Сорын Савелій

т. 15, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛО́ (Мікалай Пятровіч) (н. 5.8.1922, г. Ачынск Краснаярскага краю, Расія),

расійскі і бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1968). Скончыў Ленінградскі тэатр. ін-т (1948). Працаваў у т-рах Расіі. З 1963 у Гомельскім абл. драм. т-ры. Творчасці ўласціва глыбокая распрацоўка вобразаў. Сярод лепшых роляў: Гастрыт («Вечар» А.​Дударава), Сорын («Чайка» А.​Чэхава), Карандышаў, Дадаеў, Латохін («Беспасажніца», «Лес», «Прыгажун мужчына» А.​Астроўскага), Яравы («Любоў Яравая» К.​Транёва), Арыстарх («Энергічныя людзі» В.​Шукшына), Марцьянаў («Сумленне» паводле Д.​Паўлавай), Парогін («Адыходзіў стары ад старой» С.​Злотнікава), Паскуаліна («Каляды ў хаце сіньёра Куп’ела» Э. дэ Філіпа). Аўтар п’есы «Легенда пра песню няспетую» (з І.​Паповым, паст. ў Гомельскім т-ры, 1968).

Г.​Р.​Герштэйн.

т. 12, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАГАЎЦО́Ў (Уладзімір Мітрафанавіч) (н. 3.4.1943, в. Гута Бялыніцкага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1980). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1964). З 1964 працуе ў Нац. акад. т-ры імя Я.​Купалы. Выканаўца драм. і характарных роляў. Яго мастацтву ўласцівы акрэсленасць знешняга малюнка і распрацаванасць характару вобраза, шчырасць і эмацыянальнасць. Лепшыя ролі ў бел. рэпертуары: Прокусаў («Верачка» А.​Макаёнка), Раман («І змоўклі птушкі» І.​Шамякіна), Сцяпан («Людзі на балоце» І.​Мележа), Скарына («Напісанае застаецца» А.​Петрашкевіча), Красоўскі («Парог» А.​Дударава), Максім («Выклік багам» А.​Дзялендзіка), айцец Вікенцій («Пеўчыя» Г.​Марчука), Ваявода («Князь Вітаўт» А.​Дударава). Сярод. інш. роляў: Барыс, Мілонаў («Навальніца», «Лес», А.​Астроўскага), Сорын, Кулыгін («Чайка», «Тры сястры» А.​Чэхава), Сяргей («У мяцеліцу» Л.​Лявонава), Леанідзік («Мой бедны Марат» А.​Арбузава), Цімафей («Традыцыйны збор» В.​Розава), Карцаў («Яшчэ раз пра каханне» Э.​Радзінскага), Ён («Віват, імператар!» Э.​Іанеска), Сямёнаў («Піраміда Хеопса» Ю.​Ломаўцава) і інш. Выступае на тэлебачанні з монаспектаклямі, на радыё. Зняўся ў фільмах «Людзі на балоце», «Трывожнае шчасце», «Плач перапёлкі», «Крыло цішыні», «Чужая бацькаўшчына», «Парашуты на дрэвах», «Помні імя сваё» і інш.

Р.​І.​Баравік.

т. 13, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРСА́ВІНА (Тамара Платонаўна) (9.3.1885, С.-Пецярбург — 26.5.1978),

руская артыстка балета. Сястра Л.П.Карсавіна. Скончыла Пецярбургскае тэатр. вучылішча (1902, педагогі П.Герт, А.Горскі). У 1902—18 у Марыінскім т-ры; у 1909—29 выступала ў Рускіх сезонах і ў Рускім балеце Дзягілева. З 1918 у Лондане. У 1929—31 у трупе «Бале Рамбер». У 1930—55 віцэ-прэзідэнт Каралеўскай акадэміі танца (Вялікабрытанія). Яе творчасці ўласцівы эмацыянальнасць, вытанчанасць, прыгажосць поз і рухаў. Пастаянная партнёрка і паплечніца наватарскіх пошукаў М.Фокіна. Выступала ў дуэце з В.Ніжынскім. Сярод партый: Дзяўчына («Прывід ружы» на муз. К.​Вебера), Балерына, Жар-птушка («Пятрушка», «Жар-птушка» І.​Стравінскага), Шамаханская царыца («Залаты пеўнік» на муз. М.​Рымскага-Корсакава), 11-ы вальс («Шапэніяна» на муз. Ф.​Шапэна), Жызэль («Жызэль» А.​Адана), Адэта—Адылія, Маша, Аўрора («Лебядзінае возера», «Шчаўкунок», «Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага), Раймонда («Раймонда» А.​Глазунова), Фея лялек («Фея лялек» І.​Баера), Кітры, Нікія («Дон Кіхот», «Баядэрка» Л.​Мінкуса), Каламбіна («Арлекірада» Р.​Дрыга). Распрацоўвала новыя спосабы запісу танца. Аўтар артыкулаў, мемуараў, метадычнага дапаможніка па класічным танцы.

Тв.:

Рус. пер. — Театральная улица. Л., 1971.

Літ.:

Светлов В. Т.​П.​Карсавина // Русский балет. СПб., 1913;

Красовская В. Русский балетный театр начала XX в. [Ч.] 2. Танцовщики. Л., 1972.

Т.Карсавіна ў балеце «Шапэніяна». Мастак С.​Сорын.

т. 8, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЧА́НАЎ (Павел Сцяпанавіч) (14.3. 1902, в. Івольск Буда-Кашалёўскага р-на Гомельскай вобл. — 24.2.1977),

бел. акцёр, рэжысёр. Нар. арт. Беларусі (1940). Нар. арт. СССР (1948). Скончыў Бел. драм. студыю ў Маскве (1926). Працаваў у бел. т-рах імя Я.​Коласа (1926—51, з перапынкамі, з 1946 маст. кіраўнік), Бел. ТРАМе, на кінастудыі «Савецкая Беларусь» (1930—35). З 1952 у Бел. т-ры імя Я.​Купалы. Акцёр шырокага творчага дыяпазону, дасканала валодаў майстэрствам пераўвасаблення. Яго творчасць адметная спалучэннем прастаты, чалавечнасці з моцным тэмпераментам. Стварыў яркія нар. характары, вобразы простых людзей, трагічных і драм. герояў: Кутас («Прымакі» Я.​Купалы), ураднік Шышла, Дарвідошка («Вайна вайне», «У пушчах Палесся» Я.​Коласа), Караневіч («Проба агнём» К.​Крапівы), Калібераў, Глуздакоў («Выбачайце, калі ласка!», «Лявоніха на арбіце» А.​Макаёнка), Сорын, Вяршынін («Чайка», «Тры сястры» А.​Чэхава), Бобчынскі («Рэвізор» М.​Гогаля), Фёдар Пратасаў («Жывы труп» Л.​Талстога), Пярчыхін, Лука («Мяшчане», «На дне» М.​Горкага), Гамлет («Гамлет» У.​Шэкспіра), Освальд, доктар Ранк («Здані», «Нора» Г.​Ібсена), Віктор Чэрмлені («Гульня з кошкай» І.​Эркеня). Паставіў спектаклі: у Бел. ТРАМе — «Арыстакраты» М.​Пагодзіна (1935, разам з Г.​Ферманам); у т-ры імя Я.​Коласа — «Вечар беларускіх вадэвіляў» («Пінская шляхта» В.​Дуніна-Марцінкевіча, «Паўлінка» і «Прымакі» Я.​Купалы; 1936), «Пагібель воўка» Э.​Самуйлёнка (1939), «Хлопец з нашага горада» (1941) і «Рускае пытанне» (1947) К.​Сіманава; у т-ры імя Я.​Купалы — «Патрабуецца лгун» Дз.​Пратасава (1965), «Адкуль грэх?» А.​Петрашкевіча (1969); у Бел. т-ры юнага гледача — «Хлапчыш-Кібальчыш» паводле А.​Гайдара (1963), «Даманевідзімка» П.​Кальдэрона (1964); а таксама фільм «Палескія рабінзоны» (1934, з І.​Бахарам). Пра М. створаны хранікальна-дакумент. фільм «Дзесяць хвілін з Паўлам Малчанавым» (1969). Аўтар успамінаў «Тэатр — жыццё маё» (1984). Дзярж. прэмія СССР 1946.

Літ.:

Няфёд У. Народны артыст СССР П.С. Малчанаў. Мн., 1958.

У.​І.​Няфёд.

П.С.Малчанаў.
П.Малчанаў у ролі ўрадніка Шышлы.

т. 10, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)