соладавы цукар

т. 15, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЬТО́ЗА (ад англ. malt солад),

соладавы цукар, прыродны дыцукрыд, малекула якога складаецца з двух астаткаў глюкозы. Асн. структурны элемент глікагену і крухмалу. У свабодным стане прысутнічае ў прарослым зерні (соладзе) злакаў, памідорах, пылку і нектары некат. раслін. Добра раствараецца ў вадзе, салодкага смаку; з’яўляецца адноўленым цукрам (мае незамешчаную паўацэтальную гідраксільную групу). У жывёльных і расл. арганізмах утвараецца пры ферментатыўным расшчапленні крухмалу і глікагену. Выкарыстоўваецца ў мікрабіялогіі для прыгатавання пажыўных асяроддзяў.

т. 10, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІГАЦУКРЫ́ДЫ,

вугляводы, у малекулах якіх ад 2 да 10 монацукрыдных астаткаў, злучаных паміж сабой т.зв. гліказіднай сувяззю. Займаюць прамежкавае становішча паміж монацукрыдамі і поліцукрыдамі. Паводле ступені палімерызацыі падзяляюцца на ды-, тры-, тэтрацукрыды і г.д. У свабодным стане пашыраны ў жывых арганізмах, фрагменты ўваходзяць у склад прыродных глікаліпідаў, флаваноідаў, алкалоідаў, сапанінаў, некаторых антыбіётыкаў і інш. Найважнейшыя алігацукрыды — цукроза (трысняговы цукар), мальтоза (соладавы цукар), лактоза (малочны цукар). З інш. прыродных алігацукрыдаў найб. вядомы рафіноза (у цукр. бураках і інш. вышэйшых раслінах), мелецытоза (у соку хвойных дрэў), трэгалоза (гал. цукар гемалімфы многіх насякомых), цэлабіёза (асн. структурная адзінка цэлюлозы).

Атрымліваюць алігацукрыды ферментатыўным або частковым кіслотным гідролізам поліцукрыдаў; шэраг аналагаў сінтэзаваны штучна. Маюць важнае значэнне ў харчаванні чалавека (асабліва цукроза і лактоза). Зрэдку бывае непераноснасць арганізмам асобных відаў алігацукрыдаў, што абумоўлена прыроджанай адсутнасцю ў кішачным соку ферментаў, якія расшчапляюць алігацукрыды на монацукрыды (суправаджаецца захворваннямі, часам гібеллю арганізма).

т. 1, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́ВА,

слабаалкагольны пеністы напітак з хмелевай гаркавасцю, які вырабляюць шляхам спіртавога браджэння піўнога сусла. Асн. сыравіна — ячменны піваварны солад (светлы, цёмны, карамельны, палены і інш.), хмель, вада, дрожджы. Для некат. гатункаў П. солад часткова замяняюць рысавай, кукурузнай ці ячменнай мукой, цукрам. П. мае ў сабе 5—7% алкаголю, 0,3—0,4% вуглекіслаты, 4—10% лёгказасваяльных вугляводаў, амінакіслоты, вітаміны, дубільныя і мінер. рэчывы і інш. Вызначаецца высокай каларыйнасцю (100 г — 1470—1890 кДж).

Асн. этапы піваварэння: прыгатаванне соладу, атрыманне піўнога сусла, браджэнне і выспяванне сусла, фільтраванне і разліў П. Для атрымання соладу ячмень замочваюць і прарошчваюць, у зернях адбываюцца складаныя біяхім. працэсы, узмацняецца ферментатыўная актыўнасць, утвараюцца прадукты гідролізу бялкоў, крухмалу, назапашваюцца араматычныя і смакавыя рэчывы. Зялёны солад высушваюць (у залежнасці ад т-ры і працягласці сушкі атрымліваюць цёмны ці светлы солад) і адбіваюць расткі. Гатовы сухі солад мае салодкі смак і характэрны пах. Для атрымання экстракту (піўнога сусла) солад здрабняюць, заціраюць з вадой, фільтруюць, вараць з хмелем, асвятляюць, астуджваюць. Піўное сусла зброджваюць спец. расамі дражджэй у брадзільных чанах 7—8 дзён. Даброджванне (вытрымка) зялёнага піва адбываецца ў зачыненых чанах пад ціскам вуглякіслага газу ў 0,5—0,7 атм, пры т-ры 0—2 °C 11—100 дзён. Гатовае П. фільтруюць і разліваюць.

Светлае П. вырабляюць з светлага соладу, яно мае пэўныя хмелевыя гаркавасць і пах. Цёмнае П. гатуюць з цёмнага соладу, для яго характэрна сярэдняя хмелевая гаркавасць і соладавы смак. На Беларусі вырабляюць светлыя гатункі П. («Лёгкае», «Крыніца», «Люкс», «Лідскае», «Народнае», «Світанак» і інш.) і цёмныя («Леў», «Портэр», «Спадчына», «Старажытнае», «Траецкае», «Чорны прынц» і інш.) Гл. таксама Піваварная прамысловасць.

Н.​М.​Котава.

т. 12, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)