ВЕ́СТЭРН
(ад англ. western заходні),
жанр прыгодніцкага кіно. Узнік у ЗША на пач. 1900-х г. Адлюстроўвае падзеі, звязаныя з асваеннем амер. Захаду ў 2-й пал. 19 ст. Дынамічны сюжэт вестэрна звычайна разгортваецца на фоне дзікай прыроды пры ўдзеле мужнага героя, які ўступае ў схватку з ворагамі ў імя ўсталявання духоўных і сацыяльных ідэалаў; падзеі ў вестэрне рамантызаваліся, герой ідэалізаваўся. На пач. 1950-х г. узнікла тэндэнцыя да пераасэнсавання і дэміфалагізацыі гісторыі заваявання далёкага Захаду. Як жанр і цяпер папулярны ў ЗША, Італіі («спагеці-вестэрн»), Германіі. Тэрмін «вестэрн» выкарыстоўваецца таксама ў дачыненні да амер. л-ры прыгодніцкага жанру з аналагічнымі сюжэтамі.
т. 4, с. 120
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУТУ́ЗА
(Guttuso) Рэната (2.1.1912, г. Багерыя, Італія — 18.1.1987),
італьянскі жывапісец і графік. Акадэмік АМ у Рыме (1960), ганаровы чл. АМ СССР (1962). Удзельнік італьян. Руху Супраціўлення (1943—45). Аўтар шэрагу антыфаш. твораў («Расстрэл», 1938; «Распяцце», 1940—41; серыя малюнкаў «З намі Бог!», 1944—45). У работах канца 1940—60-х г. стварыў шматгранную карціну жыцця пасляваен. Італіі. Значнае месца ў яго творчасці займала сац.-паліт. тэма (карціны «Пляж», «Чалавек, які есць спагеці», «Дыскусія», «Натоўп», «Навіны» і інш.). Для ўзмацнення эмацыянальнага ўздзеяння сваіх работ часта выкарыстоўваў рэзка кантрастнае гучанне колераў, востра дынамічны малюнак. Пісаў таксама партрэты, пейзажы, нацюрморты, вулічныя сцэнкі, буйнамаштабныя палотны на алегарычныя сюжэты.
т. 5, с. 550
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)