Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕАГЕ́Я (ад палеа... + gē зямля),
біягеаграфічнае царства. Займае ў асн. трапічныя раёны Усх. паўшар’я. Уключае Інда-Малайскую біягеаграфічную вобласць, Мадагаскарскую біягеаграфічную вобласць, Палінезійскую біягеаграфічную вобласць і Эфіопскую біягеаграфічную вобласць. Для флоры і фауны П. характэрны расліны і жывёлы стараж.Гандваны, у т. л. дваякадыхальныя рыбы, чарапахі (паходзяць з міяцэну і пліяцэну), страусы, хобатныя, чалавекападобныя малпы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́ВАДКАВЫЯ ПТУ́ШКІ,
птушкі, птушаняты якіх адразу пасля вылуплівання здольныя самастойна перамяшчацца і карміцца; адно з гал. падраздзяленняў птушак па характары постэмбрыянальнага развіцця. Роля бацькоў — дапамога ў пошуках корму, абарона і перыядычнае абаграванне вывадку. У яйцах вывадкавых птушак жаўток займае да 35% аб’ёму, птушаняты вылупліваюцца відушчыя, з адкрытымі слыхавымі праходамі, укрытыя густым пухам, яны ходзяць, бегаюць, плаваюць і ныраюць, смеццевыя куры лятаюць, маюць адносна развітую тэрмарэгуляцыю. Да вывадкавых птушак адносяцца афр.страусы, нанду, казуарападобныя, ківі, гусепадобныя, курападобныя і большасць сеўцападобных. Адносна шматлікія ва ўмераных шыротах. Гл. таксама Птушанятныя птушкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́НДУ (Rheiformes),
нандупадобныя, страусы амерыканскія, атрад бескілявых птушак. Вядомы з верхняга пліяцэну (каля 2—7 млн. гадоў назад). 1 сям., 2 віды: Н. паўночны, або звычайны (Rhea americana), і Н. даўгадзюбы, або дарвінаў (R. pennata, або Pterocnemia pennata). Пашыраны ў стэпах і паўпустынях Паўд. Амерыкі. Трымаюцца групамі. Падвід Н. даўгадзюбага (R.p.tarapacensis) — у Чырв. кнізе МСАП.
Выш. да 170 см, маса да 50 кг. Апярэнне бураватае, шэрае. Крылы развітыя, але няздатныя да палёту. Ногі трохпальцыя. Добра бегаюць і плаваюць, кормяцца раслінамі, малюскамі, чарвямі, яшчаркамі. Палігамы. Некалькі самак (3—8) адкладваюць яйцы ў адно гняздо (да 30 яец); наседжвае самец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖО́ЎЦЕВЫ ПУЗЫ́Р,
полы орган стрававальнай сістэмы большасці пазваночных жывёл і чалавека, у якім адбываецца збіранне і канцэнтрацыя жоўці. Размешчаны на ніжняй паверхні правай долі печані. Адсутнічае ў міног, некат. рыб, птушак (галубы, зязюлі, калібры, папугаі, страусы, туканы), млекакормячых (кітападобныя, сланы, алені, вярблюды, няпарнакапытныя, многія мышападобныя грызуны).
Форма грушападобная, радзей канічная. Мае дно, цела і шыйку, якая пераходзіць у пузырную пратоку, што злучана з пячоначнай пратокай і ўтварае агульную жоўцевую пратоку. У чалавека ёмістасць Ж.п. 30—70 см, даўж. 10—14 см, шыр. 3,5—4 см. Сценка Ж.п. таўшч. 1,5—2 мм складаецца са слізістай і мышачнай абалонак, ніжняя паверхня ўкрыта брушынай. Пры перыяд. скарачэнні мускулатуры сценак Ж.п. жоўць паступае ў агульную жоўцевую пратоку і дванаццаціперсную кішку, дзе ўдзельнічае ў працэсах стрававання. Ж.п. рэгулюе і падтрымлівае на пастаянным узроўні ціск жоўці ў жоўцевых шляхах. Паталогіі Ж.п.: заганы развіцця, пашкоджанні, функцыян парушэнні, захворванні (запаленне — халецыстыт, жоўцекамянёвая хвароба), пухліны Лячэнне — кансерватыўнае і аператыўнае.