ПРАЦЭ́НТ (ад лац. pro centum за сто),

сотая частка лікавага значэння велічыні, прынятай за адзінку. Абазначаецца знакам %. 1% = 10​−2 = 0,01. Дае магчымасць хутка параўноўваць часткі ліку з усім лікам і паміж сабой, спрашчаць разлікі і інш.

Адрозніваюць 3 тыпы задач на П.: знаходжанне П. ад зададзенага ліку, ліку па зададзеным П. і працэнтных суадносін паміж лікамі. П. выкарыстоўваюць у фінансавых разліках. Напр., калі з сумы грошай a кожны год нарастае p%, то праз t гадоў яна ператворыцца ў велічыню x = a(1 + pt/100), дзе даход за кожны год налічваецца з зыходнай сумы (простыя П.). Калі ж даход за папярэдні год дадаюць да пачатковай сумы і новы даход вылічваюць з атрыманай велічыні, то x = a(1 + p/100)​t (складаныя П.). Складаныя П. выкарыстоўваюцца ў многіх галінах гасп. дзейнасці, бухгалтарскага ўліку, а таксама ў розных стат. разліках.

т. 13, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́РПАЎ (Уладзімір Барысавіч) (13.2.1912, г. Хвалынск Саратаўскай вобл., Расія — 6.8.1977),

бел. пісьменнік. Скончыў Мінскі пед. ін-т (1941). Настаўнічаў, працаваў у газ. «Звязда», «Советская Белоруссия», «Літаратура і мастацтва», у час. «Полымя». Літ. дзейнасць пачаў у 1944 як крытык. Аўтар зб-каў літ.-крытычных артыкулаў «Па шляху сталасці» (1952), «Крылаты ўзлёт» (1966). З 1949 выступаў як празаік. Творы прысвечаны барацьбе бел. партызан і падпольшчыкаў Мінска супраць ням.-фаш. захопнікаў, жыццю рабочых і інтэлігенцыі: аповесць «Без нейтральнай паласы» (1949), раманы «За годам год» (1955—56), «Вясеннія ліўні» (1959—60), «Нямігі крывавыя берагі» (1962), «Сотая маладосць» (1969). Аўтар кн. ўспамінаў і апавяданняў «Прызнанне ў нянавісці і любві» (1976). Даследаваў творчасць К.​Чорнага, М.​Лынькова, К.​Крапівы.

Тв.:

Зб. тв. Т. 1—5. Мн., 1983—85.

Літ.:

Успаміны пра Уладзіміра Карпава. Мн., 1991;

Грамовіч І. Адчуваў пульс жыцця // Грамовіч І. У сховах памяці і сэрца. Мн., 1983;

Грахоўскі С. Недапіты бярозавік // Грахоўскі С. Так і было. Мн., 1986;

Дзюбайла П. У вялікай дарозе. Мн., 1981.

У.Б.Карпаў.

т. 8, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)