Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКІ «КАРАЛЕ́ЎСКІ ДВОР».
Існаваў у Бабруйску з 2-й пал. 16 ст. да 1649 як рэзідэнцыя Бабруйскага староства. Размяшчаўся непадалёку ад Бабруйскага замка на беразе р. Бярэзіна. Цэнтр кампазіцыі — вял. драўляны дом на 7 падклецях (у іх размяшчаліся службовыя памяшканні). Жылая частка ўключала прыхожую, сталовую, 6 камор і 4 жылыя пакоі з камінамі і печамі з рознакаляровай паліванай кафлі. На галерэю жылой часткі вяла 2-маршавая вонкавая лесвіца. Двор быў абнесены астрогам. За дваром над Бярэзінай размяшчаліся стайня з вазоўняй і бровар, на р. Бабруйка — млын.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ ГАСЦІ́НЫ ДВОР.
Існаваў у Віцебску ў 17 ст. Пабудаваны з дрэва на тэр. Узгорскага замка ў комплексе з 89 крамамі і складамі, якія ўтваралі прамавугольную ў плане гандлёвую плошчу, забудаваную з чатырох бакоў і злучаную з Верхнім замкам мостам цераз р. Віцьба. Гал. квадратны ў плане будынак быў завершаны высокім вальмавым дахам з бельведэрам і балюстрадай вакол яго. Бельведэр быў накрыты купалам, завершаным галоўкай на васьмерыку, увянчаны шпілем з гарадскім гербам. Каля будынка размяшчалася важніца, дзе захоўваліся гарадскія вагі, 7 камор для тавараў, стайня. Двор адлюстраваны на «Чарцяжы» Віцебска 1664. Будынак апісаны ў інвентары Віцебска сярэдзіны 17 ст.
Існавалі ў 17—19 ст. у в. Астрашыцкі Гарадок Мінскага р-на. 1) У інвентары 1650 апісаны драўляны замак з абарончымі сценамі і 4 вуглавымі вежамі, абкружаны штучным ровам і сажалкамі. На замкавым двары стаялі 1-павярховы драўляны палац, дом «прускага муру», розныя гасп. пабудовы, стайня, вадзяны млын, тартак.
2) У інвентары 1745 апісана сядзіба (драўляны палац, фальварак, гасп. пабудовы, ставы з млынамі, рыбныя сажалкі).
3) У пач. 19 ст. за 1 км ад вёскі пабудаваны мураваны 2-павярховы палац у стылі несапраўднай готыкі. У ім знаходзілася каштоўная калекцыя твораў выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва, сабраная М.Тышкевічам. Згарэў у 1860. Да 1876 побач пастаўлены новы мураваны атынкаваны палац. У вял. парку, што абкружаў палацы, быў звярынец.
Астрашыцка-Гарадоцкія замкава-палацавыя комплексы. Палацы. З малюнка Н.Орды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛУ́СКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 16—18 ст. у Глуску Дубровіцкім (цяпер г.п.Глуск Магілёўскай вобл.). Драўляны замак быў пабудаваны на ўзвышанай частцы правага берага р. Пціч, на месцы гарадзішча эпохі ранняга жал. веку і Кіеўскай Русі. На мяжы 16—17 ст. пабудаваны новы 5-бастыённы замак, абнесены глыбокім і шырокім ровам. У Глускім замку былі цэйхгауз з ваен. рыштункам, гарнізонная казарма, студня, кухня, стайня, сажалкі. У 17 ст. пабудаваны касцёл. Тут знаходзіўся пастаянны гарнізон, меліся рамеснікі розных прафесій. У 16 ст. замак з’яўляўся важным стратэг. пунктам на шляху набегаў крымскіх татар. У нар.-вызв. вайну 1648—51 у кастр. 1648 яго занялі бел. сяляне і ўкр. казакі. Моцна пацярпеў замак і ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Існаваў да канца 18 ст., пасля прыйшоў у заняпад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ ДОМ ГУБЕРНА́ТАРА Існаваў у 2-й пал. 18—1-й пал. 20 ст. ў Магілёве. Пабудаваны ў 1778 на б. Губернатарскай пл. ў стылі класіцызму. З’яўляўся рэзідэнцыяй магілёўскіх губернатараў
(у 1872—93 А.С.Дамбавецкага). Мураваны 2-павярховы прамавугольны ў плане будынак, завершаны вальмавым дахам. Гал. фасад вылучалі 3 рызаліты (цэнтральны з нязначным выступам завершаны трохвугольным франтонам, бакавыя аздоблены вуглавымі пілястрамі),
падзелены карнізным поясам на 2 ярусы. 1-ы ярус аздоблены рустам. Рытм фасадаў стварала сетка прамавугольных аконных праёмаў, завершаных у 2-м ярусе плоскімі сандрыкамі, на цэнтр. рызаліце — трохвугольнымі франтончыкамі. Двор быў абнесены каменнай сцяной, да якой прыбудаваны стайня, свірны і інш.гасп. пабудовы. Уваход у двор афармляла манум. брама ў выглядзе плоскага 4-калоннага порціка з арачным праездам у цэнтры, яна злучала дом з Магілёўскім губернскага праўлення будынкам, утвараючы адзіны ансамбль. У 1944 узарваны ням.-фаш. захопнікамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР КАРМЕЛІ́ТАЎ,
помнік архітэктуры барока ў Мінску. Засн. ў 1703 у Мінску Т.Ваньковічам. Пабудаваны ў 1763 з цэглы па вул. Юр’еўскай (цяпер Ракаўская) па фундацыі М.Валадковіча. Касцёл св. Марыі Магдаліны — прамавугольны ў плане 3-нефавы 4-слуповы храм з прэсбітэрыем, завершаным паўцыркульнай апсідай. Гал. 2-вежавы фасад (верхнія ярусы вежы не дабудаваны) арыентаваны на вул. Ракаўскую. У інтэр’еры было 6 алтароў (галоўны мураваны, бакавыя паліхромныя ілюзорныя). Побач з касцёлам стаяў 1-павярховы Г-падобны ў плане драўляны будынак кляштара, а таксама комплекс гасп. пабудоў (стайня, вазоўня і інш.). Кляштару належаў фальварак Кальварыя, дзе знаходзіўся невял. драўляны касцёл і комплекс гасп. пабудоў. У фальварку ў 1795—96 створаны гар. каталіцкія могілкі (гл. ў арт.Мінскі кальварыйскі касцёл і брама). У 1799 будынкі кляштара перададзены Мінскаму кляштару францысканцаў. У 1832 кляштар зачынены. У 1872 будынак касцёла прададзены прыватным асобам і перабудаваны пад жылы дом. Цяпер адм. ўстанова.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ КЛЯ́ШТАР БЕНЕДЫКЦІ́НАК.
Існаваў у 17—19 ст. у Мінску. Засн. ў 1633 віленскім канонікам В.Сялявай. Першыя манашкі прыехалі з Нясвіжа. Напачатку будынкі былі драўляныя. У 1647—49 дзякуючы фундацыі Крыштофа і Соф’і Хадкевічаў пабудаваны мураваны касцёл св. Войцеха ў стылі барока (арх. і будаўнік А.Кромер) — 1-нефавы 2-вежавы храм, завершаны прэсбітэрыем з 3-граннай алтарнай апсідай. Гал. фасад фланкіраваны дзвюма 3-яруснымі вежамі-званіцамі. Інтэр’ер храма, перакрыты мураванымі скляпеннямі, упрыгожвалі 5 алтароў. У 1780-я г. касцёл рэканструяваны (арх. Т.Раманоўскі). Да касцёла прылягаў мураваны жылы будынак кляштара (пабудаваны пасля 1682 на сродкі К.С.Свірскай) — 2-павярховы, прамавугольны ў плане, накрыты высокім вальмавым дахам. Меліся 2 флігелі, бровар, свіран, стайня і інш. У 1871 кляштар скасаваны. У 1872—73 перабудаваны пад правасл. жаночы Праабражэнскі манастыр (арх. С.Іваноў). У 1930-я г. будынак касцёла прыстасаваны пад клуб, у сярэдзіне 1960-х г. разбураны.
Літ.:
Дзянісаў У.М. Кляштар бенедыктынак // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1981 №3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЯБА́НІЯ (сярэднелац. plebania ад лац. plebs народ),
1) двор святара каталіцкай, рэфарматарскай ці уніяцкай царквы ў Польшчы і на Беларусі. Вядомы з 16 ст. На Беларусі аснову двара, які звычайна размяшчаўся каля храма, складалі жылы дом і гасп. пабудовы (свіран, хлявы, стайня і інш.). Забудова часцей была драўляная (хата 3-камерная) і вырашалася ў традыцыях нар. дойлідства.
Некат. дамы мелі ганкі, галерэі, падчэні на гал. фасадзе (вёскі Ішкалдзь Баранавіцкага, Касцяневічы Вілейскага р-наў, 19 ст.). З канца 19 ст. будавалі П. больш складанай планіровачнай структуры: 2-павярховыя, мураваныя (гарады Мядзел, Глыбокае, Мінск і інш.). Выкарыстоўваліся П. і як своеасаблівыя грамадскія цэнтры (друкарня ў нясвіжскай П., 18 ст.). Сучасныя П. маюць шматфункцыян. залы для сходаў, б-кі, вучэбныя і камп’ютэрныя класы, канцылярыі і інш. (П. ў Смаргоні, 2000, арх. А.Базевіч).
2) У рым.-каталіцкай царкве — адна з назваў царк. прыхода.
С.А.Сергачоў.
Будынак былой плябаніі ў в. Ішкалдзь Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобл. 19 ст.Плябанія (справа) у г. Смаргонь Гродзенскай вобл. 2000. Арх. А.Базевіч.