таксанамічная катэгорыя ніжэйшага рангу, чым від: група індывідуумаў, ідэнтычных марфалагічна, генетычна і экалагічна, здольных пастаянна захоўваць свае прыкметы ў культуры. Тэрмін прапанаваў галандскі батанік Я.Лотсі (1916) у гонар франц. батаніка А.Жардана, які вызначыў, што звычайны «лінееўскі від» можна раскласці на вял. колькасць канстантных форм. Спадчынная ўстойлівасць прыкмет звязана з апаміксісам. Гэта значыць, што размнажэнне насеннем адбываецца ў спадчынна ўстойлівых форм таксама, як пры вегетатыўным размнажэнні. У аналітычнай сістэматыцы культ. раслін вылучэнне вял. колькасці ўнутрывідавых адзінак мае істотнае значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВУХПАЛА́ТНАЯ СІСТЭ́МА,
у дзяржаўным праве наяўнасць у складзе прадстаўнічага органа дзвюх палат — верхняй і ніжняй, якія дзейнічаюць раздзельна. Узнікла ў 13 ст. ў Англіі, парламент якой меў палату лордаў і палату абшчын. У практыцы парламентарызму фарміраванне палат адбываецца па-рознаму: верхняя палата фарміруецца пераважна шляхам назначэння ці спадчынна (палата лордаў у Вялікабрытаніі) або шляхам непрамых выбараў (сенат у Францыі); ніжняя — шляхам прамых выбараў насельніцтвам У Рэспубліцы Беларусь з ліст. 1996 заснаваны парламент — Нацыянальны сход, які складаецца з дзвюх палат: Палаты прадстаўнікоў, якая выбіраецца насельніцтвам на аснове ўсеагульнага выбарчага права, і Савета Рэспублікі — палаты тэр. прадстаўніцтва, члены якога выбіраюцца на мясц. Саветах дэпутатаў (па 8 ад кожнай вобласці і г. Мінска) і прызначаюцца Прэзідэнтам дзяржавы (8 членаў). Гл. таксама Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУТАЦЫ́ЙНАЯ ТЭО́РЫЯ, тэорыя зменлівасці і эвалюцыі,
сцвярджае, што існуе 2 катэгорыі зменлівасці — бесперапынная і перарывістая (дыскрэтная). Распрацаваў Г.Дэ Фрыз. Паводле гэтай тэорыі толькі перарывістая зменлівасць з’яўляецца спадчыннай. Для яе абазначэння ўведзены тэрмін «мутацыя». М.т. сцвярджае, што мутацыі могуць быць прагрэсіўныя (з’яўленне новых спадчынных уласцівасцей, што раўназначна ўзнікненню новых элементарных відаў) або рэгрэсіўныя (страта якіх-н. існуючых уласцівасцей, якія прыводзяць да ўзнікнення разнавіднасцей). Новыя жарданоны ўзнікаюць шляхам прагрэсіўных мутацый раптоўна, без пераходаў і звычайна адразу спадчынна пастаянныя. Масавыя мутацыі прымеркаваны да асобых рэдкіх мутацыйных перыядаў, што ў жыцці кожнага віду чаргуюцца з працяглымі перыядамі спакою. Развіццё генетыкі абвергла асн. палажэнні М.т. Падобную сістэму прадстаўленняў пра зменлівасць і эвалюцыю распрацаваў С.І.Каржынскі (1899). Сучасныя прадстаўленні аб спадчыннасці і іх сінтэзе з эвалюцыйным вучэннем сфармуляваў С.С.Чацверыкоў (1926). Гл. таксама Дарвінізм, Мендэлізм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІСТАГЕНЕ́З (ад гіста... + ...генез),
працэс развіцця ў шматклетачным арганізме, які забяспечвае ўзнікненне, існаванне, перабудову і аднаўленне тканак з іх спецыфічнымі для кожнага арганізма і яго органаў марфалагічнымі і фізіёлага-біяхім. асаблівасцямі; адна з фаз антагенезу. Настае пасля або ў працэсе арганагенезу; уключае клетачнае размнажэнне, дэтэрмінацыю, клетачны рост, міграцыі клетак, адгезію, дыферэнцыроўку клетак і пазаклетачных вытворных, міжклетачныя і міжтканкавыя ўзаемадзеянні, адміранне клетак. Спецыялізацыя клетак спадчынна замацоўваецца, таму адна тканка ў другую не ператвараецца. Гістагенез абумоўлены эвалюцыйным развіццём, залежыць ад унутры- і міжтканкавых узаемаадносін, ад узаемадзеяння арганізма з навакольным асяроддзем. Неадначасовае развіццё клетак пры гістагенезе забяспечвае захаванне маладыферэнцыраваных элементаў, якія служаць крыніцай папаўнення клетак на працягу жыцця арганізма і аднаўлення тканкі пасля яе пашкоджання (рэгенерацыі). У тканках з высокім узроўнем дыферэнцыроўкі (мышачная, нервовая) магчымасці рэгенерацыі больш абмежаваныя. Рэпаратыўны гістагенез у постнатальным перыядзе антагенезу складае аснову аднаўлення часткова страчаных або пашкоджаных тканак (напр., фізіялагічная рэгенерацыя клетак крыві). Якасныя змены гістагенезу могуць прывесці да ўзнікнення і росту пухліны. Нармальны і паталагічны гістагенез вывучае гісталогія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫ́НКТ (ад лац. instinctus намер, натхненне),
сукупнасць складаных наследаваных актаў паводзін, характэрных для асобін дадзенага віду пры пэўных умовах. Навукова абгрунтаваны рус. фізіёлагам І.П.Паўлавым. Звычайна І. называюць складаныя безумоўныя рэфлексы (харч., ахоўны і інш.) у адрозненне ад простых (міганне, чханне). Уяўляе сабой комплекс паслядоўных рэакцый, у якіх канец аднаго звяна з’яўляецца пачаткам другога. Адрозніваюць палавыя, бацькоўскія, дзіцячыя і іншыя. Ёсць спецыфічныя, уласцівыя некат. відам жывёл (міграцыя пералётных птушак, будаўніцтва ў баброў), групавыя, якія складаюць аснову ўзаемаадносін членаў статка, зграі, рою, сям’і (будаўніцтва гнязда, сумесная абарона ад ворагаў, агульны клопат пра патомства). У чалавека І. пераважна падпарадкоўваюцца яго свядомай дзейнасці, але апіраюцца на біял. фундамент найгалоўнейшых І., на аснове якіх развіваюцца важныя функцыі арганізма (палавая цяга, мацярынскі І. і інш.). Сучасныя даследчыкі ўжываюць тэрмін «інстынктыўнае» як сінонім паняццяў: «генетычна фіксаваныя», «спадчынна замацаваныя», «прыроджаныя» паводзіны, дзеянні і г.д.
Літ.:
Павлов И.П. Двадцатилетний опыт объективного изучения высшей нервной деятельности (поведения) животных. М., 1973;
Анохин П.К. Биология и нейрофизиология условного рефлекса. М., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДАПТА́ЦЫЯў біялогіі,
развіццё новых біял. уласцівасцяў арганізма, папуляцыі, віду, біяцэнозу, якія забяспечваюць іх нармальнае існаванне пры змене ўмоў навакольнага асяроддзя. У эвалюцыйна-гіст. плане ўзнікае і развіваецца на базе спадчынных змен (мутацый) і камбінавання іх пад кантролем адбору. Аснову адаптацыі арганізма складае сукупнасць морфафізіял. змен, накіраваных на захаванне адноснага пастаянства яго ўнутр. асяроддзя — гамеастазу. Сярод шматлікіх формаў адаптацыі вылучаюць генатыпічную, якая ажыццяўляецца праз натуральны адбор карысных для выжывання прыкмет, і фенатыпічную (індывідуальную), што праяўляецца пераважна ў колькаснай мадыфікацыі спадчынна абумоўленых уласцівасцяў.
Адаптацыя забяспечваецца неспецыфічнымі механізмамі, што ляжаць у аснове адаптацыйнага сіндрому, а таксама кампенсатарнымі працэсамі, якія залежаць ад характару патагеннага раздражняльніка. Напр., працэсы акліматызацыі да новых кліматагеагр. умоў, да фону — ахоўная афарбоўка жывёл і інш. Паслядоўныя стадыі адаптацыі да пэўнага спосабу жыцця могуць быць звязаны генеалагічна і складаць адаптыўны рад (напр., паступовае развіццё лятальнай перапонкі ў млекакормячых). У працэсе эвалюцыі адбываецца пастаянная змена прыватных адаптацый і намнажэнне агульных (гл. таксама Адаптыўная радыяцыя). У арэале віду могуць быць адаптыўныя зоны, якія вызначаюцца спецыфічным характарам прыстасаванасці. Найб. складаныя формы мае адаптацыя сацыяльная.
Літ.:
Структурные основы адаптации и компенсации нарушенных функций. М., 1987;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯТЫ́ЧНЫ ПАТЭНЦЫЯ́Л,
1) спадчынна абумоўленая ступень супраціўляльнасці віду ўздзеянню неспрыяльных фактараў навакольнага асяроддзя (у т. л. антрапагенных).
2) Патэнцыяльная здольнасць жывых арганізмаў павялічваць сваю колькасць у геам. прагрэсіі пры размнажэнні без уздзеяння вонкавых фактараў. Вызначаецца сярэдняй велічынёй прыплоду або скорасцю, з якой пры гіпатэтычным бесперашкодным размнажэнні асобіны дадзенага віду ўкрыюць усю паверхню зямнога шара раўнамерным слоем (напр., скорасць для сланоў складае 0,3 м/с, для некат. мікраарганізмаў — сотні м/с). Розніца паміж біятычным патэнцыялам і рэалізаванай колькасцю асобін папуляцыі адлюстроўвае супраціўленне асяроддзя, з якім арганізмы знаходзяцца ў антаганістычных адносінах. Змяненні плоднасці і выжывання жывёл адбываюцца пад уздзеяннем навакольнага асяроддзя (абіятычных фактараў) і ў выніку міжвідавых і ўнутрывідавых узаемаадносін. Вял. ролю ў гэтых працэсах адыгрываюць унутрыпапуляцыйныя механізмы, якія забяспечваюць актыўную рэакцыю папуляцыі на вонкавыя ўздзеянні. У звычайных умовах скорасць размнажэння арганізмаў з кароткім жыццёвым цыклам (бактэрый пры ўспышцы эпідэміі, водарасцяў пры цвіценні вадаёма) блізкая да велічыні біятычнага патэнцыялу. Вызначэнне біятычнага патэнцыялу неабходна пры распрацоўцы метадаў барацьбы са шкоднымі відамі для павелічэння колькасці карысных відаў, аховы і рацыянальнага выкарыстання жывёльнага свету, пры экалагічных экспертызах тэхн. праектаў, стварэнні жывёлагадоўчых комплексаў, рыбных гаспадарак і інш. 3) Ступень здольнасці жывога покрыва трансфармаваць сонечную энергію ў ходзе біялагічнага кругавароту. Тэрмін «біятычны патэнцыял» увёў амер. эколаг Р.Н.Чэпмен (1925) у сувязі з праблемай дынамікі колькасці жывёл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭГРА́ЦЫЯў біялогіі,
стан звязанасці асобных дыферэнцаваных ч. і функцый сістэмы, арганізма; мэтазгоднае аб’яднанне і каардынацыя дзеяння розных ч. цэласнай сістэмы, а таксама працэс, які вядзе да такога стану. У дачыненні да жывых арганізмаў прынцып І. сфармуляваў Г.Спенсер (1857). У жывых сістэмах І. можа адбывацца на розных узроўнях іх арганізацыі: малекулы, клеткі, арганізма, а таксама ў розных біял. сістэмах надарганізмавага ўзроўню — у папуляцыях, відах, біяцэнозах і інш. Механізмы І. розных узроўняў маюць сваю спецыфіку.
У біял. сістэмах з жорсткімі ўнутр. сувязямі звычайна ёсць спец. кампаненты, якія забяспечваюць І., напр., у дарослым арганізме вышэйшых жывёл — нерв., сасудзістая і эндакрынная сістэмы. Найб. вядомая форма І. працэсаў антагенезу — эмбрыянальная індукцыя І. папуляцый, відаў, што не маюць жорсткіх унутр. сувязей паміж складаючымі іх элементамі (асобінамі) абумоўлена палавым працэсам (у жывёл) і асаблівасцямі паводзін, якія спадчынна замацаваны і вызначаюць узаемаадносіны асобін. І. экасістэм ажыццяўляецца пры дапамозе патокаў арган. рэчыва, энергіі і інфармацыі. У цэлым ступень І. — вынік адаптыўнай эвалюцыі, яна адлюстроўвае ўзровень развіцця рэгуляцыйных механізмаў біял. сістэмы і можа разглядацца як адзін з крытэрыяў морфафізіял. прагрэсу. Механізмы І. ў дачыненні да біял. аб’ектаў даследуюцца тэорыяй сістэм і біякібернетыкай. І. ў фізіялогіі — функцыян. аб’яднанне асобных органаў, тканак, фізіял. механізмаў у складана каардынаваную прыстасавальную дзейнасць цэласнага арганізма для дасягнення карыснага для арганізма выніку. І. псіхічная — аб’яднанне розных псіхічных працэсаў у адно структурнае цэлае Вышэйшае праяўленне І. — мэтанакіраваны паводзінскі акт, які будуецца на аснове фізіял. і псіхічных фактараў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМЕАПА́ТЫЯ (ад гамеа... + патыя),
сістэма лячэння мізэрна малымі дозамі індывідуальна падабраных лякарстваў. Прапанавана ў канцы 18 ст.ням. урачом С.Ганеманам, які сцвярджаў, што хваробы можна лячыць маленькімі дозамі тых рэчываў, якія ў вял. дозах выклікаюць сімптомы, падобныя на прыкметы дадзенай хваробы (прынцып лячэння падобным). Гамеапатыя разглядае падыход да хваробы як да індывід. рэакцыі хворага на пашкоджвальны фактар, што залежыць ад спадчынна-канстытуцыянальных асаблівасцей арганізма. Як метад лячэння гамеапатыя афіцыйна прызнана ў многіх краінах свету; выкарыстоўваецца таксама ў вет. практыцы. На Беларусі дзейнічаюць гомеапатычныя лячэбныя цэнтры і аптэкі, вядзецца гомеапатычны прыём у паліклініках, санаторыях.
Гамеапатыя ўзнікла і атрымала пашырэнне ў Германіі, потым і ў інш.еўрап. краінах (у Расіі — з канца 1820-х г.) у той перыяд, калі ў медыцыне канкурыравалі супярэчлівыя тэорыі, шырока выкарыстоўваліся кровапусканні, клізмы, ірвотныя і стабільныя лек. рэчывы, якія знясільвалі арганізм хворага. У параўнанні з недахопамі лячэбнай медыцыны гамеапатыя адыгрывала пазітыўную ролю. Але з самага пачатку свайго існавання яна выклікала крытыку з боку прадстаўнікоў афіц. медыцыны. Асн. аб’ектам крытыкі былі вельмі нізкія канцэнтрацыі рэчываў, калі ў растворах знаходзіцца менш адной малекулы актыўнага рэчыва. Пазней даказана, што біял. актыўнасць рэчываў можа захоўвацца і ў канцэнтрацыях, адпаведных гомеапатычным. Гомеапатычныя лякарствы не выклікаюць пабочных эфектаў і алергічных рэакцый, не прычыняюць шкоды хвораму. Развіццём класічнай гамеапатыі стала тэорыя гоматаксікалогіі, распрацаваная ням. урачом. Г.Рэкевегам у 1950-я г., якая аб’яднала гамеапатыю і навук. медыцыну
Літ.:
Гомеопатический домашний лечебник. 2 изд. М., 1993;
Гомеопатия: Практ. руководство к гомеопат. медицине. Т. 1—2. М., 1995;
Шаретт Ж. Практическое гомеопатическое лекарствоведение: Пер. с фр. Киев, 1990;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАЛЁТЫ ПТУ́ШАК,
штогадовыя рэгулярныя масавыя перамяшчэнні птушак з гнездавання ў месцы зімовак і наадварот; адна з форм міграцыі жывёл. Склаліся гістарычна і генетычна (спадчынна) замацаваны. Маюць зменлівы характар: папуляцыі аднаго віду могуць быць пералётнымі і аселымі (напр., галка ва Усх. Еўропе аселая, у Сібіры пералётная). Асн. прычыны П.п. — змена сезоннай і сутачнай фотаперыядычнасці, змены т-ры, прыстасаванне да сезонных ваганняў клімату і залежных фактараў (забеспячэнне кормам і інш.). Адлегласці, шляхі і скорасці П.п. розныя: ад 400 км (дразды, пуначкі і інш.) да 30 тыс.км у крачкі палярнай; за суткі пераадольваюць ад 30 км (сініцы) да 300 км (мухалоўкі, сітаўкі і інш.). На Беларусі сістэм. назіранні за П.п. вядуцца з 1960-х г.
Месцы гнездавання і зімовак птушак пастаянныя. Большасць еўрап. відаў зімуе ў Паўд, Паўд.-Зах. Еўропе і Афрыцы, заходнесібірскіх — у Зах. Азіі і ва ўсх.ч. Афрыкі, усходнесібірскіх і далёкаўсходніх — у Індыі, Аўстраліі, Амерыцы. У арыентацыі птушак вял. значэнне мае рэцэпторная сістэма, пачуццё геагр. размяшчэння, звязанае з магн. з’явамі на Зямлі і інш П.п. адбываюцца ўдзень (берасцянкі, буслы, жураўлі, шпакі), уначы (валасянкі, некат. кулікі, пастушкі), удзень і ўначы (гагары, гусі і інш.). Большасць птушак ляціць чародамі рознай канфігурацыі (гусі — ключом або клінам, жураўлі — клінам, качкі — шарэнгай, шпакі — шматслойнай чарадой), некат. віды — па адной ці невял. групамі. У час пералётаў птушкі ляцяць на выш. ад 100 да 1000 м, зрэдку большай. Вясной птушкі ляцяць хутчэй, чым восенню. Вывучаюць П.п. метадамі кальцавання птушак, радыёлакацыі, тэлеметрыі і інш. На пералётах мае вял. значэнне міжнар. ахова птушак.
Літ.:
Дольник В.Р. Таинственные перелеты. М., 1968;
Михеев А.В. Перелеты птиц. 2 изд. М., 1981;
Карри-Линдал К. Птицы над сушей и морем: Пер. со швед.М., 1984.