Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТОП-КАДР,
адзін з прыёмаў кінематаграфічнай перадачы падзей, пры якім узнікае эфект спынення экраннай выявы ў руху. Дасягаецца шляхам шматразовага паўтору на плёнцы аднаго і таго ж кадрыка, што дазваляе акцэнтаваць пэўны момант дзеяння, якое адлюстроўваецца. С.-к. можа служыць для завяршэння эпізоду ці фільма (падкрэслівае фінальны акцэнт).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛЬНЫ ВЕРШ,
від рыфмаванага сілаба-танічнага верша, у якім адвольна спалучаюцца радкі з рознай колькасцю стоп. Найчасцей не мае страфічнай будовы, інтанацыйна блізкі да звычайнай гутаркі і выкарыстоўваецца ў байках, эпіграмах, эпітафіях, вершаваных надпісах. Вольным вершам напісаны камедыя А.Грыбаедава «Гора ад розуму», драма М.Лермантава «Маскарад». У бел. паэзіі гэты верш выкарыстоўваецца ў буйных ліраэпічных творах («Сцяг брыгады» А.Куляшова, «Люцыян Таполя» М.Танка), асобных вершах, але найчасцей у байках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫ́ЧНАЕ ВЕРШАСКЛАДА́ННЕ,
від метрычнага вершаскладання, заснаваны на раўнамерным чаргаванні доўгіх і кароткіх складоў у радках. Узнікла ў 8 ст. да н.э. ў Стараж. Грэцыі, у 3 ст. да н.э. перайшло ў Рым.Асн. рытмічная адзінка антычнага верша — стапа з пэўным чаргаваннем доўгіх (-) і кароткіх (◡) складоў. Адзінка часу, неабходная для вымаўлення аднаго кароткага склада, наз. морай (у доўгім складзе былі 2 моры). Раўнамернае чаргаванне пэўных стоп стварала выразны метрычны малюнак, або метр; паўтарэнне той ці іншай колькасці аднолькавых стоп утварала памер вершаваны. Часам у вершаваных радках у строгай паслядоўнасці чаргаваліся розныя стопы (такія вершы наз.лагаэдамі).
Найб. пашыраныя вершаваныя памеры антычнага вершаскладання — гекзаметр і пентаметр. Антычныя аўтары не ведалі рыфмы, аднак строга вытрымлівалі ў радках чаргаванне аднатыпных клаўзул. Асобныя радкі ядналіся ў строфы (алкеева страфа, сапфічная страфа, элегічны двуверш). Антычнае вершаскладанне зрабіла вял. ўплыў на ўсю еўрап. паэзію. У сілаба-танічным вершаскладанні захаваліся асн. прынцыпы метрычнай арганізацыі стапы, радка і страфы (толькі замест доўгіх складоў — націскныя, а замест кароткіх — ненаціскныя). У бел. сярэдневяковай паэзіі на лац. мове сістэмай антычнага вершаскладання карысталіся Я.Вісліцкі, І.Іяўлевіч, антычным вершам напісана паэма М.Гусоўскага «Песня пра зубра».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАН (галанд. kraan),
1) запорны клапан, у рухомай дэталі якога ёсць адтуліна для прапускання патоку вадкасці або газу. Бываюць прахадныя (з прамалінейным рухам патоку), вуглавыя (з адхіленнем патоку на 90°) і троххадовыя (з адвольным злучэннем трох трубаправодаў). К. наз. таксама трубаправодны вентыль.
2) Прыстасаванне, з дапамогай якога кіруюць пнеўматычнымі тармазамі поезда. Устанаўліваецца ў кабіне машыніста (у вагонах ёсць стоп-К.).
3) Агульная назва машын для падымання і пераносу грузаў на адлегласць вылету стралы або кансолі (гл.Пад’ёмны кран).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТРЫ́ЧНАЕ ВЕРШАСКЛАДА́ННЕ,
сістэма вершаскладання, заснаваная на раўнамерным чаргаванні доўгіх і кароткіх складоў у вершаваных радках. Уласціва тым мовам, у якіх галосныя адрозніваюцца па працягласці гучання. Найб. развіццё атрымала ў антычным вершаскладанні. У аснове М.в. — вымярэнне верша ўмоўнымі часавымі адзінкамі — морамі, якія аб’ядноўваюцца ў такты (стопы і групы стоп); звычайна кароткі склад лічыцца роўным адной моры, доўгі — дзвюм (радзей — некалькім) морам. Адрозніваюць чыста-метрычнае вершаскладанне, у якім зададзены толькі часавы аб’ём такта, што запаўняецца любымі спалучэннямі складоў, і сілаба-метрычнае вершаскладанне, у якім унутры тактаў адрозніваюцца складовыя пазіцыі, што дапускаюць адны варыянты запаўнення і не дапускаюць іншых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ДА (італьян. coda ад лац. cauda хвост),
1) у музыцы — дадатковы, заключны раздзел у муз. творы ці ў яго самаст. частцы, дзе канчаткова замацоўваецца гал. танальнасць і абагульняецца тэматычны матэрыял. Часам у К. далей распрацоўваюцца асн. тэмы твора і ўводзяцца новыя. Звычайна К. пачынаецца пасля заключнай кадэнцыі.
2) У паэтыцы — звышсхемныя дадатковыя словы ці радкі ў цвёрдых формах верша, напр. у санеце — больш за 14 радкоў, у трыялеце — за 8. У шырокім значэнні — заключная ч. складанай страфы, якая адрозніваецца ад асноўнай размяшчэннем рыфмаў, колькасцю стоп ці інш. прыкметамі. Звычайна К. — найб. важныя па думцы выказванні, што канцэнтруюць асн. сэнс папярэдніх радкоў, таму яны часта набываюць сцісласць і дакладнасць афарызма (у К. нярэдка знаходзіцца пуант).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«Я́МАЧКІ»,
бел.нар. гульня. Для гульні патрэбны тэнісны мяч і 15—20 каменьчыкаў. Кожны ўдзельнік капае па прамой лініі ямачку глыбінёй 2,5—3 см і дыяметрам 3,5—4 см на адлегласці паміж ямачкамі 20—25 см. Затым выбіраецца «каток», які становіцца каля крайняй ямкі, астатнія гульцы — каля іншых. «Каток» коціць мяч, і, калі ён трапляе ў ямку, усе ўцякаюць, а гаспадар ямкі хапае мяч і гаворыць: «Стоп!» Усе спыняюцца, і ён кідае мяч у аднаго з гульцоў. Калі пападзе, кладзе ў яго ямку каменьчык, калі прамахнецца — кладзе каменьчык у сваю ямку. Гульцы могуць ухіляцца ад мяча, але пры гэтым не павінны сыходзіць са свайго месца. Затым «каток» коціць мяч ізноў. Ямка, у якую будзе пакладзена 3 каменьчыкі, закопваецца, і яе гаспадар выбывае з гульні. Калі мяч не закоціцца ні ў адну ямку, каменьчык кладзецца ў ямку «катка». Гульня заканчваецца, калі застаецца адзін гулец ці «каток», у ямцы якога знаходзіцца не больш за 2 каменьчыкі. Наступным «катком» становіцца гаспадар бліжэйшай ямкі.