НО́БІЛЕ ((Nobile) Умберта) (21.1.1885, Лаура, Італія — 30.7.1978),
італьянскі палярнік, канструктар дырыжабляў, генерал. У 1926 удзельнічаў у экспедыцыі Р.Амундсена як камандзір дырыжабля «Нарвегія» ўласнай канструкцыі. У 1928 узначаліў італьян. экспедыцыю на Паўн. полюс на дырыжаблі «Італія», які пацярпеў катастрофу каля Шпіцбергена (група ўдзельнікаў экспедыцыі выратавана сав. ледаколам «Красін», другая група прапала без вестак). У 1932—36 працаваў у СССР, потым у ЗША, у 1945 вярнуўся ў Італію.
Літ.:
Самойлович Р.Л. На спасение экспедиции Нобиле. 4 изд. Л., 1967.
т. 11, с. 357
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮ́РЫНГ ((Dühring) Яўген) (12.1.1833, Берлін — 21.9.1921),
нямецкі філосаф, эканаміст, прававед. Прыват-дацэнт Берлінскага ун-та (1863—77). Імкнуўся стварыць філас. сістэму абсалютных ведаў, якая грунтавалася на апрыёрных, аксіялагічных прынцыпах; яе тэарэт. аснова — кантыянства, пазітывізм, вульгарны матэрыялізм. Сусвет разглядаў як бясконцы, але які мае пачатак у часе, адмаўляўся пры гэтым ад прызнання боскага першаштуршка і дапускаў спрадвечнае адзінства матэрыі і мех. сілы. Законы дыялектыкі, паводле Дз., — лагічныя канструкцыі, што звонку накладваюцца на з’явы. У тэорыі пазнання проціпастаўляў ісціну і памылковы погляд, адхіляў дыялектыку адноснай і абс. ісціны. У сацыялогіі прытрымліваўся канцэпцыі «рабінзанады» — прызнаваў існаванне ізаляваных індывідаў, а ў аснову фарміравання адносін паміж імі паклаў «тэорыю насілля». Насілле лічыў прычынай сац. няроўнасці і галечы, быў праціўнікам рэв. пераваротаў у грамадстве, спрабаваў тэарэтычна абгрунтаваць ідэю паступовых сац. пераўтварэнняў на карысць чалавека. Аўтар прац «Крытычная гісторыя ўсеагульных прынцыпаў механікі» (1873), «Курс філасофіі» (1875), «Курс нацыянальнай і сацыяльнай эканомікі» (1876), «Логіка і тэорыя пазнання» (1878) і інш. Ідэі Дз. супрацьстаялі вучэнню К.Маркса; крытычную ацэнку ім даў Ф.Энгельс у працы «Анты-Дзюрынг» (1877—78).
Тв.:
Рус. пер. — Курс национальной и социальной экономики... СПб., 1893;
Ценность жизни... СПб., 1894;
Великие люди в литературе: Критика современной лит. с новой точки зрения. СПб., 1897;
Социальное спасение — в действительном праве. СПб., 1909.
Т.І.Адула.
т. 6, с. 131
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)