АСКАСПО́РА (ад аск + спора),

спора ў ніжэйшых раслін і грыбоў, гл. Сумкаспора.

т. 2, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ААСПО́РА (ад аа... + спора),

спора некаторых ніжэйшых раслін (ааміцэтаў), што знаходзіцца ў спакоі. Утвараецца пры апладненні яйцаклеткі; мае значны запас пажыўных рэчываў і тоўстую шматслойную абалонку, якая ахоўвае ад неспрыяльных умоў (перасыханне вадаёма, холад і інш.). Пасля працяглага перыяду спакою прарастае зародкавым спарангіем або міцэліем.

т. 1, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗААСПО́РА (ад заа... + спора),

зоаганідый, рухомая клетка (спора) водарасцей і некаторых грыбоў, якая служыць для бясполага размнажэння і рассялення. Утвараецца ў аднаклетачным органе — зоаспарангіі. У адрозненне ад тыповай расліннай клеткі пазбаўлена шчыльнай абалонкі. У многіх водарасцей З., акрамя храматафору, маюць таксама чырв. вочка і пульсуючыя вакуолі. У вадзе З. перамяшчаецца з дапамогай жгуцікаў, якія праз некат. час губляе, утварае шчыльную абалонку і развіваецца ў новы арганізм водарасці ці грыба.

т. 6, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКСАСПАРЫ́ДЫІ (Myxozoa),

тып (па інш. класіфікацыях клас, атрад) прасцейшых. 2 класы (атр.): міксаспоравыя (Myxosporea) і актынаміксідыі, або актынаспоравыя (Actinosporea). Паразітуюць у поласцях, тканках або клетках беспазваночных і ніжэйшых пазваночных жывёл (пераважна рыб, радзей земнаводных і паўзуноў).

Памеры ад 15 мкм да 11 мм. У жыццёвым цыкле 2 стадыі: паразітычная вегетатыўная (трафонт) і рассяляльная (спора). Трафонт мае 2 тыпы ядраў і 2 тыпы клетак — вегетатыўныя і генератыўныя; размнажаецца бясполым шляхам. Вегетатыўныя формы — рухомыя шмат’ядзерныя плазмодыі з вегетатыўнымі ядрамі і генератыўнымі клеткамі, што актыўна перамяшчаюцца ўнутры плазмодыя. З генератыўных клетак пасля дзяленняў (апошняе з якіх меёз) утвараюцца шматклетачныя споры (дыяметр да 25 мкм). Калі спора трапляе ў арганізм жывёлы-гаспадара, з яе вызваляецца амёбападобны зародак, які перамяшчаецца да месца паразітавання. У тканкавых М. плазмодыі нерухомыя, часта абкружаныя цыстай (дыяметр да 6 см), утворанай злучальнай тканкай гаспадара.

Да арт. Міксаспарыдыі: А — плазмодыі са спорамі (1 — цэратамікса апендыкулята; 2 — лептатэка агіліс; 3 — хлараміксум лейдыгі); Бспора (1 — зародак; 2 — ядры зародка; 3 — трубка; 4 — спіральная нітка).

т. 10, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЗІДЫЯСПО́РА,

спора палавога размнажэння базідыяльных грыбоў. Утвараюцца вонкава па 2—4 на паверхні базідый. Бываюць акруглыя, авальныя або ніткападобна выцягнутыя. Сядзяць на маленькіх шыпападобных вырастах базідыі — стэрыгмах. У адрозненне ад аскаспораў базідыяспоры адшнуроўваюцца ад базідыі вонкі. На адпаведным субстраце базідыяспора прарастае гаплоідным гомакарыятычным міцэліем.

т. 2, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКРАСПО́РА (ад мікра... + грэч. spora, семя, пасеў),

дробная спора разнаспоравых папарацепадобных, дзеразападобных і насенных раслін. Утвараецца ў мікраспарангіях шляхам меёза, мае гаплоідны набор храмасом. У папарацей і дзеразы з М. прарастае моцна рэдукаваны мужчынскі гаметафіт (зарастак) з палавымі органамі — антэрыдыямі. У насенных раслін М. адпавядае пылковае зерне.

т. 10, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАСПАРЫ́Я (ад апа... + спора),

развіццё гаметафіта ў некаторых вышэйшых раслін з вегетатыўнай клеткі спарафіта без утварэння спораў (гаплоіднай фазы развіцця). Напр., зарастка папараці з тканкі або ножкі спарангія; развіццё зародкавага мяшка ў пакрытанасенных з клетак семязавязі (нуцэлуса і інш.) без рэдукцыйнага дзялення (меёзу). Звычайна спалучаецца з рознымі формамі апаміксісу або з палавым працэсам.

т. 1, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗАСПАРЫ́Я (ад іза... + спора),

раўнаспоравасць, утварэнне ў раслін спор аднолькавага памеру. Характэрна для папарацей (акрамя водных — сальвініі, марсіліі, азолы), хвашчоў, дзеразовых (за выключэннем селагінелы). У залежнасці ад умоў жыўлення і асвятлення ў некат. хвашчоў з аднолькавых спор развіваюцца дробныя (мужчынскія) зарасткі з антэрыдыямі ці буйныя (жаночыя) з архегоніямі. Пры рэгуляванні ўмоў прарастання спор можна змяніць пол зарастка.

т. 7, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)