Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́НДЭНШУ (Bindenschu) Руперт
(1645, г.Страсбур, Францыя — 1698),
латышскі архітэктар. Прадстаўнік барока. З 1671 працаваў у Рызе. Найб. значныя работы: новы фасад і вежа царквы Петэра (з Я.Іостэнам, 1689—94), т.зв. дом Рэйтэрна (1684—88), якія вызначаюцца выразнасцю і прыгажосцю кампазіцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗА́ХАД—УСХО́Д»,
транс’еўрапейская чыг. магістраль Парыж—Страсбур (Францыя)—Штутгарт—Мюнхен (ФРГ)—Зальцбург—Вена (Аўстрыя)—Будапешт (Венгрыя)—Белград (Югаславія)—Салонікі (Грэцыя). Аб’ядноўвае чыг. сетку 6 краін. Агульная працягласць больш за 2,2 тыс.км. Стыкуецца з чыгункамі Бельгіі, Люксембурга, Швейцарыі, Італіі. Забяспечвае скразныя зносіны паміж партамі Паўночнага і Эгейскага мораў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ТЭ (Bethe) Ганс Альбрэхт
(н. 2.7.1906, г.Страсбур, Францыя),
фізік-тэарэтык. Скончыў Мюнхенскі ун-т (1928). У 1928—35 ва ун-тах Германіі і Англіі, з 1935 у ЗША. Навук. працы па квантавай механіцы, ядз. фізіцы, фізіцы цвёрдага цела і астрафізіцы. Вызначыў найб. імаверныя цыклы тэрмаядз. рэакцый, якія з’яўляюцца крыніцамі ўнутрызоркавай энергіі. Удзельнік стварэння атамнай бомбы. Нобелеўская прэмія 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРХНЯРЭ́ЙНСКАЯ НІЗІ́НА,
нізіна па цячэнні р. Рэйн паміж гарамі Юра і Рэйнскімі Сланцавымі гарамі, у Францыі і Германіі. Даўж. каля 300 км, шыр. да 40 км. Верхнярэйнская нізіна — складаны грабен, запоўнены кайназойскімі адкладамі, месцамі — выхады вулканічных парод. Радовішчы калійнай солі і нафты. Клімат умерана кантынентальны, ападкаў 500—700 мм за год. Пасевы пшаніцы, цукр. буракоў; сады, вінаграднікі. Буйныя гарады: Карлсруэ, Мангейм, Франкфурт-на-Майне (ФРГ), Кальмар, Страсбур (Францыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЮРЦ (Wurtz) Шарль Адольф
(26.11.1817, г.Страсбур, Францыя — 12.5.1884),
французскі хімік, адзін з заснавальнікаў сінт. кірунку ў арган. хіміі. Чл. Парыжскай (1867), замежны чл.-кар. Пецярбургскай (1873) АН. Скончыў Страсбурскі ун-т (1839). З 1844 у Вышэйшай мед. школе ў Парыжы (з 1853 праф.), з 1875 у Парыжскім ун-це. Навук. працы па арган. і неарган. хіміі. Распрацаваў метад сінтэзу парафінавых вуглевадародаў уздзеяннем метал. натрыю на алкілгалагеніды (рэакцыя Вюрца, 1855), адкрыў альдольную кандэнсацыю (1872). Яго імем названы мінерал вюрцыт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАНТ (Brant, Brandt) Себасцьян (1457, г.Страсбур, Францыя — 10.5.1521), нямецкі пісьменнік-гуманіст.Д-р права (1489). Аўтар сатыр.-дыдактычнай паэмы «Карабель дурняў» (1494), у вобразах якой персаніфікаваў разнастайныя праяўленні чалавечага глупства. Выступаючы ў ролі аднаго з герояў паэмы, Брант не толькі выкрываў заганы, уласцівыя як чалавечаму роду ўвогуле, так і яго сучаснікам, але і заклікаў да пераадолення чалавечага глупства з дапамогаю розуму. Паэма напісана жывой нар. мовай. Яе праілюстраваў А.Дзюрэр. Брант апублікаваў таксама шэраг юрыд., тэалагічных і літ. тэкстаў, у т. л. творы Ф.Петраркі і інш. У традыцыях «л-ры пра дурняў», ля вытокаў якой стаіць Брнт, тварылі Эразм Ратэрдамскі, Т.Мурнер, Г.Сакс і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРЭ́ (Doré) Густаў Вінсент Шарль
(6.1.1832, г.Страсбур, Францыя — 23.1.1883),
французскі графік. Самавучка. З 1848 публікаваў у гумарыстычных часопісах Парыжа вострахарактарныя літаграфіі пра парыжскіх абывацеляў (сюіты «Розная публіка Парыжа», «Парыжскі звярынец»). Вядомасць прынеслі жывапісна-дынамічныя, гратэскна-выразныя, поўныя фантазіі і гумару ілюстрацыі да «Гарганцюа і Пантагруэля» Ф.Рабле (1854), «Свавольных апавяданняў» А. Бальзака (1855—56), «Боскай камедыі» Дантэ (1861), «Дон Кіхота» М.Сервантэса (1862—63), Бібліі (1864—66), «Страчанага раю» Дж.Мільтана (1865—66). Гэтыя малюнкі гравіраваліся майстрамі школы тарцовай ксілаграфіі, якая ўзнікла пад уплывам Д. Вядомы і як скульптар (помнік А.Дзюма-бацьку ў Парыжы, 1882).
Літ.:
Дьяков Л. Г.Доре. М., 1983.
Г.Дарэ. Уезд Гарганцюа ў Парыж. Іл. да кнігі «Гарганцюа і Пантагруэль» Ф.Рабле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ТФРЫД СТРА́СБУРСКІ
(Gottfried von Strassburg; ?, г.Страсбур, Францыя — каля 1210),
нямецкі паэт. Прадстаўнік свецкай плыні ў ням. куртуазнай паэзіі. Яго няскончаны вершаваны раман «Трыстан і Ізольда» (дакладней «Трыстан», каля 1207—10) — творчая перапрацоўка аднайм. старафранц. рамана англа-нармандскага трувера Томаса Брытанскага (паміж 1155 і 1170). Блізкі па светаадчуванні да аўтараў гарадской л-ры, Готфрыд Страсбурскі ў многім з’яўляецца папярэднікам гуманістаў Адраджэння, бо апяваў веліч і найвялікшую каштоўнасць зямнога кахання, натуральнае права чалавека на свабоднае выяўленне душы. Яго стыль адметны жывапіснасцю, канкрэтнай пачуццёвасцю і алегарычнасцю, часам блізкі да шванкаў (кароткіх камічных апавяданняў). Раман Готфрыда Страсбурскага завершаны яго паслядоўнікамі — паэтамі Ульрыхам фон Цюргаймам (каля 1235) і Генрыхам фон Фрайбергам (каля 1300); паводле яго створана опера «Трыстан і Ізольда» (1859) Р.Вагнера.
Тв.:
Рус.пер. — Тристан и Изольда: [Урывак] // Хрестоматия по зарубежнай литературе: Лит. средних веков. М., 1953.
Літ.:
Пуришев Б.И. Готфрид Страсбургский // История немецкой литературы. М., 1962. Т. 1.