КУЧЫ́НСКІ БОЙ 1942,

бой партызан атрада 61-й партыз. брыгады супраць карнай экспедыцыі ням.-фаш. войск у Кучынскім лесе на мяжы Быхаўскага і Магілёўскага р-наў 9 жн. ў Вял. Айч. вайну. Група партызан (20 чал.) пад камандаваннем Я.​Ф.​Каўшыркі 26 ліп. разграміла валасную ўправу ў в. Кучын. Блакада карнікамі клічаўскіх і бялыніцкіх лясоў вымусіла партызан спыніцца ў лесе за 3 км на ПнУ ад вёскі. Раніцай 9 жн. гітлераўцы (каля 3 тыс. карнікаў з артылерыяй, танкеткамі і бронемашынамі) занялі навакольныя вёскі і акружылі партызан. У выніку 3-гадзіннага бою партызаны нанеслі вял. страты ворагу ў жывой сіле, збілі самалёт, але самі амаль усе загінулі. На месцы бою пастаўлена стэла.

т. 9, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАВІТАЦЫ́ЙНЫ КАЛА́ПС,

працэс хуткага сціскання масіўных астрафізічных аб’ектаў пад уздзеяннем уласных сіл прыцягнення. Становіцца магчымым, калі гравітацыйнае поле мацнейшае за сілы ўнутранага ціску; набывае катастрафічныя рысы на заключнай стадыі тэрмаядз. эвалюцыі. Канчатковы вынік гравітацыйнага калапсу (белы карлік, нейтронная зорка, чорная дзіра) залежыць ад пачатковай масы аб’екта, які калапсуе.

У 1930-я г. ўстаноўлена, што для аб’ектаў, якія вычарпалі сваё тэрмаядз. паліва, існуюць крытычныя значэнні масы (ліміт Чандрасекара для белых карлікаў, ліміт Опенгеймера—Волкава для нейтронных зорак), залежныя ад хім. саставу і фіз. стану рэчыва, пасля перавышэння якіх устойлівыя канфігурацыі немагчымыя: пачынаецца бязмежнае гравітацыйнае сцісканне цела. Гравітацыйны калапс можа спыніцца за кошт выбуховага выкіду часткі рэчыва (да значэння масы, ніжэйшага за крытычнае), што суправаджаецца ўспышкай звышновай зоркі. Несупынны рэлятывісцкі гравітацыйны калапс вядзе да ўтварэння чорнай дзіры.

Літ.:

На переднем крае астрофизики: Пер. с англ. М., 1979;

Шапиро С.Л., Тьюколски С.А. Черные дыры, белые карлики и нейтронные звезды: Пер. с англ. Ч. 1—2. М., 1985.

М.​М.​Касцюковіч.

т. 5, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСО́ЛЬСТВА,

пастаяннае дыпламат. прадстаўніцтва найбольш высокага класа, якое ўзначальваецца паслом. Да функцыі П. адносяцца: прадстаўнічая функцыя (выступаць ад імя акрэдытуючай дзяржавы); абарона інтарэсаў акрэдытуючай дзяржавы і яе грамадзян; вядзенне перагавораў з урадам дзяржавы знаходжання; развіццё дружалюбных адносін паміж акрэдытуючай дзяржавай і дзяржавай знаходжання; функцыя інфармацыі свайго ўрада пра краіну знаходжання і інш. Асн. дагаворным актам, які рэгламентуе стварэнне, спыненне, функцыі і дзейнасць П., з’яўляецца Венская канвенцыя 1961 аб праве дыпламат. зносін. Унутр. структура П., устанаўленне адпаведных пасад і г.д. вызначаюцца заканадаўствам акрэдытуючай дзяржавы. Персанал П. падраздзяляецца на 3 катэгорыі: дыпламат., адм.-тэхн. і абслуговы. Назначэнне кіраўніка П. праходзіць 4 стадыі: запытанне агрэману; назначэнне на пасаду; прыбыццё ў краіну знаходжання; афіц. ўступленне на пасаду. Уступленне пасла на пасаду звязана з уручэннем ім сваіх паўнамоцтваў (даверчай граматы) органу або службовай асобе, пры якой ён акрэдытуецца. Астатнія члены П. пасля свайго назначэння і прыбыцця ў краіну знаходжання лічацца прыступіўшымі да выканання службовых абавязкаў з моманту паведамлення ад кампетэнтных улад дзяржавы знаходжання. Спыненне дзейнасці П. можа адбыцца пры спыненні дзяржавамі афіц. адносін без іх разрыву, пры разрыве дыпламат. адносін, узбр. канфлікце, знікненні аднаго з бакоў у якасці суб’екта міжнар. права, пры неканстытуцыйнай змене ўрада ў адной з падтрымліваючых адносіны краін і ў некаторых інш. выпадках. Функцыі члена дыпламат. персаналу могуць спыніцца ў сувязі з яго адкліканнем па нейкіх падставах, абвяшчэннем яго персонай нон грата, у выпадку абвяшчэння дыпламата прыватнай асобай (т. зв. дысмісл) і адмаўлення дыпламата выконваць свае функцыі (інсурэкцыя). П. і яго супрацоўнікі карыстаюцца дыпламат. імунітэтам.

І.​М.​Таніева.

т. 12, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)