БАРТО́СІК (Іван) (Іосіф) Станіслававіч (н. 1.11.1933, г. Бярозаўка Лідскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. майстар маст. шклавырабаў, шліфоўшчык-алмазчык. З 1949 працуе на шклозаводзе «Нёман». Распрацаваў уласныя прыёмы ў тэхніцы алмазнай грані, шліфаваў у ёй малюнкі на унікальных творах з хрусталёвага шкла. Сярод уласных твораў: камплекты святочнага посуду (1966), «Дэсертны» (1968), «Ваза» (1970), «Гранат» (1978), прыборы «Хрусталёвае свята» (1967), «Стройны» (1980), блюда пад гародніну (1972), сервіз (1977), ваза пад гародніну ў стылі «рэтра» (1982) і інш.
Літ.:
Яницкая М.М. Художественное стекло Советской Белоруссии. Мн., 1989. С. 186.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРМО́НІК (ад грэч. harmonikos сугучны, стройны, зладжаны),
ручны, клавішна-пнеўматычны муз. інструмент класа духавых язычковых. Складаецца з гукавытворчай механікі (планкі са стальнымі язычкамі, рэзанатары і клавішны механізм), корпуса (2 драўляныя рамы, злучаныя мехам) і меха (паветр. рэзервуар). Вылучаецца насычанасцю і разнастайнасцю тэмбравых і дынамічных гукавых фарбаў, багаццем выразных і тэхн. магчымасцей. Створаны ў 1822 у Германіі (удасканалены ў 1829 у Вене), хутка пашырыўся ў многіх краінах свету, зазнаўшы ўздзеянне пэўных этнічных традыцый. Існуе ў розных відах і мае розныя сістэмы. Акрамя гармоніка ручнога (у т. л. канцэрціна, баян, акардэон) вядомы таксама нажныя (у т. л. фісгармонія) і губныя гармонікі. На Беларусі з 2-й пал. 19 ст.найб. пашыраны ручныя гармонікі «венка» і «хромка», з пач. 20 ст. — педалёўка (паветра ў мех напампоўваецца з дапамогай нажной педалі). У сістэме нар.муз. інструментарыя гармонік займае вядучае становішча. Выкарыстоўваецца ў самадз. і прафес. практыцы (сольнай, ансамблевай і аркестравай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́НЕВЫЯ (Equidae),
коні, сямейства няпарнакапытных млекакормячых. Вядомы з эацэну Паўн. Амерыкі. Эвалюцыя К. вывучана У.А.Кавалеўскім. З падсям., 20 родаў. Сучасны 1 род (Equus), 8 відаў дзікіх К.: асёл, зебры (бурчэлава, горная, Грэві), квага, конь Пржавальскага, кулан (анагр), тарпан. Квага і тарпан знішчаны ў канцы 19 — пач. 20 ст. К. пашыраны ў Азіі і Афрыцы (у Еўропе знішчаны да канца 19 ст.). Жывуць у стэпах, саваннах, пустынях і паўпустынях, на пласкагор’ях. Трымаюцца невял. табунамі. 5 відаў і 2 падвіды ў Чырв. кнізе МСАП. На Беларусі на тэр. Гродзенскага, Калінкавіцкага, Касцюковіцкага, Крычаўскага, Лельчыцкага, Чачэрскага р-наў, гарадоў Мінск, Смаргонь, Чэрыкаў знойдзены рэшткі 3 выкапнёвых відаў К.: каня выкапнёвага (E. caballus), каня Стэнана (E. stenonis) і каня хазарскага (E. chosaricus). Знешне нагадвалі сучасных К., але драбнейшыя памерамі. Па іх рэштках вызначаюць узрост геал. адкладаў.
Даўж. цела дзікіх К. 200—280 см, хваста 40—60 см, выш. ў карку 110—146 см, маса 120—350 кг. Колер аднатонны, жоўта-шэры або светла-шэры з чорнымі палосамі (зебры). Склад цела лёгкі і стройны. Ногі высокія і тонкія, заканчваюцца найб. развітым 3-м пальцам (капыт), 2-і і 4-ы рудыментарныя («грыфельныя» костачкі). Валасяное покрыва кароткае, шчыльнае. На шыі кароткая прамастаячая грыва з падоўжаных валасоў. Здольныя да працяглага і хуткага бегу (50—60 км/гадз, кулан — да 75 км/гадз). Кормяцца расліннасцю. Нараджаюць 1, зрэдку 2 жарабят. Гл. таксама Гіпарыён, Конегадоўля, Коні свойскія.