Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́НІШНІКАЎ (Іларыён Міхайлавіч) (1.4.1840, с. Цімашова Калужскай вобл., Расія — 24.3.1894),
рускі мастак-жанрыст. Правадз.чл.Пецярб.АМ (1893). Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1856—66), у 1873—94 выкладаў у гэтым вучылішчы. Член-заснавальнік Т-ва перасоўных маст. выставак (гл.Перасоўнікі). Творчасці ўласцівы выкрывальныя тэндэнцыі, трапнасць сац. характарыстык: «Жартаўнікі. Гасціны двор у Маскве» (1865), «Паражнякі» (1872), «Спасаў дзень на Поўначы» (1887). Аўтар карціны «У 1812 годзе», якая раскрывае нар. характар вайны 1812. Пісаў таксама лірычныя паляўнічыя сцэны. Сярод вучняў В.Бялыніцкі-Біруля, С.Іванаў, С.Каровін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКАЯ ІЛЬІ́НСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік драўлянага дойлідства канца 18 ст. Пабудавана ў гіст. раёне Гомеля на беразе р. Сож. Раней тут быў храм старавераў пад назвай Спасаў. Пасля на яго месцы пабудавана драўляная Ільінская царква, у 1794 перабудавана. Побач з ёй існаваў мужчынскі і жан. скіт старавераў. У 1850 скіт і царква закрыты; абразы і рэдкія кнігі перададзены ў Гомельскую Петрапаўлаўскую царкву. З 1852 царква зноў дзейнічае, у 1853 пры ёй засн. аднаверскі прыход. Будынак царквы складаецца з трох зрубаў, пастаўленых адзін за адным па падоўжнай восі. Зрубы нефа і бабінца прамавугольныя ў плане, алтарнай апсіды — 5-гранны. Над бабінцам надбудавана шмат’ярусная вежа-званіца (васьмярык на чацверыку).