ГЕРМАФРАДЫ́Т,

1) у стараж. грэчаскай міфалогіі сын Гермеса і Афрадыты, юнак незвычайнай прыгажосці. У 15-гадовым узросце падарожнічаў па М. Азіі. У Карыі, калі ён купаўся ў крыніцы, німфа Салмакіда страсна закахалася ў Гермафрадыта. Але ўзаемнасці яна не дачакалася, і тады багі злілі Салмакіду з Гермафрадытам у адну двухполую істоту.

2) Індывід, які мае другасныя палавыя прыкметы абодвух полаў.

Гермафрадыт і сатыр. 1 ст. да н.э.

т. 5, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЮА́НС (франц. nuance),

адценне, тонкае адрозненне. 1) У выяўленчым мастацтве ледзь бачны пераход аднаго колеравага тону ў другі (у жывапісе), адной святлоценявой градацыі ў другую (у скульптуры, графіцы). Сукупнасць адценняў (нюансіроўка) выкарыстоўваецца для дасягнення больш тонкай мадэліроўкі выявы.

2) У архітэктуры і горадабудаўніцтве адзін са сродкаў стварэння кампазіцыі будынкаў, збудаванняў, комплексаў і ансамбляў, пры якім выкарыстоўваюцца падобныя маст. якасці асобных элементаў, што ствараюць рытмічны рад. У процілегласць кантрасту, дзе пераважаюць адрозненні аднародных якасцей, Н. згладжвае гэтыя адрозненні, дае магчымасць у пэўнай ступені выправіць няўдалыя суадносіны асобных частак кампазіцыі.

3) У музыцы Н. падзяляюцца на дынамічныя (гл. Дынаміка), тэмпавыя (гл. Тэмп) і тыя, што раскрываюць эмац. характар музыкі (напр., dolce пяшчотна, tenebroso змрочна, con spirito адухоўлена, appassionato страсна, maestoso велічна). Сукупнасць Н. (нюансіроўка) вызначаецца ўнутр. сутнасцю і характарам музыкі, яе стылем і асаблівасцямі структуры муз. твора. Асн. Н. выканання пазначаюцца аўтарам і з’яўляюцца арыенцірам інтэрпрэтацыі твора. Канкрэтны спосаб нюансіроўкі залежыць пераважна ад індывід. творчай манеры выканаўцы, чым тлумачыцца множнасць і непаўторнасць інтэрпрэтацый аднаго твора. Н. пазначаюць звычайна італьян. муз. тэрміналогіяй.

Т.​С.​Ляшчэня (музыка).

т. 11, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)