Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЫЕНГО́Ф Анатоль Барысавіч (6.7.1897, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 24.6.1962),
расійскі пісьменнік. Друкаваўся з 1918. Тэарэтык імажынізму (зб.арт. «Буян-Востраў. Імажынізм», 1920). У творах 1920-х г. вобраз паэта-паяца, прадстаўніка багемы і адначасова шукальніка праўды, бунтара, прарока (паэт.зб-кі «Вітрына сэрца», 1918; «Вершамі фанабэрствую», 1920; «Распуснічаю з натхненнем», «Хмаралёт», абодва 1921; вершаваная гіст. трагедыя «Змова дурняў», 1922, і інш.). Познія вершы адметныя засяроджанасцю, драм. успрыняццем жыцця. Прозе М. ўласцівы кантрастныя вобразы, буйныя планы, сцверджанне высокага праз нізкае. Аўтабіягр. «Раман без хлусні» (1927) пераважна пра сяброўства з С.Ясеніным. Аўтар раманаў «Цынікі» (1928), «Голены чалавек» (1930), п’ес «Блазан Балакіраў» (1940), «Суд жыцця» (1948), «Нараджэнне паэта» (1951, пра М.Лермантава), успамінаў «Маё стагоддзе, мае сябры і сяброўкі» (нап. 1956, выд. пад назвай «Маё стагоддзе, мая маладосць, мае сябры і сяброўкі», 1988), кінасцэнарыяў і інш.
Тв.:
Циники. М., 1990;
Бритый человек. М., 1991;
Неизвестный Мариенгоф: Избр. стихи и поэмы 1916—1962 гг. СПб., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАШТАЛА́ПАВА Святлана Аляксандраўна (н. 28.7.1956, г. Саратаў, Расія),
бел. танцоўшчыца. Засл. арт. Беларусі (1992). Скончыла Саратаўскае харэаграфічнае вучылішча (1974). З 1974 салістка Дзярж. харэаграфічнага ансамбля «Харошкі». Выконвае сола ў шматлікіх пастаноўках (1-актовы балет «Па старонках «Полацкага сшытка», цыкл харэаграфічных мініяцюр «Бывай, XX стагоддзе!», фалькл. праграма «Добры вечар!» і інш.). Яе творчасці ўласцівы высокая тэхніка танца, пластычнасць, сцэн. тэмперамент.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНДРЭ́ЛІ (Sandrelli) Стэфанія (н. 5.6.1946),
італьянская актрыса. Прываблівы выгляд, абаянне маладосці прынеслі ёй поспех у фільмах «Развод па-італьянску» (1961), «Спакушаная і пакінутая» (1964). Адкрытая эратычнасць яе гераінь спалучаецца з інтэлектуальна-вытанчанай манерай выканання ў фільмах «Амаральны» (1967), «Канфарміст» (1970), «Мы так кахалі адзін аднаго» (1975), «Дваццатае стагоддзе» (1976), «Тэраса» (1979) і інш. У 1980—90-я г. здымалася пераважна ў меладрамах і дэтэктывах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛІ́НЧАНКА Уладзімір Пятровіч (н. 10.10.1922, с. Будаква Лохвіцкага р-на Палтаўскай вобл., Украіна),
бел. скульптар, педагог. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1965), у 1968—94 выкладаў у ім. Гал. месца ў творчасці займаюць помнікі і мемар. знакі воінам Сав. Арміі і бел. партызанам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну, у вёсках Блужа Пухавіцкага (1968), Рачэнь Любанскага (1969), Белічы Слуцкага і Зарэчча Лагойскага (1974) р-наў Мінскай вобл., мемар. комплекс «Бабруйскі кацёл» у Бабруйску (1986, з П.Цомпелем і М.Бакуменка); станковыя кампазіцыі «Заслонаўцы» (1965), «Партызанка» (1966), «Партызаны» (1968); партрэты ветэранаў вайны В.М.Гінтаўта, К.І.Дзьяковіча, М.І.Кімбара, Р.Я.Марука, М.М.Рабцава (1970—80-я г.), партыз. разведчыцы Т.Галабурды (1982) і інш. Аўтар надмагілля нар. артыста СССР Б.Платонава на Усходніх могілках у Мінску (1970), бюстаў Ф.Э.Дзяржынскага ў будынку Мін-ваўнутр. спраў у Мінску (1984) і К.Маркса ў Віцебску (1985), мемарыяльнай дошкі мастаку М.Сеўруку ў г. Нясвіж (1989), партрэтаў скульптараў З.Азгура, А.Анікейчыка, А.Бембеля, А.Глебава, С.Селіханава (1995—97), кампазіцый «Праметэй» (1998), «У XXI стагоддзе» (2000) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫЯВІ́СТ (Ariovistus; 1 стагоддзе да нашай эры),
правадыр германскага племя свеваў. Каля 71 да нашай эры перайшоў з атрадам раку Рэйн і каля 61 да нашай эры перамог гальскае племя эдуяў. Пасяліўшыся на тэрыторыі Галіі, сабраў вакол сябе каля 120 тысяч германцаў. Незадаволеныя гальскія плямёны папрасілі дапамогі ў Ю.Цэзара, які каля 58 да нашай эры пры Везонцыо разграміў армію Арыявіста. Паранены Арыявіст з рэшткамі войска вярнуўся ў Германію, дзе неўзабаве памёр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АРЭАПАГІ́ТЫКІ»,
рэлігійна-філасофскія творы, якія ўзніклі не пазней як у 2-й палове 5 стагоддзя і падпісаны імем першага афінскага епіскапа Дыянісія Арэапагіта (1 стагоддзе, адсюль назва). У «Арэапагітыках» прасочваецца ўплыў неаплатанізму, асабліва вучэння Прокла. Вучэнне «Арэапагітыкаў» пра Бога як звышразумную тоеснасць быцця і небыцця, трыадзіную будову свету і царквы зрабіла вялікі ўплыў на рэлігійна-філасофскую думку Візантыі і Заходняй Еўропы (Іаан Скот Эрыўгена, Мікалай Кузанскі). Неаплатанічныя ідэі «Арэапагітыкаў» паслужылі крыніцай некаторых сярэдневяковых ерасяў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭПАРДЗЬЁ (Depardieu) Жэрар Ксаўе (н. 27.12.1948, г. Шатару, Францыя),
французскі кінаакцёр. Скончыў курсы драм. мастацтва Ш.Дзюлена і Школу драм. мастацтва Ж.Л.Кашэ. У 1969—73 у аматарскай групе «Кафэ дэ ла гар». З 1968 у т-ры «Шаё». З 1966 у кіно. Пачынаў з роляў праставатых і цынічных хлопцаў, потым праявіў сябе як майстар псіхал. партрэта. У фільмах «Дваццатае стагоддзе», «Жанчына з Ганга», «Суседка», «Апошняе метро», «Дантон», «Пад сонцам Сатаны», «Сірано дэ Бержэрак» і інш. раскрывае складанае ўнутр. жыццё сваіх герояў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРАМО́ВІЧ Антон Іванавіч (1811?, Віцебскі пав. — пасля 1854),
бел. кампазітар. Пасля 1832 жыў у Пецярбургу. Быў вядомы як піяніст-выканаўца і педагог, склаў школу ігры на фп. Адзін з першых пачаў ствараць нац.-характэрныя творы, у аснове якіх мелодыі бел.нар. песень і танцаў: праграмная 8-часткавая паэма «Беларускае вяселле», п’есы «Беларускія мелодыі», «Зачараваная дуда» для фп., песні «Дзеванька» і «Гарэліца» на словы Я.Баршчэўскага і інш.
Літ.:
Мальдзіс А.І. Падарожжа ў XIX стагоддзе. Мн., 1969;
Кісялёў Г. Радок у энцыклапедыю // Кісялёў Г. Героі і музы. Мн., 1982.