НА́НДУ (Rheiformes),

нандупадобныя, страусы амерыканскія, атрад бескілявых птушак. Вядомы з верхняга пліяцэну (каля 2—7 млн. гадоў назад). 1 сям., 2 віды: Н. паўночны, або звычайны (Rhea americana), і Н. даўгадзюбы, або дарвінаў (R. pennata, або Pterocnemia pennata). Пашыраны ў стэпах і паўпустынях Паўд. Амерыкі. Трымаюцца групамі. Падвід Н. даўгадзюбага (R.p.tarapacensis) — у Чырв. кнізе МСАП.

Выш. да 170 см, маса да 50 кг. Апярэнне бураватае, шэрае. Крылы развітыя, але няздатныя да палёту. Ногі трохпальцыя. Добра бегаюць і плаваюць, кормяцца раслінамі, малюскамі, чарвямі, яшчаркамі. Палігамы. Некалькі самак (3—8) адкладваюць яйцы ў адно гняздо (да 30 яец); наседжвае самец.

Э.Р.Самусенка.

Нанду: 1 — паўночны; 2 — дарвінаў.

т. 11, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)