Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАНА́ТА (італьян. granata ад лац. granatus зярністы),
1) боепрыпас для паражэння жывой сілы і тэхнікі праціўніка ў блізкім баі. Адрозніваюць гранаты: ручныя і для стральбы з гранатамётаў (гранатамётныя стрэлы і вінтовачныя гранаты); процітанкавыя, проціпяхотныя, запальныя і спецыяльныя (дымавыя, асвятляльныя, сігнальныя і інш.).
Гранатамётныя стрэлы маюць калібры 30—112 мм, масу 0,2—5 кг, бронепрабівальнасць да 400 мм і болей. Бываюць з парахавым стартавым зарадам, рэактыўным рухавіком і стабілізатарам. Проціпяхотныя гранаты падзяляюцца на асколачныя ручныя гранаты, асколачныя, асколачна-фугасныя і асколачна-кумулятыўныя гранатамётныя стрэлы. Маса сучасных гранат 0,3—1,2 кг, радыус паражэння фугасных да 20 м, асколачных да 200 м. Гранаты з’явіліся ў 16 ст., з 17 ст. імі ўзбройвалі спец. падраздзяленні пяхоты — грэнадзёраў. Процітанкавыя гранаты — кумулятыўныя ручныя гранаты і гранатамётныя стрэлы. Прабіваюць браніраваныя цэлі накіраваным струменем разрыўнога зарада. Маса 1,1—1,2 кг.
2) Устарэлая назва артыл.снарадаў асколачна-фугаснага дзеяння масай не менш за 16 кг. Ужываліся з 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САГАЙДА́К, сайдак (цюрк.),
камплект (набор) ручной кідальнай зброі коннага воіна. Выкарыстоўваўся з 5—6 ст. Атрымаў пашырэнне ў манголаў і цюрк. народаў у 10—19 ст., у некат. інш. народаў, у т. л. ў Расіі ў 13—17 ст. Складаўся з лука з налуччам, стрэл з калчанам і тахтуя (чахол). У налучча ўстаўляўся лук, у калчан — стрэлы. Налучча прымацоўвалася разам з шабляй да пояса з левага боку, а калчан — з правага. Тахтуй, які нацягвалі ў паходзе на калчан, служыў для засцярогі стрэл ад вільгаці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САГАЙДА́КЕРЫ,
конныя воіны-лучнікі, якія мелі на ўзбраенні сагайдакі (лук і стрэлы з калчанам). У 10—17 ст. уваходзілі ў склад войска манголаў, татараў (у т. л.тат.вайск. фарміраванняў у арміі ВКЛ), у 16—18 ст. — запарожскіх казакоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМАЗАРА́ДНАЯ ЗБРО́Я,
аўтаматычная зброя, з якой выконваюцца толькі адзіночныя стрэлы. Адрозніваюць баявую, паляўнічую і спарт. С.з. (вядомы самазарадныя пісталеты, вінтоўкі, карабіны і процітанкавыя ружжы). З сучасных узораў на ўзбраенні армій і ў якасці паляўнічай і спарт. С.з. выкарыстоўваюць пісталеты і вінтоўкі (баявыя — у асн. снайперскія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІКЛО́ПЫ, цыклопы,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі аднавокія волаты, сыны Урана і Геі. Былі скінуты бацькам у тартар (бездань), але вызвалены Зеўсам, для якога вырабілі маланкі-стрэлы, што дапамаглі яму адолець тытанаў. Лічыліся памагатымі Гефеста ў яго кузні, будаўнікамі магутных «кіклапічных» пабудоў у Мікенах і Тырынфе. Паводле «Адысеі», К. — дзікае племя, што жыве ў пячорах на аддаленым востраве і не прызнае ўлады багоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРБАЛЕ́Т (франц. Arbalète),
старажытная ручная зброя ў выглядзе стальнога або драўлянага лука з драўляным ложам-прыкладам і механізмам для нацягвання цецівы. Пушчаныя з арбалета драўляныя стрэлы з жал. наканечнікамі ляцелі на адлегласць 300—400 крокаў і прабівалі рыцарскія латы. У краінах Еўропы вядомы з 11 ст. (ёсць звесткі, што ў Еўропу арбалет прынеслі крыжаносцы, якія запазычылі яго ў сарацынаў). На Русі наз. самастрэлам. На Беларусі выкарыстоўваўся ў 12—16 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАХМУ́ЦІНСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура 5—8 ст. у міжрэччы Уфы, Камы і Белай. Назва ад могільніка каля в. Бахмуціна Благавешчанскага р-на (Башкортастан). Насельніцтва займалася земляробствам, жывёлагадоўляй, жыло на селішчах і гарадзішчах у паўзямлянкавых жытлах. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў грунтавых магілах. У пахаваннях шмат упрыгожанняў (падвескі, накладкі, паясы, фібулы), зброя (мячы, стрэлы, сякеры), прылады працы (сярпы, долаты, скоблі) і інш. Большасць керамікі — кругладонныя пасудзіны, арнаментаваныя па ўсёй паверхні дробнымі ямкамі. Носьбітамі Бахмуцінскай культуры былі угры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́ЙМІНСКІ МО́ГІЛЬНІК,
могільнік бронзавага веку (сярэдзіна 2-га тыс. да н.э.) каля ст. Сейма (паблізу г. Ніжні Ноўгарад, Расія), на пясчанай дзюне левага берага р. Ака. Выяўлены ў 1912. Налічваў каля 50 неглыбокіх магіл, у кожнай з якіх знаходзіўся шкілет з багатым пахавальным інвентаром (бронзавыя масіўныя бранзалеты, кінжалы, наканечнікі коп’яў, сякеры-кельты, плоскія паліраваныя кольцы з нефрыту, рэшткі ўпрыгожанняў з бурштыну, шматлікія крамянёвыя стрэлы дасканалай апрацоўкі і інш.). Знаходкі сведчаць пра ўсх., заўральскае паходжанне С.м.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫ́ЖАЛЬ,
у беларускай народнай міфалогіі бог агню, апякун рамёстваў, найперш кавальскага. Яго ўяўлялі магутным дэманам, які пад зямлёй у вогненнай кузні куе зброю, каб скінуць Перуна. Ж. паважалі за мужнасць і непакорнасць, але баяліся яго. Былі ўпэўнены, што, калі ён доўга працаваў у кузні, перагравалася зямля і пачыналася засуха, гарэлі тарфяныя балоты і лясы. Калі Ж. выходзіў з-пад зямлі, Пярун у гневе кідаў у Ж. вогненныя стрэлы-маланкі. Не папаўшы ў Ж., маланка магла быць прычынай пажару.