Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВАРТЭ́Т (італьян. quartetto ад лац. quartus чацвёрты),
1) ансамбль з 4 выканаўцаў (інструменталістаў ці вакалістаў). Можа быць аднароднага складу (струнны смыковы, драўляных духавых інструментаў, вак. мужчынскі або жаночы) і мяшанага (т. зв. фартэпіянны К. — фп., скрыпка, альт, віяланчэль). З інстр. К. найб. пашыраны струнны смыковы (2 скрыпкі, альт, віяланчэль). Як самаст. тып выканальніцкага калектыву сфарміраваўся ў 2-й пал. 18 ст. На Беларусі вядомы Гарадзецкі прыгонны квартэт У.Г.Кастрыёта-Скандэрбека, Дзяржаўны смыковы квартэт БССР, Квартэт Саюза кампазітараў БССР, вакальныя Беларускі вакальны квартэт, «Купалінка» і інш. 2) Муз. твор для ансамбля з 4 інструментаў або пеўчых галасоў. Струнны смыковы К. з канца 18 ст. — адзін з асн. жанраў камернай музыкі. Яго вызначаюць індывідуалізацыя партый, поліфанічная фактура, санатная цыклічная форма. Класічныя ўзоры К. стварылі І.Гайдн, В.А.Моцарт, Л.Бетховен, Ф.Шуберт, П.Чайкоўскі, А.Барадзін, Б.Бартак, П.Хіндэміт, Дз.Шастаковіч і інш. У бел. музыцы да К. звярталіся М.Аладаў, У.Алоўнікаў, В.Войцік, Г.Гарэлава, С.Картэс, П.Падкавыраў, А.Туранкоў, К.Цесакоў, М.Чуркін, Л.Шлег, В.Яфімаў. Менш пашыраны ў сусв. музыцы фп. К. Вакальныя К. часта ўваходзяць у оперы, кантаты, араторыі. Шэраг нар. песень апрацавалі для вак. К. бел. кампазітары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРД (англ. bard),
спявак-казачнік у стараж. кельцкіх плямёнаў; у сярэднявеччы (гал. чынам у Ірландыі, Уэльсе, Шатландыі) — прафес. паэт-спявак, вандроўны ці прыдворны. Пад уласны акампанемент на кроце (струнны шчыпковы інструмент) выконвалі гераічныя песні-балады, баявыя, рэліг. і сатыр. песні, элегіі і інш. У наш час бардам наз. аўтара і выканаўцу аўтарскай песні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРБЕЛЯ́Н (Канстанцін Агапаронавіч) (н. 29.7.1928, г. Армавір Краснадарскага краю),
армянскі кампазітар, дырыжор. Нар.арт.СССР (1979). Скончыў Ерэванскую кансерваторыю (1961). З 1956 маст. кіраўнік Дзярж. эстраднага аркестра Арменіі. Музыцы Арбеляна ўласцівыя яркая вобразнасць, экспрэсія, дынамічнасць, драматызм. Сярод твораў: балет «Бессмяротнасць» (1969), 2 сімфоніі (1961, 1967); сімф. паэма «Зангезур», «Святочная уверцюра» для сімф. аркестра; струнны квартэт; творы для эстр.-сімф. аркестра; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. У песнях Арбеляна нац. мелас арганічна спалучаецца са сродкамі джаза.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫТО́Н (італьян. baritono),
1) мужчынскі голас сярэдняга рэгістру (паміж басам і тэнарам). Дыяпазон A — as1. Вылучаюць лірычны барытон, больш мяккі і рухомы, бліжэй да драм.тэнара, і драматычны барытон, больш мужны і моцны, бліжэй да баса.
2) Басовы струнны смычковы інструмент сям’і віёлаў з 6—7 асноўнымі і 7—20 (і болей) рэзаніруючымі струнамі (выкарыстоўваліся і для ігры шчыпком).
3) Духавы медны муштучны інструмент з сям’і шырокамензурных вентыльных духавых інструментаў (саксгорнаў і інш.).
4) Абазначэнне разнавіднасцяў у сем’ях духавых інструментаў (напр., саксафон-барытон, барытонавы габой і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́НДЖА (англ. banjo),
струнны шчыпковы інструмент. Напачатку мела драўляны, пазней метал. корпус у выглядзе бубна са скураной (цяпер пластыкавай) мембранай, доўгую шыйку з грыфам без ладоў (цяпер з ладамі), галоўку з калкамі, 4—9 жыльных (пазней металічных) струн. Гук рэзкі, востры, з шаргаценнем, хутка згасае, здабываецца пераважна плектрам. Завезена з Зах. Афрыкі ў ЗША каля 17 ст. Выкарыстоўвалася для акампанементу і сольнай ігры, пазней у традыц.джазе. У канцы 19 — пач. 20 ст. з’явіліся разнавіднасці банджа — пікала, тэнар, бас і яго мадыфікацыі — банджа-укулеле, банджа-мандаліна, банджа-гітара (падобныя да банджа колькасцю струн і настройкай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАСЭ́ТЛЯ (польск. basetla),
басоля, бас, кантрабас, струнны смычковы інструмент нізкага рэгістра, блізкі да віяланчэлі і кантрабаса. Бывае розных памераў, мае 3—4 жыльныя або метал. струны, часам 4 ладавыя адзнакі на грыфе. Смык кароткі, прамы. Вядома ў беларусаў, украінцаў, палякаў, літоўцаў і інш. народаў. На Беларусі была пашырана з 18 ст. ў Гродзенскай, Мінскай і Брэсцкай абл. пераважна ў гарадах, мястэчках і буйных вёсках. Выкарыстоўвалася ў нар.інстр. ансамблях-«капэлях». У наш час сустракаецца рэдка. У Рэчы Паспалітай і бел. дакументах 18 ст. басэтляй наз. віяланчэль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІГ-БЭ́НД (англ. big band),
тып аркестра класічнага джаза. Склаўся ў канцы 1920-х г. у ЗША. Звязаны са стылем свінг. У адрозненне ад інш. тыпаў джаз-аркестраў мае функцыянальны падзел інструментаў на секцыі: рытмічную (банджа, духавы ці струнны бас, ударныя, фп.) і меладычную (групы труб, саксафонаў, трамбонаў). Сярод найб. вядомых біг-бэндаў аркестры Ф.Хендэрсана, Дз.Элінгтана, Дж.Лансфарда, Б.Гудмена, Т.Дорсі, А.Шоу, Ч.Уэба, К.Бейсі (ЗША), Л.Уцёсава, А.Лундстрэма, Г.Гараняна, А.Крола (Расія), К.Арбеляна (Арменія). На Беларусі ў канцы 1939 — пач. 1940-х г. працаваў Дзярж. джаз-аркестр БССР пад кіраўніцтвам Э.Рознера.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКАЯ АБЛАСНА́Я ФІЛАРМО́НІЯ.
Створана ў 1967. Сярод першых творчых калектываў лектарска-камерная група і эстрадныя брыгады. У 1974—92 працаваў вак.-інстр. ансамбль «Сябры». На 1.1.1997 працуюць: камерны хор (маст. кіраўнік і дырыжор А.Сакалова), канцэртны аркестр (гал. дырыжор Ю.Васілеўскі), струнны квартэт, інстр. група, для дзяцей — «Тэатр гульняў і забаў», літ.-муз. лекторый. Сярод салістаў спявачкі Г.Паўлёнак, Т.Сапегіна, артыст-лялечнік М.Манец, ілюзіяніст Л.Грыцанюк. Філармонія арганізоўвае і праводзіць фестывалі «Музычнае Палессе», «Гомельская вясна», «Калядны фестываль», «Рэнесанс гітары», удзельнічае ў міжнар. фестывалі «Беларуская музычная восень». З 1980 пры філармоніі працуе Мазырскі філіял.