (H. physodes), радзей мучністая (H. farinacea), стужачная (H. vittata) і трубчастая (H. tubulosa). Пераважна аблігатныя эпіфіты. Растуць на ствалах і галінках дрэў і кустоў, зрэдку на апрацаванай драўніне, камяністым субстраце, грунтавых агаленнях і глебе. Гіпагімнія ўздутая часта ўкрывае ствалы дрэў (асабліва хвоі).
Слаявіна (талом) ліставатая, шаравата-зеленаватая, белавата-шараватая, знізу цёмная да чорнай, распасцёртая па субстраце, у цэнтры шчыльна прымацаваная да яго. Лопасці на канцах з масай сарэдый (спец. утварэнняў для вегетатыўнага размнажэння) у выглядзе белых мучністых скопішчаў. Пладовыя целы (апатэцыі) сядзячыя або на ножках. Сумкі (яскі) 8-споравыя. Споры аднаклетачныя. Сыравіна для антыбіятычнага прэпарата «Эвазін-2». Індыкатары загазаванасці паветра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЭВАРЭ́ЗАЛЬНЫЯ СТАНКІ́,
станкі для апрацоўкі драўніны і драўняных матэрыялаў рэзаннем. На іх вырабляюць загатоўкі, дэталі і вырабы зададзеных формаў і памераў з паверхняй неабходнай якасці. Падзяляюцца на станкі, якія працуюць без здрабнення драўніны (стругальныя станкі, лушчыльныя станкі, нажніцы) і якія здрабняюць частку драўніны.
Да Д.с., якія працуюць са здрабненнем часткі драўніны, адносяцца: пілавальныя (лесапільныя рамы, стужачнапільныя станкі, круглапільныя станкі), фрэзерныя станкі (у т. л.фугавальныя станкі, рэйсмусавыя станкі, шыпарэзныя станкі), свідравальныя станкі, даўбёжныя станкі, шліфавальныя станкі, такарныя станкі, акорвальныя і драбільныя. Адрозніваюць Д.с. адна- і многашпіндэльныя; нізкай, сярэдняй, высокай дакладнасці і асабліва дакладныя; агульнага прызначэння, спецыялізаваныя і спецыяльныя. На Беларусі Д.с. і інш.дрэваапрацоўчыя машыны выпускаюцца мінскімі ВА па выпуску аўтам. ліній, працяжных і адразных станкоў, Баранавіцкім з-дам аўтам. ліній, Гомельскім і Аршанскім станкабуд. з-дамі, Віцебскім з-дам заточных станкоў і інш.
А.А.Барташэвіч.
Функцыянальныя схемы дрэварэзальных станкоў: а — стужачнапільнага (1 — дыск, 2 — стужачная піла); б — круглапільнага (1 — пільны дыск, 2 — дэталь); в — рэйсмусавага (1 — нажавы вал); г — лушчыльнага (1 — цурбак, 2 — шпона, 3 — нож); д — 4-баковага стругальнага (1 — нажавыя галоўкі, 2 — нажавыя валы); е — свідравальнага; ж — шыпарэзнага (1 — фрэзы), з — шліфавальнага з кантактным прасікам (1 — дэталь, 2 — прыціскны прасік, 3 — шліфавальная стужка); і — шліфавальнага з кантактным вальцам (1 — шліфавальная стужка, 2 — дэталь).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАМАТЫ́ЧНАЯ ЗБРО́Я,
агнястрэльная зброя, у якой перазараджанне і чарговы выстрал выконваюцца аўтаматычна за кошт энергіі парахавых газаў або энергіі інш. крыніц. Адзін з асн. і масавых відаў сучаснага ўзбраення, якім аснашчаюцца амаль усе віды войскаў. Паводле канструкцыі бывае самазарадная (аўтам. перазараджаецца і робіць толькі адзіночныя стрэлы) і самастрэльная (стрэлы чэргамі і бесперапынна). Падзяляецца на стралковую (калібр да 20 мм), да якой адносяцца аўтам.пісталеты, пісталеты-кулямёты, аўтаматы, самазарадныя і аўтам.вінтоўкі і карабіны, ручныя, станковыя, буйнакаліберныя кулямёты, і артылерыйскую — аўтам. пушкі (калібр больш за 20 мм). Падача патронаў магазінная (са спец. скрынак-магазінаў) і стужачная (з гнуткіх металічных стужак). Гал. асаблівасць аўтаматычнай зброі — высокая скарастрэльнасць і вял. шчыльнасць агню.
Першыя праекты аўтаматычнай зброі з’явіліся ў 1863 у ЗША, у 1889 у Расіі. Паводле прынцыпу дзеяння аўтаматыкі аўтаматычная зброя падзяляецца на 4 тыпы: сістэмы зброі, у якіх дзеянне аўтаматыкі заснавана на выкарыстанні энергіі аддачы рухомага ствала, затвор у час стрэлу трывала счэплены, аўтаматыка такіх сістэм бывае з доўгім або кароткім ходам ствала (пісталет ТТ, кулямёт Максіма); сістэмы зброі, якія выкарыстоўваюць аддачу затвора пры нерухомым ствале, затвор у час стрэлу не счэплены са ствалом або счэплены напаўсвабодна, адваротны рух затвора і зараджанне робіцца сілай зваротнай спружыны (пісталеты-кулямёты ППШ-41, ППС-43 і інш); сістэмы зброі, у якіх дзеянне аўтаматыкі заснавана на выкарыстанні энергіі адводу парахавых газаў з канала ствала ў газавую камеру праз адводную адтуліну ў ствале (аўтамат, кулямёт М.Ц.Калашнікава, кулямёт В.А.Дзегцярова і інш.); сістэмы зброі, у якіх дзеянне аўтаматыкі заснавана на выкарыстанні энергіі інш. крыніц, у прыватнасці рознага роду рухавікоў (напр., амер. 20-ммавіяц. пушка «Вулкан»).