Сперматазоід 1/9, 388; 2/357; 7/572; 9/483; 10/17

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

СПЕРМАТАЗО́ІД (ад сперма + грэч. zōon жывая істота + eidos выгляд),

спермій, жыўчык, спелая гаплоідная мужчынская палавая клетка жывёл, чалавека і многіх расл. арганізмаў. Адкрыты А.​Левенгукам у сперме млекакормячых (1677). Утвараецца ў выніку сперматагенезу і апладняе яйцаклетку. Пасля апладнення ўзнікае зігота і пачынаецца развіццё зародка. Адрозніваюць С. жгуцікавыя і бязжгуцікавыя. У жывёл даўж. С. звычайна дзесяткі і сотні мікраметраў. у насякомых — да некалькіх міліметраў. Тыповыя жгуцікавыя С. ўласцівы пазваночным жывёлам, чалавеку і большасці беспазваночных. Маюць кароткую, рознай формы галоўку, дзе размешчана ядро, што ўтрымлівае бацькоўскі спадчынны матэрыял. На пярэднім канцы галоўкі звычайна знаходзіцца акрасома, якая забяспечвае пранікненне С. праз яйцавыя абалонкі. Жгуцік (хвост, біч) надае С. паступальны рух у вадкім асяроддзі (пры вонкавым асемяненні ў вадзе, пры ўнутр. — у вадкім змесціве палавых шляхоў). Восевая нітка жгуціка мае бялкі, падобныя на актын і міязін шкілетных мышцаў, здольныя расшчапляць адэназінтрыфосфарную к-ту. Жыццяздольнасць С. ў похве жанчыны да 2.5 гадз, у шыйцы маткі 48 гадз, у палавых шляхах труса да 30 гадз, каня — 5—6 сут, птушак — да 3 тыдняў, пчалы — 3—4 гады. Макс. дзённай прадукцыйнасці С. ў чалавека і труса 10​8, у каня і свінні — больш за 10​10. У раслін рухомыя жгуцікавыя С. наз. антэразоідамі. У большасці насенных раслін С. бязжгуцікавыя, актыўна не рухаюцца, наз. сперміямі.

А.​С.​Леанцюк.

Сперматазоід млекакормячых жывёл: 1 — галоўка; 2 — шыйка; 3 — прамежны аддзел; 4 — жгуцік; 5 — акрасома; 6 — ядро; 7 — мітахандрыяльная спіраль; 8 — восевая нітка.

т. 15, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПЕ́РМІЙ (ад сперма),

гаплоідная мужчынская палавая клетка, тое, што сперматазоід; таксама бязжгуцікавая мужчынская палавая клетка ў насенных раслін; актыўна не рухаецца.

т. 15, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКРАПІ́ЛЕ (ад мікра... + грэч. pylē уваход, адтуліна),

у жывёл — адтуліна ў шчыльных яйцавых абалонках, праз якую сперматазоід пранікае ў яйцо. Колькасць М. ад 1 да некалькіх дзесяткаў. Бывае ў насякомых, малюскаў, рыб і інш. У раслін М. — вузкі канал у покрыве семязавязі, праз які пранікае пылковая трубка.

т. 10, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ААГА́МІЯ (ад аа... + ...гамія),

тып палавога працэсу (спосаб палавога размнажэння), пры якім зліваюцца розныя па памерах, форме і паводзінах палавыя клеткі (гаметы) і ўтвараецца зігота. Жаночая гамета — буйная, нерухомая (без жгуцікаў) яйцаклетка (яйцо). Мужчынская гамета (сперматазоід) — значна драбнейшая, звычайна рухомая (з 1 або некалькімі жгуцікамі), радзей без жгуцікаў (у некаторых ніжэйшых раслін і некаторых вышэйшых ракаў) або прадстаўлена толькі генератыўным ядром унутры пылковай трубкі (у многіх голанасенных і ўсіх пакрытанасенных). Аагамія ўласціва шматклетачным жывёлам, вышэйшым раслінам і многім ніжэйшым.

т. 1, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПЕРМАТАГЕНЕ́З (ад сперма + ...генез),

ператварэнне першасных дыплоідных палавых клетак у жывёл, чалавека і многіх расл. арганізмаў у гаплоідныя дыферэнцыраваныя мужчынскія палавыя клеткі — сперматазоіды. або сперміі. Адбываецца ў большасці відаў жывёл і чалавека ў семявых канальцах семянніка, у гермафрадытных жывёл, як і аагенез, у гермафрадытнай ганадзе. Адрозніваюць 4 перыяды С.: размнажэнне, рост, дзяленні паспявання і сперміягенез (ці фарміраванне сперміяў). У выніку ператварэння дыплоіднай палавой клеткі ў гаплоідны сперматазоід утвараюцца новыя структуры (акрасома, жгуцік, часта мітахандрыяльнае пабочнае ядро), а большая ч. цытаплазмы разам з рыбасомамі, комплексам Гольджы і эндаплазматычнай сеткай адрываецца. Працягласць С. ад 3 сут (у некат. кішачнаполасцевых) да 80 сут (у чалавека). У жывёл з сезоннымі цыкламі размнажэння перыяд С. больш падоўжаны. Сперматазоіды (антэразоіды) раслін утвараюцца ў антэрыдыях.

А.​С.​Леанцюк.

т. 15, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)