НАЙМА́ЛЬНІК у праве,

бок у дагаворы маёмаснага найму. Паводле прац. заканадаўства Рэспублікі Беларусь Н. — гэта таксама бок працоўнага дагавору, якім з’яўляюцца прадпрыемства, установа, арг-цыя, т-ва, кааператыў, незалежна ад наймення і формы ўласнасці (іх аб’яднанні і адасобленыя падраздзяленні), а таксама прадпрымальнікі, якія ажыццяўляюць сваю дзейнасць без стварэння юрыд. асобы і грамадзяне, якім заканадаўствам дадзена права заключаць і спыняць прац. дагаворы з работнікамі.

т. 11, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНАМО́ЦТВА,

права адной асобы (прадстаўніка) ажыццяўляць здзелкі ад імя другой (прадстаўленага), тым самым ствараць, змяняць або спыняць правы і абавязкі прадстаўленага. Паводле цывільнага права Рэспублікі Беларусь можа быць заснавана на даверанасці, заканадаўстве або акце ўпаўнаважанага на тое дзярж. органа ці органа мясц. кіравання і самакіравання, а таксама вынікаць з абставін, у якіх дзейнічае прадстаўнік (напр., прадавец у краме, касір і да т.п.).

т. 12, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РНЫ НАГЛЯ́Д,

сістэма мерапрыемстваў па забеспячэнні дзярж. кантролю за выкананнем правіл, нормаў і інструкцый, распрацоўкай і правядзеннем прафілактычных мер па тэхніцы бяспекі і ахове нетраў. У Рэспубліцы Беларусь горны нагляд ажыццяўляецца К-там па нагляду за бяспечным вядзеннем работ у прам-сці і атамнай энергетыцы Мін-ва па надзвычайных сітуацыях і ахове насельніцтва ад вынікаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (Праматамнагляд) і яго структурнымі падраздзяленнямі. Горны нагляд устанаўліваецца за горнымі работамі, звязанымі са здабычай карысных выкапняў, надземнымі трансп. і гідратэхн. збудаваннямі, работамі па геал. вывучэнні нетраў, перапрацоўкай мінер. сыравіны, аховай нетраў і іх рацыянальным выкарыстаннем, геал.-маркшэйдэрскім кантролем. Органы горнага нагляду маюць правы: прыпыняць работы па выкарыстанні нетраў у выпадках парушэння правіл і нормаў па бяспечным вядзенні работ і ахове нетраў; спыняць самавольнае карыстанне нетрамі; даваць абавязковыя для выканання ўказанні аб ліквідацыі парушэнняў; расследаваць абставіны і прычыны аварый і прымаць па іх выніках адпаведныя рашэнні; накладваць адм. спагнанні на службовых асоб і грамадзян за парушэнні горнага заканадаўства ці перадаваць матэрыялы ў органы пракуратуры. Парадак ажыццяўлення горнага нагляду рэгламентуецца Палажэннем, зацверджаным пастановай урада Беларусі 13.10.1995.

С.​У.​Скаруліс.

т. 5, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)