ГАЛАВА́Ч Платон Раманавіч

(18.4.1903, в. Пабокавічы Бабруйскага р-на Магілёўскай вобл. — 29.10.1937),

бел. пісьменнік і грамадскі дзеяч. Скончыў Камуніст. ун-т Беларусі (1926). У 1922—23 інструктар Барысаўскага павятовага к-та камсамола, з 1926 заг. аргаддзела, з 1928 1-ы сакратар ЦК ЛКСМБ, у 1929—30 нам. наркома асветы БССР. Быў рэдактарам газ. «Чырвоная змена», час. «Маладняк», «Полымя». У 1937 рэпрэсіраваны, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956. Друкаваўся з 1921. Аўтар зб-каў «Дробязі жыцця» (1927), «Хочацца жыць» (1930), «Апавяданні» (1934), нарыса пра буд-ва Беламорска-Балтыйскага канала «Ад Мядзведжай гары да Белага мора» (1934). У апавяданнях пісаў пра грамадз. вайну і класавую барацьбу на вёсцы, выкрываў «ворагаў народа», рэліг. забабоны, старое вясковае жыццё. Яны вызначаюцца гуманіст. пафасам, псіхалагізмам, вастрынёй канфліктаў. У аповесцях ставіў праблему даверу да чалавека («Вінаваты», нап. 1929), адлюстроўваў калектывізацыю бел. вёскі («Спалох на загонах», 1930), паказваў барацьбу супраць польскіх акупантаў («Носьбіты нянавісці», 1936, «Яны не пройдуць!», 1937). Аналітычна, шматпланава паказаў рэчаіснасць ад пярэдадня 1-й сусв. вайны да калектывізацыі ў рамане «Праз гады» (1934): перадаў паэзію вясковай працы, сял. любоў да зямлі, сац. і псіхал. складанасць ломкі старога жыццёвага ўкладу, псіхалогіі людзей. Аўтар публіцыст. і літ.-крытычных артыкулаў. Чл. ЦК КП(б)Б у 1927—30. Чл. ЦВК БССР у 1927—35.

Тв.:

Зб. тв. Т. 1—3. Мн., 1958;

Пісьмы Платона Галавача // Полымя. 1963. № 4;

Праз гады. Мн., 1992;

Спалох на загонах. Мн., 1996.

Літ.:

Булацкі Р.В., Карніловіч Э.А. Платон Галавач — публіцыст. Мн., 1973;

Бугаёў Дз. З кагорты першых // Бугаёў Дз. Талент і праца. Мн., 1979;

Луфераў М. Платон Галавач // Гісторыя беларускай савецкай літаратуры, 1917—1940. Мн., 1981.

Дз.Я.Бугаёў.

т. 4, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАРО́ШКА Пятро Ануфрыевіч

(24.12.1910, с. Тупічаў Чарнігаўскай вобл., Украіна),

украінскі пісьменнік. Скончыў Харкаўскі ун-т (1933). Друкуецца з 1928. У зб-ках вершаў «Перад навальніцай» (1935), «Жывыя крыніцы» (1960), «След» (1971) і інш. арганічна спалучаны публіцыстычны пафас і мяккі лірызм, паэтызуюцца краса роднай зямлі і чысціня пачуццяў. У аповесці «Лясная Гута» (1964), рамане «Не паўтары маю долю» (1968) вострыя маральна-этычныя праблемы. Аўтар паэм-прысвячэнняў М.Чарнышэўскаму «Вілюйскі вязень» (1955) і Т.Шаўчэнку «Спалох уначы» (1965), кніг твораў для дзяцей, зб. апавяданняў і ўспамінаў «Ад зары да зары» (1987). Пераклаў на ўкр. мову творы П.Броўкі, Я.Коласа, Я.Купалы, П.Панчанкі. На бел. мову яго творы пераклалі М.Аўрамчык, М.Гамолка, К.Кірэенка.

Тв.:

Вибрані твори. Т. 1—2. Київ, 1980;

Бел. пер. — у кн.: Украінская савецкая паэзія. Мн., 1975. Т. 1.

В.А.Чабаненка.

т. 6, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРУЛЁЎ Мікалай Аляксандравіч

(6.11.1919, в. Баева Дубровенскага р-на Віцебскай вобл. — 7.5.1980),

рускі пісьменнік. Засл. работнік культуры Беларусі (1979). Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1941). Працаваў у прэсе, на кінастудыі, у выдавецтве, у 1970—80 адказны сакратар бюлетэня «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі». Друкаваўся з 1938. Аўтар зб. вершаў «Аднагодкі» (1950), «У дарозе» (1956), аповесці для юнацтва «Сябры-таварышы» (1954), рамана пра жыццё студэнтаў напярэдадні і ў пачатку Вял. Айч. вайны «Бывайце, любімыя» (1979, складае дылогію з раманам «Пасля разлукі», 1981), аповесці для дзяцей «Новы настаўнік» (1974), гумарыстычных апавяданняў (зб. «Кібернетычная жонка», 1979), сцэнарыяў фільмаў. Маральна-этычныя праблемы раскрывае ў п’есах «Другое знаёмства» (1959), «Калі любіш» (1963), «Мая дачка» (1966), «Помста Палавінкіна» (паст. 1968) і інш. Пераклаў на рус. мову раманы М.Паслядовіча «Святло над Ліпскам», М.Зарэцкага «Вязьмо», аповесці Э.Самуйлёнка «Тэорыя Каленбрун», П.Галавача «Вінаваты. Спалох на загонах», апавяданні І.Мележа, Я.Скрыгана, У.Краўчанкі, вершы А.Астапенкі, А.Вялюгіна, П.Панчанкі, М.Танка і інш.

Тв.:

Наследники: Пьесы. Мн., 1971;

Признание: Избранное. Мн., 1976;

Прощайте, любимые: Повесть и рассказы. Мн., 1977.

т. 5, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)