Савет старэйшын 9/290

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АПЕ́ЛА,

народны сход у стараж. Спарце. Фармальны вышэйшы орган улады, у якім удзельнічалі ўсе паўнапраўныя грамадзяне, якія дасягнулі 30-гадовага ўзросту. Апела склікалася штомесячна, выбірала назіральнікаў (эфораў) і членаў савета, прымала рашэнні аб абвяшчэнні вайны, заключэнні ці скасаванні міжнар. дагавораў; галасавалі крыкам. Рашэнні апелы адмяняліся, калі савет старэйшын герусія ці цар прызнавалі іх шкоднымі для дзяржавы.

т. 1, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРУ́СІ́Я (грэч. gerusia ад gerōn старац, старэйшына),

у Старажытнай Грэцыі савет старэйшын у гарадах-дзяржавах, дзе пераважала арыстакратычнае ўпарадкаванне. Разглядаў важныя дзярж. справы, якія потым абмяркоўваліся нар. сходам. Колькасць членаў герусіі (геронтаў), іх паліт. роля ў розных полісах былі неаднолькавыя. Напр., у Спарце герусія складалася з 30 чал. (28 геронтаў ва ўзросце за 60 гадоў, якія выбіраліся пажыццёва, і 2 цары), была вышэйшым урадавым органам.

т. 5, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЭАПА́Г (грэчаскае Areios pagos літаральна ўзгорак Арэса),

1) орган улады ў Старажытных Афінах (назва ад месца яго пасяджэнняў на ўзгорку Арэса каля Акропаля). Узнік у эпоху родаплемяннога ладу як савет старэйшын. Складаўся з пажыццёвых членаў, з 8 стагоддзя да нашай эры папаўняўся з ліку былых архонтаў. Валодаў шырокай палітычнай, судовай і рэлігійнай уладай. Рэформа Эфіяльта (462 да нашай эры) ліквідавала палітычную ўладу і ўплыў арэапага.

2) У пераносным сэнсе — сход аўтарытэтных асоб.

т. 2, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІКУ́РГ (Lykurgos),

легендарны старажытнагрэчаскі заканадаўца ў Спарце (9—8 ст. да н.э.). Паводле Плутарха, Л. быў дзядзькам і выхавацелем малалетняга цара. Грэч. аўтары 5—4 ст. да н.э. прыпісваюць яму стварэнне ін-таў спартанскага грамадскага і дзярж. ладу, у т. л. савета старэйшын (герусіі), нар. сходу (апелы) і інш. На ўзор Л. свае рэформы ў 3 ст. да н.э. праводзілі цары Агіс IV і Клеамен III. У Спарце існаваў асобны культ Л.

т. 9, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯКСЕ́ЕЎСКІ (Канстанцін Аляксеевіч) (15.9.1855, Віленская губ. — пасля 1918),

удзельнік бел. нац. руху пач. 20 ст. Скончыў 2-е Канстанцінаўскае ваен. вучылішча ў Пецярбургу (1875). Ген.-маёр (1909). З 1915 нач. Свеаборгскай крэпасці. На Усебеларускім з’ездзе 1917 выбраны ў склад Савета старэйшын, заклікаў «адрадзіць беларускую дзяржаву», выступаў у абарону бел. нац. сцяга. Аўтар «Успамінаў пра Усебеларускі з’езд у г. Мінску» (Чырвоны шлях. 1918. № 1—2). У 1918 запрошаны Радай БНР у Мінск для фарміравання бел. нац. арміі.

В.​У.​Скалабан.

т. 1, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫРЭКТО́РЫЯ, Выканаўчая Дырэкторыя (Directoire exécutif),

урад Франц. рэспублікі ў ліст. 1795—ліст. 1799. Складалася з 5 чл. (дырэктараў), якіх выбіраў Савет пяцісот і Савет старэйшын. Выражала інтарэсы буйной буржуазіі. Унутр. палітыка была скіравана на барацьбу з рэв. рухам, знешняя мела захопніцкі характар. Пасля некалькіх «хістанняў» Д. то ўправа (рашэнне пра ануляванне выбараў дэпутатаў-дэмакратаў), то ўлева (са складу Д. выведзены адкрытыя рэакцыянеры) яе дзеянні сучаснікі назвалі «палітыкай арэляў». Спыніла сваё існаванне пасля дзярж. перавароту Напалеона Банапарта.

т. 6, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІАА́Н ЛЕ́ЙДЭНСКІ (Jan van Leiden, Johann von Leiden),

Ян Бокелзан (Jan Beuckelszoon, Bockelson; каля 1509, паблізу г. Лейдэн, Нідэрланды — 23.1.1536), кіраўнік Мюнстэрскай камуны. У 1533 далучыўся да старшыні нідэрландскіх анабаптыстаў Яна Матыса, хрысціўся ў яго і стаў адным з яго апосталаў. Разам з інш. анабаптыстамі ў 1534 захапіў уладу ў Мюнстэры, а пасля смерці Матыса ўзначаліў савет «12 старэйшын» — вярх. орган улады камуны. Пазней абвясціў сябе «царом Новага Сіёна» (Мюнстэра), валодаў неабмежаванай уладай, увёў палігамію. Імкнуўся пашырыць паўстанне на інш. вестфальскія гарады і Паўн. Нідэрланды. Пры захопе Мюнстэра войскамі епіскапа 25.7.1535 трапіў у палон, катаваны і пакараны смерцю. Гал. герой оперы Дж.​Меербера «Прарок» (1849).

т. 7, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ВЫ,

племя фіна-угорскага паходжання, якое ў старажытнасці і ў сярэднія вякі жыло на З і ПнЗ сучаснай Латвіі (узбярэжжа Рыжскага заліва і Пн Курляндыі). У рус. летапісах наз. «либь». Займаліся пераважна земляробствам, а таксама рыбалоўствам, бортніцтвам і гандлем. У 9—12 ст. знаходзіліся пад кіраваннем старэйшын і князёў. Падтрымлівалі сувязі з Полацкам і плацілі даніну полацкаму князю. У пач. 13 ст. разам з палачанамі змагаліся супраць крыжацкай агрэсіі, да 1206 заваяваны крыжакамі і прымусова хрысціянізаваны (у каталіцтва). У далейшым большасць Л. паступова асімілявана куршамі і латгаламі. Ад этноніма «лівы» лац. назва краю Лівонія (Livonia), ням. назва Ліфлянд (Livland краіна ліваў) і назвы Ліфляндыя, Інфлянты. Цяпер Л. — невял. этн. група, што жыве ў ваколіцах г. Вентспілс (Латвія).

т. 9, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЕ ТАВАРЫ́СТВА АМА́ТАРАЎ ПРЫГО́ЖЫХ МАСТА́ЦТВАЎ,

грамадская культ.-асв. і літ.-маст. арг-цыя. Існавала ў 1898—1906 у Мінску. Створана на аснове муз.-драм. т-ва (1888—98) па ініцыятыве Я.​Чырыкава, А.​Аляксандрава, В.​Чавусава і інш. Т-вам кіраваў савет старэйшын з 10 чал. У розны час у яго ўваходзілі Д.​Мейчык, С.​Мядзведзеў, А.​Холмскі, К.​Какоўцаў, К.​Фальковіч, М.​Мысаўской, С.​Нейфах, С.​Камінскі, В.​Сушчынскі і інш. Паводле статута (зацверджаны 19.11.1899) мела на мэце развіццё і папулярызацыю прафес. і аматарскага мастацтва, маст. адукацыі. Мела літ., тэатр.-драм., муз. і маст. секцыі, б-ку, тэатр. залу. Літ. секцыя наладжвала лекцыі, дыспуты, чытанне рэфератаў пра творчасць Э.​По, М.​Метэрлінка, В.​Бялінскага, А.​Чэхава, Л.​Андрэева, М.​Горкага, абмеркаванне новых літ. плыней. У рэпертуары аматарскага т-ра былі п’есы «Багна», «Лес», «Не ў свае сані не садзіся» А.​Астроўскага, «Рэвізор» М.​Гогаля, «Улада цемры» Л.​Талстога, «На дне» і «Фама Гардзееў» М.​Горкага, «У двары, у флігелі» Чырыкава, «Дзядзька Ваня» Чэхава, «Маскарад» М.​Лермантава, «Нора» Г.​Ібсена, «Злачынства і кара», «Ідыёт» паводле Ф.​Дастаеўскага, «Патанулы звон» Г.​Гаўптмана і інш. Маст. секцыя арганізавала выстаўкі жывапісу, графікі, фатаграфіі (1901, 1902, 1904). Муз. секцыя мела аркестр, клас па тэорыі харавых спеваў. Дзейнасць т-ва развівалася ў кантэксце рус. літ. і культ. традыцыі. Пад уплывам рэв. руху 1905—06 масавыя мерапрыемствы т-ва перараслі ў антыўрадавыя дэманстрацыі пад лозунгамі «Далоў самадзяржаўе!», «Няхай жыве Рэспубліка!». Паводле данясення мінскага паліцмайстра і губернатара П.​Курлова, члены т-ва падазраваліся ў нядобранадзейнасці. 8.2.1906 дзейнасць т-ва была прыпынена. Па просьбе савета старэйшын т-ву было дазволена самаліквідавацца рашэннем агульнага сходу (25.7.1906), маёмасць і даўгі перададзены новаўтворанаму Мінскаму літаратурна-артыстычнаму таварыству.

Літ.:

Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972.

У.​М.​Конан.

т. 10, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)