ГРАМНІ́ЦЫ, стрэчанне,

у беларускім нар. календары свята ачышчэння з дапамогай агню. Яго адметнасць — асаблівы чын асвячэння стрэчанскіх свечак, якія ў народзе называюць грамнічнымі. У хрысціянстве з’явіліся ў 6 ст. на тэр. Рымскай імперыі і трактуюцца як своеасаблівая повязь Старога запавету з Новым. Усталявана ў памяць аб сустрэчы (царкоўна-слав. — «стрэчанне») немаўляці Ісуса Хрыста (носьбіта Новага запавету) з прадстаўнікамі Старога запавету старцам Сімяонам і Ганнай-прарочыцай у Іерусалімскім храме. Паводле старазапаветнага закону на саракавы дзень пасля нараджэння першынца-хлопчыка бацькі павінны былі прынесці дзіця ў храм, што і зрабілі Божая маці і Іосіф. У праваслаўі святкуецца 15 лютага, у каталіцызме — 2 лютага (мае назву Дзень Грамнічнай Божай Маці або Ахвяраванне Гасподняе). У дзень грамніц асвячаюць васковыя свечкі, якімі карыстаюцца як засцярогай пры прыняцці нованароджанага, у вясельных і пахавальных абрадах, для варажбы. Лічыцца, што спальванне свечак адпужвае ад чалавека нечысць, ахоўвае ад ведзьмаў і чарадзеяў, ад навальніцы і маланак, дапамагае пры хваробе, абараняе жывёлу. Беларусы запальваюць свечкі на Дзяды, Каляды, Вадохрышча, Купалле, Вялікдзень. Грамнічныя свечкі шануюць, іх нельга перадаваць у інш. сям’ю, нават родным і сваякам. З грамніцамі звязаны шэраг метэаралагічных прыкмет.

А.​У.​Верашчагіна.

т. 5, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЖАДУ́Б (Алесь) (Аляксандр Канстанцінавіч, н. 27.9.1952, г. Ганцавічы Брэсцкай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1974) і Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1985). З 1990 жыве ў Маскве. Друкуецца з 1976. У апавяданнях, аповесцях «Гарадок» (1980), «Старая хата» (1982), «Высока сонейка, высока» (1984), «Дарога на замчышча» (1988), «Стрэчанне» (1990) паказаў побыт, узаемаадносіны жыхароў невял. гарадка, сучасныя жыццёвыя праблемы. Аповесці «Лесавік» (1985) і «Дуб» (1990) рэканструююць стараж. пласты нар. міфалогіі. Аўтар гіст. эсэ «Рака вады жывой» (1989), зб-каў апавяд. «Святы калодзеж» (1994), «Магіла для дырэктара могілак» (1997).

І.М.Кажадуб.

т. 7, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУПЕ́НЬКА (Яўген Міхайлавіч) (20.8.1936, в. Саськаўка Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл. — 4.2.1990),

бел. паэт. Скончыў Літ. ін-т імя М.​Горкага ў Маскве (1970). Працаваў у прэсе, у 1970—90 у газ. «Чырвоная змена». Друкаваўся з 1953. Аўтар зб-каў вершаў і паэм «Салаўі» (1969), «Нядзеля» (1972), «Бусліны човен» (1975), «Стрэчанне» (1981) і інш., сатыр. і гумарыстычных твораў («Слон пад мікраскопам», 1978; «Юбілейныя бліны», 1984), кніжак для дзяцей («Малінавы год», 1971; «Колеры», 1973; «Хто нам дом пабудаваў», 1978, і інш.). Пераклаў на бел. мову «Слова аб палку Ігаравым», творы рус., укр. паэтаў.

Тв.:

Карэнні. Мн., 1986;

Гекзаметр баразны. Мн., 1988.

т. 8, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВАНАДЗЕСЯ́ТЫЯ СВЯ́ТЫ,

12 найбольш значных свят праваслаўя: Раство Хрыстова (Каляды) — 7 студз. (25 снеж. па с.ст.), Хрышчэнне Гасподняе (Вадохрышча) — 19(6) студз.; Стрэчанне Гасподняе (Грамніцы) — 15 (2) лют., Дабравешчанне — 7 крас. (25 сак.), Уваход Гасподні ў Іерусалім (Вербніца) — за тыдзень да Вялікадня, Узнясенне Гасподняе (Ушэсце) — на 40-ы дзень пасля Вялікадня, Дзень св. Тройцы (Сёмуха, Пяцідзесятніца) — на 50-ы дзень пасля Вялікадня, Праабражэнне Гасподняе (Спас) — 19 (6 жн.), Успенне Прасвятой Багародзіцы (Прачыстая) — 28 (15) жн., Раство Прасвятой Багародзіцы 21 (8 вер.), Узвіжанне Крыжа Гасподняга — 27 (14) вер., Увядзенне ў храм Прасвятой Багародзіцы (Уводзіны) — 4 снеж. (21 ліст). Разам з Вялікаднем лічацца галоўнымі святамі правасл. царквы. Пераважная большасць хрысц. свят прымеркавана да стараж. свят, звычаяў і абрадаў нар. календара. Звычайна хрысц. святы пачынаюцца з вечара, з усяночнай, а раніцай у царкве адбываецца святочная літургія.

А.​У.​Верашчагіна.

т. 6, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)