Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́ВА,
слабаалкагольны пеністы напітак з хмелевай гаркавасцю, які вырабляюць шляхам спіртавога браджэння піўнога сусла. Асн. сыравіна — ячменны піваварны солад (светлы, цёмны, карамельны, палены і інш.), хмель, вада, дрожджы. Для некат. гатункаў П. солад часткова замяняюць рысавай, кукурузнай ці ячменнай мукой, цукрам. П. мае ў сабе 5—7% алкаголю, 0,3—0,4% вуглекіслаты, 4—10% лёгказасваяльных вугляводаў, амінакіслоты, вітаміны, дубільныя і мінер. рэчывы і інш. Вызначаецца высокай каларыйнасцю (100 г — 1470—1890 кДж).
Асн. этапы піваварэння: прыгатаванне соладу, атрыманне піўнога сусла, браджэнне і выспяванне сусла, фільтраванне і разліў П. Для атрымання соладу ячмень замочваюць і прарошчваюць, у зернях адбываюцца складаныя біяхім. працэсы, узмацняецца ферментатыўная актыўнасць, утвараюцца прадукты гідролізу бялкоў, крухмалу, назапашваюцца араматычныя і смакавыя рэчывы. Зялёны солад высушваюць (у залежнасці ад т-ры і працягласці сушкі атрымліваюць цёмны ці светлы солад) і адбіваюць расткі. Гатовы сухі солад мае салодкі смак і характэрны пах. Для атрымання экстракту (піўнога сусла) солад здрабняюць, заціраюць з вадой, фільтруюць, вараць з хмелем, асвятляюць, астуджваюць. Піўное сусла зброджваюць спец. расамі дражджэй у брадзільных чанах 7—8 дзён. Даброджванне (вытрымка) зялёнага піва адбываецца ў зачыненых чанах пад ціскам вуглякіслага газу ў 0,5—0,7 атм, пры т-ры 0—2 °C 11—100 дзён. Гатовае П. фільтруюць і разліваюць.
Светлае П. вырабляюць з светлага соладу, яно мае пэўныя хмелевыя гаркавасць і пах. Цёмнае П. гатуюць з цёмнага соладу, для яго характэрна сярэдняя хмелевая гаркавасць і соладавы смак. На Беларусі вырабляюць светлыя гатункі П. («Лёгкае», «Крыніца», «Люкс», «Лідскае», «Народнае», «Світанак» і інш.) і цёмныя («Леў», «Портэр», «Спадчына», «Старажытнае», «Траецкае», «Чорны прынц» і інш.) Гл. таксама Піваварная прамысловасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЬТО́ЗА (ад англ. malt солад),
соладавы цукар, прыродны дыцукрыд, малекула якога складаецца з двух астаткаў глюкозы. Асн. структурны элемент глікагену і крухмалу. У свабодным стане прысутнічае ў прарослым зерні (соладзе) злакаў, памідорах, пылку і нектары некат. раслін. Добра раствараецца ў вадзе, салодкага смаку; з’яўляецца адноўленым цукрам (мае незамешчаную паўацэтальную гідраксільную групу). У жывёльных і расл. арганізмах утвараецца пры ферментатыўным расшчапленні крухмалу і глікагену. Выкарыстоўваецца ў мікрабіялогіі для прыгатавання пажыўных асяроддзяў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́ХАВІЦКІ РАЁН Размешчаны на У Мінскай вобл. Утвораны 17.7.1924. Пл. 2,5 тыс.км². Нас. 76,8 тыс.чал. (2000), гарадскога 43,6%. Сярэдняя шчыльн. 31 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Мар ’іна Горка. Уключае г.п.Рудзенск і Свіслач, р.п.Праўдзінскі, 304 сельскія населеныя пункты, Праўдзінскі, Рудзенскі і Свіслацкі пасялковыя Саветы, 21 сельсавет: Ананіцкі, Блонскі, Блужскі, Вецярэвіцкі, Вузлянскі, Гарэлецкі, Голацкі, Дрычынскі, Дубраўскі, Дукорскі, Навапольскі, Навасёлкаўскі, Пухавіцкі, Пярэжырскі, Селецкі, Суцінскі, Сяргеевіцкі, Талькаўскі, Турынскі, Чырвонакастрычніцкі, Шацкі.
Тэр. раёна ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Паверхня пласкахвалістая, 90% яе на выш. 160—200 м, 7% — вышэй за 200 м. Найвыш. пункт 236 м (на Пд ад в. Сяргеевічы). Карысныя выкапні: торф, сапрапель. пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, гліны і суглінкі. Сярэдняя т-растудз. -6,9 °C, ліп 17,9 °C. Ападкаў 592 мм за год. Вегетац. перыяд 188 сут. Найб. рэкі Свіслач з прытокамі Волма, Цітаўка, Талька; Пціч з прытокам Шаць. Азёры Сяргееўскае і Мацярынскае. Меліярац. каналы Дрычынскі, Мацеевіцкі і інш. Пераважаюць глебы с.-r. угоддзяў: дзярнова-падзолістыя забалочаныя (33%), дзярнова-падзолістыя (31,8%), тарфяна-балотныя (23,8%). Пад лесам 39,9% тэр. раёна. Лясы пераважна хваёвыя, бярозавыя, чорнаальховыя, яловыя; трапляюцца асінавыя, дубовыя, грабавыя, ясянёвыя, ліпавыя і інш.Найб. лясістасць на Пд. Пад балотамі 4,4% тэрыторыі. Найб. балотныя масівы Суціна, Арэхаўскі Мох, Кляцішынскае. На тэр. раёна біял. заказнікі рэсп. значэння: Копыш, Мацеевіцкае, Амяльнянскі; мясц. значэння — Вецярэвіцкі. Ахоўныя тарфянікі: Ананічы, Падгаць, Турэц. Помнік прыроды рэсп. значэння — хвоя кедравая еўрапейская ў г. Мар’іна Горка; мясц. значэння — сядзібна-паркавы ансамбль у г. Мар’іна Горка, гіст.-культурны ландшафт у в. Дудзічы.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 112,2 тыс.га, з іх асушаных каля 38 тыс.га. На 1.1.2000 у раёне 22 калгасы, 6 саўгасаў, 36 фермерскіх гаспадарак, птушкафабрыка, міжгасп. аб’яднанне «Ананічы», аграфірма «Верасень». Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, вырошчванні збожжа, бульбы, лёну. Прадпрыемствы харч. (хлеб, цэльнамалочныя прадукты, марожанае, камбікорм, прэміксы, солад, вырабы з бульбы, сухое бульбяное пюрэ, пладаягадныя віны), першаснай апрацоўкі лёну (ільновалакно), паліўнай (тарфяны брыкет), кааператыўнай (хлеба-булачныя і каўбасныя вырабы) прам-сці; вытв-сць цюбінгаў для метрапалітэна, вырабаў з пластмас, тэхн. маслаў і змазак, кардону. Лясгас. Па тэр. раёна праходзяць чыг. Мінск—Гомель, аўтадарогі: Мінск—Гомель, ад г. Мар’іна Горка на Чэрвень, Негарэлае, Старыя Дарогі. У раёне 31 сярэдняя школа, у т. л. 4 школы-садкі, 7 базавых, 4 пач. школы, школа-гімназія, 3 школы мастацтваў, 4 муз. школы, дапаможная школа-інтэрнат, ПТВ, аграрна-тэхн. каледж (гл.Мар’інагорскі сельскагаспадарчы тэхнікум), 28 дашкольных устаноў, 37 клубаў, 45 б-к, 8 бальніц, паліклініка, 5 амбулаторый, 29 фельч.-ак. пунктаў, абласны дзіцячы санаторый «Пухавічы», санаторыі-прафілакторыі «Талька», «Індустрыя». Раённы краязнаўчы музей у в. Блонь і яго філіялы ў г. Мар’іна Горка, вёсках Блужа і Гарэлец; музей матэрыяльнай культуры «Дудуткі» у в. Дудзічы. Помнікі архітэктуры: сядзіба (2-я пал. 19 ст.) і Свята-Троіцкая царква (1826) у в. Блонь, сядзіба (19 ст.) у в. Дукора, царква Іаана Прадцечы (сярэдзіна 19 ст.) у в. Скрыльская Слабада. Выдаецца газ. «Пухавіцкія навіны».