МАСТРАЯ́НІ ((Mastroianni) Марчэла) (28.9.1924, Фантана-Ліры, Італія — 19.12.1996),

італьянскі акцёр. Пачынаў у 1947 як акцёр-аматар. Іграў ва Універсітэцкім т-ры ў Рыме, запрошаны ў трупу Л.Вісконці. З 1947 у кіно. У 1960—70-я г. здымаўся ў рэжысёраў Вісконці («Белыя ночы», «Старонні»), Ф.​Феліні («Салодкае жыццё», прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Канах 1960; «Восем з паловай», прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Канах 1963, прэмія «Оскар»), М.​Антаніёні («Ноч», прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Зах. Берліне 1961), В.​Дэ Сіка («Учора, сёння, заўтра», прэмія «Оскар» 1964; «Шлюб па-італьянску», «Сланечнікі», сав.-італьян.) і інш. Шматпланавы характарны акцёр з ярка выяўленым камедыйным талентам. У 1980—90-я г. вылучыўся выкананнем роляў у фільмах «Горад жанчын» і «Джынджэр і Фрэд» (абодва рэж. Феліні), «Вочы чорныя» (сав.-італьян., рэж. М.​Міхалкоў), «Тэраса» (прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Канах 1980), «Прыгожае каханне», «Гатовае адзенне» і інш.

Г.​В.​Ратнікаў.

М.Мастраяні.

т. 10, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)